Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ціханоўская — абраны прэзыдэнт? Гэта падвышэньне палітычных ставак», — палітоляг Казакевіч


Сьвятлана Ціханоўская зь візытам у Эстоніі.
Сьвятлана Ціханоўская зь візытам у Эстоніі.

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч разважае, ці прызнаюць Ціханоўскую «абранай прэзыдэнткай» заходнія краіны, і адказвае на пытаньне, што можа зьмяніцца ў выпадку ўступленьня Беларусі ў вайну.

Сьцісла:

  • На Захадзе ўжо ня думаюць пра тое, каб наладзіць адносіны з Лукашэнкам (а такая інэрцыя была заўважная яшчэ ў 2020 і нават у 2021 гадах).
  • Паўнамоцтвы зьяўляюцца пасьля таго, як абраны прэзыдэнт прыносіць прысягу і заяўляе, што прымае гэтыя паўнамоцтвы.
  • Наўрад ці гэта было разьлічана на ўнутрыпалітычную рэакцыю, як адказ на радыкалізацыю пэўнай часткі грамадзтва.


— Што можа зьмяніцца пасьля таго, як Сьвятлана Ціханоўская назвала сябе абраным прэзыдэнтам Беларусі? Якіх канкрэтных зьменаў у стаўленьні да офіса Сьвятланы Ціханоўскай з боку заходніх краінаў варта чакаць?

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

— Рабіць высновы ранавата, трэба пачакаць, наколькі ўстойліва будзе выкарыстоўвацца Сьвятланай Ціханоўскай гэтае вызначэньне — «абраны прэзыдэнт». Калі гэта будзе замацавана, то можна будзе рабіць пэўныя высновы.

Якія? Перш за ўсё гэта падвышэньне палітычных ставак камандай Ціханоўскай. Зьвязана гэта найперш з тым, што ізаляцыя Лукашэнкі з боку Захаду павялічваецца, і на Захадзе ўжо ня думаюць пра тое, каб наладзіць адносіны з Лукашэнкам (а такая інэрцыя была заўважная яшчэ ў 2020 і нават у 2021 гадах). На тле ўзмацненьня рэпрэсій і суагрэсіі рэжыму Лукашэнкі ў вайне ўсё большая ўвага будзе зьвяртацца на альтэрнатыўныя сілы, якія Захад разглядае як партнэраў для падтрымкі, супрацоўніцтва, экспэртызы. Тут сваё месца займае пераходны кабінэт, які пакуль нельга назваць сапраўдным урадам у выгнаньні, але які ўжо пераймае гэты функцыянал. І гэта ўжо зусім іншая палітычная амбіцыя ў пляне стварэньня паралельных палітычных структураў.

— Ці можна ў гэтай тэндэнцыі пабачыць імкненьне падштурхнуць Захад да больш актыўных дзеяньняў? Ціханоўская ў сваім артыкуле называе Лукашэнку крымінальнікам, які захапіў уладу, і заклікае ставіцца да яго адпаведна. Ці можна чакаць, што некаторыя дзяржавы будуць прымаць Ціханоўскую менавіта ў статусе абранага прэзыдэнта — і гэта, адпаведна, будзе выклікаць нэрвовую рэакцыю Менску, магчыма, разрыў дыпляматычных адносін?

— Не, я думаю, менавіта да гэтага пакуль далёка. Абраны прэзыдэнт — гэта чалавек, які быў абраны, але не ўступіў у паўнамоцтвы. Паўнамоцтвы зьяўляюцца пасьля таго, як абраны прэзыдэнт прыносіць прысягу і заяўляе, што прымае гэтыя паўнамоцтвы. Гэтага не было, так што зараз зроблена толькі паўкроку да таго, каб былі падставы замежным дзяржавам прызнаваць Ціханоўскую як абранага прэзыдэнта.

Пакуль што, мне падаецца, размова ідзе пра тое, каб павялічыць сваю мэдыйную легітымнасьць, каб чарговы раз нагадаць, што была перамога на выбарах, што Лукашэнка прайграў. Але ці ідзе размова пра рэальнае жаданьне ўступіць у гэтыя паўнамоцтвы — пакуль пра гэта цяжка казаць.

— Але, магчыма, гэтыя дзеяньні офісу Ціханоўскай накіраваныя на будучыню, на той цалкам магчымы варыянт, калі менскі рэжым будзе прымушаны ўступіць у вайну супраць Украіны сваімі войскамі. І тады яе статус як абранага прэзыдэнта зьменіцца і будзе адпавядаць сытуацыі вайны?

— Гэтага нельга выключаць, і гэта сапраўды можа стаць наступным этапам, калі сытуацыя ў рэгіёне яшчэ больш абвострыцца. Калі ж адштурхоўвацца ад цяперашніх рэаліяў, то максымум некалькі краінаў нашага рэгіёну могуць прызнаць яе ў такой ролі. Ну, а ў выпадку радыкальнай ваеннай эскаляцыі, магчыма, гэта і стане асноўным трэндам. Аднак не зусім зразумела, што гэта можа прынесьці ў практычным пляне.

— Ці лічыце вы, што гэтая заява стала пэўным адказам на патрабаваньні актыўнай часткі беларускага грамадзтва, якая чакае нейкіх больш актыўных крокаў ад Ціханоўскай?

— Я, шчыра кажучы, лічу, што гэтая заява больш накіраваная на заходнюю публіку, а не на беларускую. Наўрад ці яна была разьлічана на ўнутрыпалітычную рэакцыю, як адказ на радыкалізацыю пэўнай часткі грамадзтва. Усё ж асноўнай аўдыторыяй былі заходнія палітыкі і заходняя грамадзкая думка. Зараз узмацненьне пазыцыяў будзе больш заўважным для тых, хто займаецца беларускай тэмай на Захадзе.

— Вы на пачатку інтэрвію казалі, што рана рабіць высновы, маўляў, трэба пачакаць, ці стане гэтае вызначэньне — абраны прэзыдэнт — устойлівым. Аднак хіба ёсьць магчымасьць «адкруціць назад»? Калі такая заява ўжо зроблена, то далей трэба праводзіць і наступныя крокі — інаўгурацыю і гэтак далей?

— Я думаю, што заява ў артыкуле, які зьявіўся ў адным выданьні, — гэта яшчэ ня тое, што нельга адкаціць назад. Могуць ужывацца паралельна і іншыя вызначэньні, можна балянсаваць паміж імі. Калі б было абвешчана нейкае рашэньне праз пэўную працэдуру, то «адкаціць» такое было б ужо цяжэй. Пакуль жа гэта толькі заява ў артыкуле, якая не падмацаваная нейкімі канкрэтнымі дзеяньнямі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG