Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выглядае кіеўская вуліца, якую перайменавалі ў гонар Кастуся Каліноўскага. ФОТА


Вуліца Астраханская, пераназваная ў гонар беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Кіеў, кастрычнік 2022
Вуліца Астраханская, пераназваная ў гонар беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Кіеў, кастрычнік 2022

27 кастрычніка Кіеўская гарадзкая рада ўхваліла рашэньне аб перайменаваньні больш як 40 вуліц, завулкаў і плошчаў, назвы якіх зьвязаныя з Расеяй і савецкім мінулым.

Гэта другая хваля зьмены тапонімаў ва Ўкраіне. Першая адбывалася ў 2014–2016 гадах на выкананьне заканадаўства аб дэкамунізацыі. Цяперашняя адмова ад назваў, зьвязаных з Расеяй, стала наступствам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага. Пад перамейнаваньне трапілі і некалькі вуліц, якія мелі беларускія назвы, бо беларускія ўлады падтрымалі расейскую агрэсію супраць Украіны.

Свабода сабрала ўсё, што вядома пра вуліцу, назва якой ушаноўвае памяць беларускага героя Кастуся Каліноўскага.

Імя Каліноўскага замест назвы ў гонар расейскага горада

Вуліца Кастуся Каліноўскага з 1955 году была Астраханскай. Ёй прысвойвалася назва разам яшчэ з 584 іншымі вуліцамі, якімі прырастала ўкраінская сталіца.

У тым жа рашэньні 1955 году ў Кіеве зьявіліся такія вуліцы зь беларускімі назвамі, як Горадзенская, Полацкая, Мінская, Гомельская, Пінская і правулкі з такімі ж назвамі. Пакуль што гэтыя тапонімы застаюцца на кіеўскай мапе.

На вуліцы Каліноўскага
На вуліцы Каліноўскага

Шыльда з ужо старой назвай
Шыльда з ужо старой назвай

Менш за кілямэтар, стары раён

Вуліца Кастуся Каліноўскага — невялікая, усяго 765 мэтраў. Яе можна хутка прайсьці пешшу. Ніякіх гістарычных помнікаў тут няма.

Вуліца знаходзіцца ў раёне Старой Дарніцы — раён, які мае вельмі шмат так званых «хрушчоўскіх» забудоў. Але адміністрацыйна вуліца падпарадкоўваецца Дняпроўскаму раёну сталіцы. Ён мае сваю адміністрацыю.

Непадалёк ад вуліцы Кастуся Каліноўскага знаходзіцца і вуліца Горадзенская.

На вуліцы два дзясяткі будынкаў

Вуліца Касутся Каліноўскага — як невялікі зялёны аазіс пасярод бэтоннага мэгаполісу. На ёй усяго 25 будынкаў. Усе яны — жылыя, тыя, што ў народзе называюць «хрушчоўкамі». Два такіх будынкі ўжо рэканструявалі. Цяпер ягоны вонкавы выгляд істотна адрозьніваецца ад іншых — на ім зьявіўся трохкутны дах, вонкавае ўцяпленьне і новыя вокны.

На вуліцы шмат дзіцячых і спартовых пляцовак, і ёсьць адзін, так званы, недабуд, які, імаверна, мусіў быць нейкім адміністратыўным будынкам. Будаўніцтва даўно ўжо спынена, і нават адсутнічае пашпарт.

Як дабрацца да вуліцы Каліноўскага

З цэнтру паездка на грамадзкім транспарце зойме каля гадзіны. Спачатку мэтро, а потым любым аўтамабільным гарадзкім транспартам — аўтобусам ці маршруткай.

Якія беларускія назвы ўжо зьніклі ў Кіеве

Першым сваю беларускую назву страціў праспэкт Менскі — цяпер ён называецца Літоўскім. Плошча Герояў Берасьця стала плошчай Чарнабаеўскай — у гонар населенага пункту Чарнабаеўка Херсонскай вобласьці, у якой расейцы стваралі пункты кіраваньня сваімі войскамі і склады з боепрыпасамі, якія сыстэматычна зьнішчалі ўкраінскія войскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG