Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фармаваў станоўчы вобраз Зельцара і нэгатыўны — супрацоўнікаў КДБ». За што судзілі вядомага гомельскага валянтэра


Ільля Міронаў
Ільля Міронаў

Расказваем, за што судзілі валянтэра Ільлю Міронава і паводле якіх артыкулаў спынілі справу.

28 верасьня 2021 году пры перастрэлцы ў Менску загінулі праграміст Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзьмітры Федасюк. На працягу наступных дзён у Беларусі арыштавалі каля 200 чалавек, якія пісалі камэнтары аб перастрэлцы. Пазьней затрыманым давалі турэмныя тэрміны.

Адзін з «камэнтатараў» — вядомы гомельскі валянтэр Ільля Міронаў. Ён атрымаў на судзе паўтара года і ўжо выйшаў на волю. Свабода азнаёмілася з пастановай аб прыцягненьні валянтэра да крымінальнай адказнасьці.

Фота пастановы
Фота пастановы

Распальваньне варожасьці за спачуваньні блізкім

Ільлю Міронава затрымалі ў канцы верасьня 2021 году. Ён на сваёй старонцы ў Facebook напісаў спачуваньні родным забітага Андрэя Зельцара. У дачыненьні да яго былі распачатыя крымінальныя справы паводле артыкулаў 369 КК («Абраза службовай асобы»), 130 («Распальваньне варожасьці») і 361-1 («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Ільля год прабыў у гомельскім СІЗА. Абвінавачаньні ў «абразе службовай асобы» і «распальваньні варожасьці» да суду не дайшлі. Не дайшло да суду і абвінавачваньне ў «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці». З пастаноў вынікае, што органы падазравалі валянтэра ў «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» таму, што ён на сваёй старонцы ў Facebook заклікаў прыносіць яму прадукты і рэчы для перадачы асуджаным у СІЗА.

Праверка паказала, што Міронаў сапраўды перадаваў атрыманае ў СІЗА. Але «зьвестак пра тое, што на тэрыторыі СІЗА існуе экстрэмісцкае фармаваньне зь ліку асоб, якія там утрымліваюцца, не атрымана», пры гэтым «прадукты харчаваньня і сродкі гігіены ня могуць быць выкарыстаныя для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці». У выніку крымінальную справу спынілі «праз адсутнасьць складу злачынства».

Такім чынам, валянтэра судзілі за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». З пастановы аб прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці вынікае, што сваім камэнтаром са спачуваньнем родным забітага Ільля «дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь».

Фота пастановы
Фота пастановы

Фота пастановы
Фота пастановы

Што напісалі ў абвінавачаньні?

Як менавіта сьледчыя ацанілі камэнтар Ільлі «Спачуваю родным і блізкім Андрэя Зельцара»?

З пастановы вынікае, што такім камэнтаром валянтэр «рэалізоўваў злачынны намер і агульную мэту на распаўсюджваньне заведама хлусьлівых зьвестак пра палітычнае, сацыяльнае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішча грамадзян, дзейнасьць дзяржаўных органаў». А таксама «ведаў загадзя і жадаў надыходу наступстваў у выглядзе прычыненьня істотнай шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, дзейнічаў наўмысна, мэтанакіравана з матываў палітычнай і ідэалягічнай варожасьці». Тамсама можна пабачыць і іншыя «злачынствы»:

  • апублікаваў камэнтар аб спачуваньні родным і блізкім Андрэя Зельцара, які 28 верасьня 2021 году застрэліў супрацоўніка КДБ Федасюка Дзьмітрыя і быў зьліквідаваны агнём у адказ;
  • меў агульнадаступную інфармацыю пра абставіны мерапрыемстваў, якія праводзілі супрацоўнікі КДБ, якія ўказваюць на правамернасьць іхных дзеяньняў;
  • дэманстраваў неабмежаванаму колу асоб заведама хлусьлівыя зьвесткі пра адабрэньне і гераізацыю Андрэя Зельцара і зробленага ім злачынства, таксама асуджаў дзеяньні супрацоўнікаў КДБ, паказваючы іх як неправамерныя, для падрыву аўтарытэту КДБ, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь;
  • камэнтар меў сацыяльна-псыхалягічную накіраванасьць, зьвязаную з фармаваньнем станоўчага вобразу Зельцара і нэгатыўнага стаўленьня да супрацоўнікаў КДБ, значыць, распаўсюджваў хлусьлівыя зьвесткі пра палітычнае, сацыяльнае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішча грамадзян;
  • сказіў прававыя падставы дзейнасьці органаў КДБ, «неабгрунтавана прафанаваў» прынцыпы законнасьці, павагі, якімі кіруюцца ў сваёй дзейнасьці супрацоўнікі КДБ;
  • зрабіў нікчэмнымі (у арыгінале «предал ничтожности». — Рэд.) каштоўнасьці і мэты грамадзтва і дзяржавы ў забесьпячэньні правоў і свабод грамадзян.

Такім чынам, вырашылі сьледчыя, Міронаў «зьдзейсьніў злачынства» і «дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь», за што і атрымаў паўтара года зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG