Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскіх школах з наступнага году зьявіцца курс пачатковай вайсковай падрыхтоўкі


Урок «Размовы аб важным» у школе ў Калінінградзе
Урок «Размовы аб важным» у школе ў Калінінградзе

У расейскіх школах з наступнага навучальнага году зьявіцца курс пачатковай вайсковай падрыхтоўкі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Міністэрства асьветы РФ Сяргей Краўцоў.

Раней «Известия» са спасылкай на ліст намесьніка міністра абароны Валера Герасімава кіраўніку фракцыі «Справедливая Россия — За правду» Сяргею Міронаву паведамілі, што Мінабароны Расеі падтрымае ўвядзеньне пачатковай вайсковай падрыхтоўкі ў школах і прафтэхвучэльнях. На думку Герасімава, новы прадмет трэба вывучаць на працягу апошніх двух гадоў навучаньня і вылучыць на яго ня менш як 140 гадзін на год.

Міронаў у камэнтары выданьню заявіў, што выкладаць курс пачатковай вайсковай падрыхтоўкі павінны «людзі з баявым вопытам: вэтэраны баявых дзеяньняў, супрацоўнікі сілавых ведамстваў».

«З пачаткам правядзеньня спэцыяльнай ваеннай апэрацыі гэтае пытаньне паўстала асабліва востра. Нават многія добраахвотнікі ня маюць неабходнага вопыту для ўдзелу ў баявых дзеяньнях. Увядзеньне такога прадмета ў школах дасьць магчымасьць правесьці плянамерную падрыхтоўку грамадзян да магчымага супрацьстаяньня з ворагам», — растлумачыў ён.

У гэтым навучальным годзе Мінасьветы РФ увяло ў школах патрыятычны ўрок «Размовы аб важным». У пастанове ведамства сказана, што ўрокі праводзяцца, каб «сфармаваць у школьнікаў любоў да Радзімы, гонар за сваю краіну, патрыятызм». Хоць заняткі не ўваходзяць у школьную праграму, бацькі кажуць, што за адмову ад наведваньня іх дзецям пагражаюць адлічэньнем. Урокі былі ўведзеныя празь некалькі месяцаў пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG