Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Леніна да Пушкіна. Як Расея сваім ваенным уварваньнем адкрыла шлях дэрусіфікацыі Ўкраіны


Дэмантаж савецкага помніка ў Львове, 2021 год
Дэмантаж савецкага помніка ў Львове, 2021 год

Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, абвяшчаючы аб пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, паабяцаў паказаць украінцам «сапраўдную дэкамунізацыю».

Як сьведчаць дзеяньні расейскага войска ў акупаваных украінскіх гарадах, дэкамунізацыя па-пуцінску палягала ў дэнацыяналізацыі: зьнішчэньні дзяржаўных архіваў палітычных рэпрэсіяў, гістарычнай літаратуры ў бібліятэках і школах, у жорсткім зьнішчэньні на ўсходзе Ўкраіны як удзельнікаў баявых дзеяньняў, так і цывільных — жанчын, дзяцей, журналістаў.

Сымбалямі агрэсіі сталі прастрэлены помнік Тарасу Шаўчэнку ў Барадзянцы Кіеўскай вобласьці і адноўлены помнік Леніну ў Генічаску Херсонскай.

Пашкоджаны помнік тарасу Шаўчэнку ў Барадзянцы, 7 красавіка 2022
Пашкоджаны помнік тарасу Шаўчэнку ў Барадзянцы, 7 красавіка 2022

Але на тэрыторыях Украіны, свабодных ад акупацыі, пачалася хваля дэрусіфікацыі.
Свабода сабрала факты, як Расея справакавала ва Ўкраіне апошні этап распачатай у 2014 годзе дэкамунізацыі, ператварыўшы яе ў суцэльную дэрусіфікацыю.

Пачалі з помнікаў Пушкіну

Першы помнік расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну паставілі ў Кіеве ў 1899 годзе да стагодзьдзя з дня ягонага нараджэньня. У савецкі час украінская сталіца стала лідэрам у колькасьці помнікаў, мэмарыяльных дошак і бюстаў Пушкіну, бо расейскі паэт наведваў Украіну. Сьцьвярджаюць, што Ўкраінай Пушкіну замянілі ссылку ў Сібір.

Апроч Кіева, Пушкін наведваў горад, якія цяпер мае назву Дніпро, быў у Адэсе, у Камянцы Чаркаскай вобласьці, у Крыме. Але геаграфія ўганараваньня ягонага імя помнікамі ва Ўкраіне значна шырэйшая, бо ў савецкі час Пушкін стаў увасабленьнем узорнасьці расейскай літаратуры для «нацыянальных» літаратураў.

Піянэрамі зносу помнікаў Пушкіну сталі заходнія вобласьці Ўкраіны. У Закарпацкай вобласьці ад уганараваньня расейскага паэта адмовіліся Ужгарад і Мукачава. Да іх далучыліся Цярнопальская і Львоўская вобласьці. На чарзе — Жытомір і Кіеў.

Дэпутацкі корпус Кіеўскай гарадзкой рады абвясьціў намер зьнесьці 60 помнікаў, зьвязаных з Расеяй і Савецкім Саюзам — помнікаў Пушкіну, начальніку дывізіі Чырвонай арміі Мікалаю Шчорсу, генэралу савецкай арміі Мікалаю Ватуціну, які кіраваў бітвай за Дняпро ў Кіеве, пісьменьніку Міхаілу Булгакаву, савецкаму лётніку Валерыю Чкалаву, вядомай камсамолцы Зоі Касмадзям’янскай, прыбраць бюст Леніна на станцыі мэтро «Тэатральная», па чатыры мэмарыяльныя дошкі вайсковаму інжынэру Дзьмітрыю Карбышаву і савецкаму военачальніку Піліпу Жмачэнку.

Расейскія войскі адказалі на гэта вяртаньнем помніка Леніну ў акупаваным Генічаску Херсонскай вобласьці. Гэтым на сваёй старонцы ў Facebook пахваліўся адзін зь мясцовых калябарантаў, які пагадзіўся ачоліць «міліцыю» ў акупаваным горадзе.


Адмежавацца ад расейскай спадчыны

Публіцыст і перакладнік Андрэй Паўлішын кажа, што адмова ад помнікаў расейскім літаратарам — лягічнае наступства расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

«Цяпер такі час, што трэба адназначна правесьці мяжу ад такой спадчыны да ўласнай годнасьці, таму людзі цалкам натуральна пачалі рэалізоўваць ідэю скасаваньня расейскай культуры на той пэрыяд, калі ідзе вайна. Расейская культура ‒ гэта не культура, а дзяржаўная інстытуцыя, таксама як і РПЦ — не царква, а інстытуцыя, створаная Сталіным для абслугоўваньня інтарэсаў дзяржавы», ‒ сказаў Андрэй Паўлішын.

У сьпіс перайменаваньняў трапілі і беларускія тапонімы

Актывісты Кіева стварылі мапу расейскіх тапонімаў, перайменаваньня якіх патрабуюць ад гарадзкіх уладаў.

На мапу трапілі і беларускія тапонімы, бо Беларусь надала расейскай арміі тэрыторыю для авіяцыйных і артылерыйскіх абстрэлаў Украіны — Ровенскай, Жытомірскай, Чарнігаўскай і Кіеўскай абласьцей. З тэрыторыі Беларусі ішлі расейскія войскі, якія захоплівалі Чарнобыльскую АЭС, а таксама Бучу, Ірпень, Барадзянку і Гастомель, дзе зафіксаваныя найбольш жудасныя ваенныя злачынствы супраць мірных жыхароў.

Цяпер актывісты патрабуюць перайменаваць Мінскую шашу, Мінскі масіў у Абалонскім раёне сталіцы, Мінскую вуліцу, Мінскі і Бабруйскі завулкі, Гомельскую вуліцу ў Падольскім раёне, Сьветлагорскую і Добрускую вуліцы, Гродненскую вуліцу і Гродненскі завулак, вуліцу Слаўгарадзкую, а таксама назвы станцыяў мэтро «Мінская» і «Берасьцейская».

Большасьць беларускіх назваў кіеўскія вуліцы атрымалі ў 50-60-я гады мінулага стагодзьдзя. Актывісты прапануюць зьмяніць тыя назвы, якія маюць геаграфічную матывацыю. Пэрсаніфікаваным назвам — вуліцам у гонар Якуба Коласа (Сьвятошынскі раён) і гісторыка-этнографа, дзеяча БНР Мітрафана Доўнар-Запольскага (Шаўчэнкаўскі раён) — пакуль нічога не пагражае.
Больш за тое, неўзабаве ў Кіеве зьявіцца сквэр у гонар беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Раней ініцыятыву падтрымала адпаведная камісія Кіеўскай гарадзкой рады і кіеўская грамадзкасьць.​

Расейскай мовы стане яшчэ менш

У 2019 годзе Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон «Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай». Ён прадугледжвае павелічэньне выкарыстаньня ўкраінскай мовы на дзяржаўнай службе, у сфэрах культуры, адукацыі і абслугоўваньня. Пры гэтым для большасьці нормаў прадугледжаны пераходны пэрыяд аж да 2023 году.

Закон не абавязвае размаўляць па-ўкраінску ў побыце, не вызначае мову рэлігійных абрадаў і не забараняе расейскую мову.

Але цяпер, пасьля пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, шмат адукацыйных установаў ня толькі пераймяноўваюцца ў гонар украінскіх герояў і творцаў, але і зусім адмаўляюцца ад расейскай мовы і як мовы выкладаньня, і як прадмету.

Мэр Жытоміру Сяргей Сухамлын прапанаваў з наступнага навучальнага году адмовіцца ад набору ў клясы з вывучэньнем расейскай мовы. «У бліжэйшыя 20-30 гадоў нашым дзецям гэтая мова дакладна не спатрэбіцца», — заявіў ён.

Ёсьць таксама прыклады, калі настаўнікі і дырэктары школ вырашаюць замяніць расейскую мову іншымі прадметамі. Такую ініцыятыву падтрымаў і моўны амбудсмэн Украіны Тарас Крэмень. Ён прапанаваў павялічыць у школах колькасьць гадзін на вывучэньне гісторыі Ўкраіны, а таксама ўкраінскай літаратуры і мовы.

Паводле яго, такія зьмены на месцах могуць ухваляць на ўзроўні адукацыйнай установы або на падставе зваротаў бацькоў.

«Для гэтага дастаткова напісаць заяву ад усіх бацькоў канкрэтнай клясы на адрас адміністрацыі ўстановы і прапанаваць, якую дысцыпліну яны хацелі б вывучаць замест. Скажам, прадмет „расейская мова“ ў многіх школах ужо замянілі дадатковымі гадзінамі для замежных моў», — паведаміў Тарас Крэмінь.

Пасьля наступу Расеі на Ўкраіну сацыёлягі канстатавалі, што ўкраінскае грамадзтва ўсё больш гуртуецца вакол украінскае мовы. Думка, што яна мусіць заставацца адзінай дзяржаўнай мовай, цяпер набірае рэкордную падтрымку — так лічаць 83% апытаных.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG