Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Таліне, 2022 год
Уплывовае інтэрнэт-выданьне «Politico» апублікавала артыкул Сьвятланы Ціханоўскай, у якім яна ўпершыню публічна назвала сябе «выбранай прэзыдэнткай Беларусі»
«Захад павінен перастаць успрымаць Лукашэнку як прэзыдэнта. Ён незаконна захапіў уладу і павінен быць прыцягнуты да адказнасьці». — піша Ціханоўская.
Паводле яе, Лукашэнка ўнутры краіны вельмі непапулярны, яго падтрымліваюць ня больш за 25 працэнтаў насельніцтва, у асноўным пэнсіянэры, прарасейскія чыноўнікі і супрацоўнікі спэцслужбаў.
«Я перамагла Лукашэнку на ўсеагульных выбарах 2020 году, пакуль ён ня скраў перамогу з дапамогай КДБ, сілавікоў і Пуціна», — працягвае Ціханоўская.
Палітык нагадала, што на мінулым тыдні Рада Эўропы «зрабіла беспрэцэдэнтны крок, фармалізаваўшы супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і адхіліўшы прадстаўнікоў рэжыму».
«Гэта добрая мадэль для іншых міжнародных арганізацыяў — працы з часткамі беларускага грамадзтва, зьвязанымі з Эўропай і Ўкраінай. У жніўні я таксама стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт міністраў Беларусі, каб абʼяднаць асноўныя палітычныя групы. Мы вырашылі не чакаць, пакуль абрынуцца рэжымы Лукашэнкі ці Пуціна, а падрыхтаваць Беларусь загадзя. І гэты кабінэт будзе працаваць як пераходны ўрад да новых выбараў. Я прэзыдэнт-элект Беларусі. Я змагаюся за сваю краіну ў выгнаньні», — напісала Ціханоўская.
Раней палітык прытрымлівалася нэўтральных фармулёвак, кажучы пра свой статус, і адмаўлялася праводзіць інаўгурацыю. Яна называла сябе пераважна нацыянальнай лідэркай Беларусі. Прэзыдэнтам-электам або выбраным прэзыдэнтам называюць палітыка, які перамог у прэзыдэнцкіх выбарах, але не ўступіў афіцыйна на пасаду.
Паводле ЦВК Беларусі, на выбарах 2020 году Аляксандар Лукашэнка набраў 80,1% галасоў, а Сьвятлана Ціханоўская — 10,1%. Незалежныя назіральнікі заявілі ў жніўні пра шматлікія фальсыфікацыі, якія не дазваляюць прызнаць выбары адкрытымі і дэмакратычнымі. Плятформа «Голас», дзе зарэгістраваліся больш як 1,24 млн чалавек, пасьля праверкі 500 тысяч сфатаграфаваных бюлетэняў абвясьціла, што знайшла амаль 300 выбарчых участкаў, дзе вынікі галасаваньня сфальсыфікавалі. На многіх участках, дзе за падлікам сачылі назіральнікі, Ціханоўская значна абагнала Лукашэнку.