Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Баюся, што да суду магу не працягнуць». Ільля Міронаў даслаў з ізалятару крык адчаю


Ільля Міронаў

Ільлю Міронава, які напісаў больш за 2 з паловай тысячы лістоў салідарнасьці палітвязьням, кінулі за краты 30 верасьня. Імаверная прычына — спачуваньні сям’і Андрэя Зельцара, якія Ільля выказаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.  У зьняволеньні ў яго пагоршылася здароўе.

17 лістапада ягоная маці Валянціна Міронава атрымала ад яго адразу тры лісты.

«Я ўжо даўно не дазваляю сабе плакаць, але тут прарвала. Ня буду выкладваць зьмест гэтых лістоў, але гэта крык адчаю. Яму цяжка псыхалягічна, шмат праблемаў са здароўем, нават нейкія ўколы яму робяць, вялікія праблемы з вачыма», — напісала яна ў фэйсбуку і працытавала фрагмэнт аднаго зь лістоў.

«Пішу толькі табе, а таксама нашаму адвакату. Баюся, што да суду я магу не працягнуць, намагаюся неяк настройвацца, але ўжо праз стан здароўя ні чытаць (кніг тут шмат), ні тым больш адказваць на лісты (атрымліваю па 7-8 лістоў на дзень), таму перадавай усім неабыякавым людзям ад мяне прывітаньне і сардэчныя зычэньні. Спадзяюся, што на зямлі стане яшчэ больш добрых, сумленных, неабыякавых людзей, якія зь яшчэ большымі сіламі пачнуць падтрымліваць адзін аднаго і ўсіх, каму патрэбная дапамога. Я ўсіх вельмі люблю і сумую», — напісаў Ільля Міронаў.

Маці папрасіла працягваць пісаць Ільлю.

Ільля Міронаў ў 2011 годзе ўдзельнічаў у «маўклівых акцыях». Займаўся таксама арганізацыяй канцэртаў. Улетку 2020 году ён вярнуўся з Польшчы, дзе працаваў, і далучыўся да «Гомельскага валянтэрскага руху». Шмат часу Ільля праводзіў пад РАУС і ІЧУ, зьбіраў зьвесткі пра затрыманых, інфармаваў іх сем’і, дапамагаў перадачамі.

Ад пачатку пратэстаў яго некалькі разоў затрымлівалі, увосень ён 30 сутак правёў у ІЧУ. Пасьля вызваленьня пісаў лісты палітвязьням, насіў перадачы ў СІЗА, падтрымліваў сем’і зьняволеных. Агулам Ільля напісаў больш за 2500 лістоў «палітычным», занёс дзясяткі кіляграмаў перадач у ІЧУ і СІЗА.

У ліпені 2021-га яго затрымалі праз падазрэньне ў «акце тэрарызму». Ільля прабыў у ізалятары восем дзён, затым яго выпусьцілі. Пасьля ізалятару валянтэр пакутаваў ад боляў у сьпіне, бо восем начэй спаў на жалезным ложку без матраца і бялізны.

У канцы жніўня Ільля зноў трапіў у ІЧУ — на гэты раз за «пікет». Так судзьдзя трактаваў надпіс «Пишите письма» на футболцы валянтэра.

У сваім фэйсбуку Ільля часта пісаў, што не пакіне Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG