Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі «спэцапэрацыю» ўключылі ў школьную праграму па гісторыі


Урок гісторыі ў расейскай школе
Урок гісторыі ў расейскай школе

Міністэрства адукацыі Расеі ўключыла тэму «спэцапэрацыі ва Ўкраіне» (так у Расеі афіцыйна называюць ваеннае ўварваньне) у школьную праграму ўрокаў гісторыі для вучняў 10-11 клясаў.

З загаду міністэрства вынікае, што пасьля вывучэньня базавага курсу гісторыі школьнікі павінны «разумець значнасьць Расеі ў сусьветных і сацыяльна-эканамічных працэсах», а таксама прычыны і наступствы «распаду СССР, адраджэньня Расейскай Фэдэрацыі як сусьветнай дзяржавы, узьяднаньня Крыма з Расеяй, спэцыяльнай ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне і іншых найважнейшых падзей XX – пачатку XXI стагодзьдзя».

Напярэдадні міністар адукацыі Расеі Сяргей Краўцоў заявіў, што прысьвечаныя тэме вайны ва Ўкраіне ўрокі пад назвай «Размовы аб важным» будуць праходзіць у расейскіх школах на працягу ўсяго навучальнага году. Раней «Альянс настаўнікаў» паведаміў, што з пляну заняткаў прыбралі ўсе згадкі Ўкраіны і расейскага ваеннага ўварваньня на яе тэрыторыю.

«Нехта гаварыў, там СВА выключылі. Нічога ня выключылі, гэта проста мы ўсё, што тычыцца зьместу спэцыяльнай ваеннай апэрацыі, вырашылі не ў адзін урок рабіць, а па ўроках разьмеркаваць на працягу ўсяго навучальнага году», — сказаў Краўцоў.

  • Штотыднёвыя клясныя гадзіны «Гутаркі аб важным» уведзеныя з гэтага навучальнага году для расейскіх школьнікаў з 1-й па 11-ю клясу. На іх школьнікі павінны былі атрымліваць інфармацыю ў тым ліку аб «спэцапэрацыі» ва Ўкраіне. У мэтадычных матэрыялах, апублікаваных Міністэрствам адукацыі Расеі ў жніўні, уварваньне падаецца як «дапамога» расейскаму насельніцтву Ўкраіны, а дзеяньні расейскіх вайскоўцаў — як прыклады подзьвігаў і воінскай доблесьці.
  • «Альянс настаўнікаў» лічыў «Гутаркі аб важным» урокамі прапаганды і заклікаў пэдагогаў і бацькоў байкатаваць іх.
  • 7 верасьня СМІ зьвярнулі ўвагу, што Міністэрства адукацыі Расеі абнавіла мэтадычныя дапаможнікі і матэрыялы да ўроку «Размовы аб важным», які быў прызначаны на 12 верасьня.
  • Згодна з ранейшым плянам, вучням старшых клясаў павінны былі расказваць аб тым, што вайна ва Ўкраіне — гэта «праява сапраўднага патрыятызму», паколькі была пачатая для абароны насельніцтва так званых «ЛНР» і «ДНР», якія нібыта цярпелі «зьдзекі і прыгнёт з боку кіеўскага рэжыму». У абноўленай праграме «праявы сапраўднага патрыятызму» школьнікам прапануюць паказваць праз творчасьць расейскіх і савецкіх пісьменьнікаў.
  • Закон «Аб адукацыі» забараняе пэдагогам і адукацыйным установам «выкарыстоўваць адукацыйную дзейнасьць для палітычнай агітацыі, прымусу навучэнцаў да палітычных, рэлігійных ці іншых перакананьняў».

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG