Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«27 чалавек аб’ядналі ў групу, праводзяць экспэртызы». Што цяпер зь беларусамі, затрыманымі за камэнтары па «справе Зельцара»


На маршы памяці Андрэя Зельцара ў Кіеве, 3 кастрычніка 2021
На маршы памяці Андрэя Зельцара ў Кіеве, 3 кастрычніка 2021

Каля 200 беларусаў былі затрыманыя ў апошнія дні верасьня і на пачатку кастрычніка 2021 году за камэнтары ў інтэрнэце па «справе Зельцара». Ужо сем месяцаў людзі ў турме. Вядома пра два прысуды па такіх справах.

2 гады калёніі атрымаў 45-гадовы жыхар Магілёва за «абразу прадстаўніка ўлады» — гаворка ідзе пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка.

2 з паловай гады калёніі атрымаў жыхар Берасьця — таксама за камэнтар у бок супрацоўніка КДБ.

Затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА. У іх ліку і 68-гадовая былая настаўніца Эма Сьцепулёнак, і вядомы валянтэр Ільля Міронаў, які напісаў больш за 2,5 тысячы лістоў палітзьняволеным. Сядзяць у турме шматдзетныя маці і бацькі.

Свабода даведалася пра лёс некаторых абвінавачаных.

«Дагэтуль няма вынікаў экспэртызы»

Сем месяцаў сядзіць у турме жыхар Горадні Аляксандар Курганскі. Ён 15 гадоў працаваў ратавальнікам. Яму пагражае да 12 гадоў турмы за лайк, які ён паставіў пад камэнтаром у адной з сацыяльных сетак. Камэнтар пакінуў іншы чалавек у абмеркаваньні перастрэлкі ў Менску, дзе загінулі праграміст Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ.

Сваякі расказалі Свабодзе, што суду дагэтуль не было, бо не гатовая экспэртыза. Раней гаворка ішла пра лінгвістычную экспэртызу. Верагодна, праводзіцца экспэртыза лайку. «У некаторых іншых з Горадні, якія таксама сядзяць за камэнтары, экспэртызы ўжо гатовыя, толькі судоў пакуль не было», — сказала адна са сваячак былога ратавальніка.

Аляксандру Курганскаму выставілі абвінавачаньне паводле артыкула 369 (абраза службовай асобы) і часткі 3 артыкула 130 (распальваньне варожасьці).

«Яму напісалі: «Калі табе супрацоўніка КДБ не шкада, то і нам ня будзе шкада цябе і тваю сям’ю»

Некалькі дзясяткаў людзей сядзяць за камэнтары па «справе Зельцара» ў гомельскім СІЗА. Ад сваякоў затрыманых Свабода даведалася, што 27 жыхароў Гомля сьледзтва аб’яднала ў групу. Гэта людзі, якія пісалі розныя камэнтары ў розных сацыяльных сетках.

«Але ніякіх сьледчых дзеяньняў цяпер не праходзіць. Людзі проста сядзяць. Сьледчы кажа, што чакаюць вынікаў экспэртыз. Да некаторых сьледчы не прыходзіў ужо шэсьць месяцаў. Сьледчы патлумачыў, што група — таму што адзін бачыў, што пішуць іншыя, і таксама нешта пісаў. Вось група!» — кажа сваячка затрыманага гамельчука.

Яна расказала, што яе сваяк напісаў камэнтар у TikTok пад відэа дзяржаўнага канала ОНТ пра гібель праграміста Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка.

«У сюжэце журналіст назваў забітага праграміста тэрарыстам. Наш сваяк напісаў камэнтар, што ён ня лічыць забітага тэрарыстам, а супрацоўніка КДБ яму не шкада. Тут жа да яго прыйшоў нехта ў камэнтары і напісаў: „Калі табе не шкада супрацоўніка КДБ, то нам ня будзе шкада ні цябе, ні тваю сям’ю“. Потым яго забралі проста з працы. І да цяперашняга часу ён у гомельскім СІЗА. Там сядзяць ня толькі тыя, хто нешта напісаў, камэнтаваў, але нават тыя, хто паставіў кропку пад відэа ў TikTok», — патлумачыла жыхарка Гомля.

Трапіў у гомельскае СІЗА за камэнтары па «справе Зельцара» жыхар абласнога цэнтру, інвалід другой групы Максім Ражкоў. Па ягонай справе сьледзтва яшчэ ня скончанае. Сваякі атрымліваюць ад яго лісты. Максім піша, што хоча дахаты. Яго таксама затрымалі проста на працы — за камэнтар «УКантакце».

Таксама ў гомельскай турме сядзіць ад пачатку кастрычніка валянтэр Ільля Міронаў. Ён напісаў на сваёй старонцы Facebook: «Спачуваю сям’і загінулага Андрэя Зельцара». Гэта стала падставай для затрыманьня і крымінальнай справы.

Перастрэлка паміж супрацоўнікам КДБ Дзьмітрыем Федасюком і супрацоўнікам IT-сфэры Андрэем Зельцарам адбылася 28 верасьня 2021 году ў Менску на вуліцы Якубоўскага. 32-гадовы Андрэй Зельцар застрэліў супрацоўніка спэцслужбы, які з групай сілавікоў гвалтоўна ўварваўся ў ягоную кватэру, выламаўшы дзьверы. Пасьля сілавікі стрэлілі ў Андрэя Зельцара і забілі яго. Грамадзянскую жонку Андрэя Зельцара затрымалі. Імаверна, яна дагэтуль у СІЗА.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG