Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 11 лістапада: 69-гадовай палітзьняволенай выклікалі «хуткую» на суд; прысуды па «справе фонду „Страна для жизни“»


Эма Сьцепулёнак
Эма Сьцепулёнак

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

Палітзьняволенай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры зь Мёраў Эме Сьцепулёнак 10 лістапада выклікалі хуткую дапамогу на суд, паведамляюць праваабаронцы.

69-гадовай жанчыне стала дрэнна падчас паседжаньня — у яе падняўся ціск.

Справу Эмы Сцепулёнак пачалі разглядаць 10 лістапада ў судзе Мёрскага раёну. Сёньня другое судовае паседжаньне. Эму абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады).

Пэнсіянэрку трымалі за кратамі амаль год. Яе затрымалі 29 верасьня 2021 году за камэнтар у сацсетках па «справе Зельцара». У сярэдзіне верасьня меру стрыманьня зьмянілі і перавялі жанчыну на хатні арышт.

У Менску сілавікі затрымалі 4 супрацоўнікаў СТА, якая прапаноўвала бясплатны рамонт пацярпелым ад рэпрэсій

Сілавікі затрымалі чатырох супрацоўнікаў менскай СТА «Саня поможет», дырэктар якой у 2020 годзе прапаноўваў бясплатны рамонт уладальнікам аўтамабіляў, што пацярпелі «ад рук нядобрых людзей». Пра гэта паведаміў праўладны тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў.

На «пакаяльным» відэа дырэктар СТА кажа, што прапаноўваў дапамогу пацярпелым ад міліцыянтаў у 2020 годзе і што ўдзельнічаў у пратэстах. Іншы супрацоўнік СТА кажа, што хадзіў на мітынгі і быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

«У дачыненьні да ўладальніка і яшчэ двух работнікаў заведзеныя крымінальныя справы за экстрэмізм, а яшчэ адзін датычны да пэдафіліі», — заяўляе праўладны тэлеграм-канал.

На інстаграм СТА «Саня поможет» падпісаныя больш за 13 тысяч чалавек.

У Чачэрску затрымалі мужчыну, які вярнуўся з Польшчы. Сілавікі забралі яго з кватэры ў адной бялізьне

Сілавікі затрымалі жыхара Чачэрску Сяргея Рудзянкова. Інфармацыя пра затрыманьне зьявілася ў гомельскім неафіцыйным канале ГУБАЗіК, заўважыла «Зеркало».

Сяргей Рудзянкоў толькі нядаўна прыехаў дадому з Польшчы, дзе працуе электрыкам. Яго затрымлівалі ў ягонай кватэры некалькі ўзброеных байцоў АМАП у поўнай экіпіроўцы. Калі яны ўварваліся, гаспадар яшчэ спаў. Яго вывелі з кватэры і павезьлі ў міліцыю ў адной ніжняй бялізьне.

Сілавікі называюць Рудзянкова «прадстаўніком сэкты нэапаганцаў» і сьцьвярджаюць, што ён абражаў Лукашэнку, міліцыянтаў, распальваў варожасьць, быў датычны да розных «тэрарыстычных фармаваньняў» і экстрэмісцкай дзейнасьці.

Сам Сяргей у «пакаяльным» відэа кажа, што затрыманы за падпіскі на «дэструктыўныя каналы». Паводле яго, ён спрабаваў праз тэлеграм-каналы знайсьці адваката для абскарджаньня штрафаў па ч. 1 і 3 арт. 23.34 (маецца на ўвазе 24.23 КаАП) аб несанкцыянаваным пікетаваньні, але абскардзіць рашэньне суду не атрымалася.

Па словах сілавікоў, у дачыненьні да Рудзянкова завялі крымінальныя справы па арт. 130 (Распальваньне варожасьці), 368 (Абраза Лукашэнкі), 361-1 (Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні), 361-4 (Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) Крымінальнага кодэксу, а таксама склалі на яго адміністрацыйны пратакол за распаўсюджваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» па ч. 19.11 КаАП.

Фігуранту «справы АГСБ» Дзьмітрыю Сасноўскаму прадʼявілі больш жорсткае абвінавачаньне

Адзін з артыкулаў абвінавачаньня перакваліфікавалі з «падрыхтоўкі тэракту» на «тэракт» — гэта тычыцца нібыта замаху на прапагандыста Рыгора Азаронка.

Новае абвінавачаньне пракурор зачытваў больш за гадзіну. Падсудны віну, як і раней, не прызнаў і папрасіў выклікаць у суд Азаронка, піша «Вясна».

У судзе абвясьцілі перапынак да 22 лістапада.


У Менску на 12 гадоў калёніі ў закрытым рэжыме асудзілі 27-гадовага віцябляніна

У Менскім гарадзкім судзе вынесьлі жорсткі прысуд 27-гадоваму Вадзіму Васільеву зь Віцебску — 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў). Хлопца асудзілі па шасьці артыкулах Крымінальнага кодэксу нібыта за адміністраваньне тэлеграм-каналаў «Віцебск 97%» і «Орша 97%», паведамляе «Вясна».

Падрабязнасьці справы невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме амаль месяц. Такі прысуд вынесла судзьдзя Тацяна Фалькоўская.

Хлопца затрымалі напрыканцы траўня 2022 году. На «пакаяльным» відэа Вадзім казаў, што быў адміністратарам чатаў і каналаў «Віцебск 97%» і «Орша 97%» у жніўні 2020 году.

8 і 1,5 года калёніі: вынесьлі прысуды па «справе фонду „Страна для жизни“»

У Менскім гарадзкім судзе абвясьцілі прысуды па «справе фонду «Страна для жизни»». Па ёй праходзілі тры валянтэры фонду — палітзьняволены Антон Сташэўскі, Юлія Сырых, Тацяна Астроўская, а таксама Марына Дуброўская.

Зь іх толькі Антон утрымліваўся пад вартай, Юлія і Тацяна пасьля амаль гадавога зьняволеньня пакінулі Беларусь, а Марына была пад хатнім арыштам.

Антона судзілі паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), а Марыну — паводле ч. 2 арт. 342 КК (навучаньне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама іх фінансаваньне або іншае матэрыяльнае забесьпячэньне).

Судзьдзя Дзіна Кучук прызначыла Сташэўскаму 8 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму, а Дуброўскай — 1,5 года калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, яе арыштавалі ў залі суду. Валянтэр фонду віны не прызнаў, паведамляе «Вясна».

Вольгу Брыцікаву зноў арыштавалі за малюнак «Не — вайне», за які яна ўжо адбыла «суткі»

11 лістапада над старшынёй незалежнага прафсаюзу «Нафтан» Вольгай Брыцікавай адбыўся чарговы суд па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне), паведамляюць праваабаронцы. Падставай для пратаколу стаў малюнак «Не — вайне» на яе старонцы ў фэйсбуку, за які яна адбыла арышт некалькі месяцаў таму. Але судзьдзя Зінаіда Балаболава зноў прызнала Вольгу вінаватай і асудзіла яе на 15 сутак арышту.

Вольга абвясьціла галадоўку з 8 лістапада. Пра гэта яна паведаміла начальніку ІЧУ, склаўшы адпаведную заяву на яго імя. Прычынай такога ўчынку стала парушэньне яе правоў, а таксама адмова супрацоўнікаў ізалятара перадаваць ёй перадачы ад сваякоў.

Актывістку з 27 лютага ўтрымлівалі за кратамі (75 сутак). Над ёй прайшлі пяць судоў, і кожны раз судзьдзя Балаболава арыштоўвала Вольгу на 15 сутак.

Актывістку з Менску прысудзілі да пяці гадоў калёніі

Менскі гарадзкі суд разгледзеў справу грамадзкай актывісткі і палітвязьня Анастасіі Кухты. Судзьдзя Валянціна Зянкевіч 11 лістапада абвясьціла прысуд: пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

«Вясна» паведамляе, што актывістку прызналі вінаватай па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 342 (Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак); ч. 3 арт. 361 (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 361–1 (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG