Пра гэта піша амэрыканская The New York Times.
У той момант, піша газэта, калі саюзьнікі Нямеччыны чакаюць ад яе упэўненасьці і лідэрства, нават яе бліжэйшыя партнэры ўслых задаюцца пытаньнем аб прыхільнасьці гэтай краіны эўрапейскай салідарнасьці.
Хаця Нямеччына доўгі час была фактычным лідэрам Эўропы, яна не сьпяшалася пастаўляць сур’ёзнае вайсковае абсталяваньне Ўкраіне. Яна таксама субсыдуе рахункі сваіх грамадзян за электраэнэргію, адначасова працуючы над зьніжэньнем столі цэн на газ, што магло б аблегчыць цяжар у бяднейшых краінах Эўрапейскага Зьвязу.
«Ці можам мы давяраць Нямеччыне?» — наўпрост спытаўся на мінулым тыдні падчас форуму ў Бэрліне міністар абароны Латвіі Артыс Пабрыкс, маючы на ўвазе NATO і рызыкі, зьвязаныя з вайной ва Украіне. «Вы кажаце: „Мы тут для вас“. Але ці ёсьць у вас палітычная воля? Мы гатовы памерці за свабоду. А вы?» — сказаў латыскі міністар.
Крытыка зыходзіць ня толькі ад краін, якія, як чакаецца, будуць настойваць на больш жорсткай лініі ў адносінах да Расеі, такіх як Польшча і краіны Балтыі, але нават ад найбліжэйшых партнэраў Нямеччыны.
«Гэта нядобра для Эўропы і для Нямеччыны, што яна ізалюе сябе», — тонка адчытаў прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон свайго нямецкага калегу канцлера Олафа Шольца перад самітам Эўрапейскай рады на мінулым тыдні.
Але Шольц і яго дарадцы абураюцца такой крытыкай і не згаджаюцца зь ёй.
Яны сьцьвярджаюць, што Нямеччына зьяўляецца сілай прагматызму і трэцім па велічыні пастаўшчыком вайсковай тэхнікі ва Ўкраіну пасьля ЗША і Вялікай Брытаніі. Вольфганг Шміт, галоўны памочнік канцлера, публічна параўнаў нямецкую палітыку бясьпекі з падлеткам у сьвеце дарослых, які шукае свой шлях з добрымі намерамі.
Хоць са спазьненьнем, піша New York Times, і, здавалася б, неахвотна, Нямеччына нядаўна паставіла Ўкраіне сучасныя ўзбраеньні, такія як браняваныя зэнітныя комплексы «Гепард» і адзін сучасны мабільны зэнітна-ракетны комплекс IRIS-T, паабяцаўшы яшчэ тры сыстэмы ў будучыні.
І ў рамках сваіх намаганьняў для супрацьдзеяньня крытыцы Нямеччына, найбуйнейшая эканоміка Эўропы, правяла ў 25 кастрычніка шматнацыянальную канфэрэнцыю, каб засяродзіць увагу на дапамозе Ўкраіне аднавіцца як падчас, так і пасьля вайны, а гэта маштабная задача. Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер таксама наведаў Кіеў 25 кастрычніка ўпершыню з пачатку вайны. У красавіку прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адклікаў яго візыт, спасылаючыся на цесныя адносіны Нямеччыны з Масквой.
Але, піша газэта, мала хто сумняваецца ў тым, што ранейшыя заявы Нямеччыны аб тым, што бясьпека ў Эўропе павінна ўключаць Расею; што Расея была надзейным пастаўшчыком таннага газу і нафты; што вайна ніколі больш не закране Эўропу; і тое, што гандаль з аўтарытарнымі рэжымамі, такімі як Расея і Кітай, ня мае геапалітычных наступстваў, шмат каго дэзарыентавалі.
Нямеччына перажывае цяпер эканамічны і псыхалягічны шок, накшталт крызіса ідэнтычнаьсці, заявіла Кляўдыя Маёр з Нямецкага інстытуту міжнародных адносін і бясьпекі.
«Страх тут — канец абяцаньням росквіту — Wohlstandsversprechen — што кожнае пакаленьне будзе жыць лепш. А цяпер усё скончана». — сказала яна.
Олаф Шольц, які раней быў асьцярожным адвакатам па працоўных спрэчках у Гамбургу, цяпер старанна спрабуе аблегчыць боль, асабліва сярод нямецкіх выбаршчыкаў, якія перажываюць цяжкую зіму высокай інфляцыі і рэзкага росту цэн на энэрганосьбіты.
Але хоць ён і прызнае, што сьвет зьмяніўся, «ён ня кажа, што мы павінны мяняцца разам зь ім», — сказаў нямецкі аналітык Ульрых Шпек. — Ён кажа, што сьвет зьмяніўся і што мы абаронім вас", — а гэта вялікая рызыка для будучыні".
У выніку, піша New York Times, умацавалася ўражаньне, што Нямеччына зь нязграбным кааліцыйным урадам, які быў абраны да расейскага ўварваньня, ня ў стане запоўніць вакуум эўрапейскага лідэрства і неахвотна далучаецца да кансэнсусу, калі ня дзейнічае ў адзіночку.
«Нямеччына цяпер не зусім камандны гулец — ёсьць адчуваньне, што яе цягнуць за сабой, — кажа Яна Пульерын, дырэктарка бэрлінскага офісу Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў.
Нават буйная двухбаковая канфэрэнцыя паміж Францыяй і Нямеччынай, «парай», якая мае такі вялікі ўплыў у Брусэлі, была проста перанесеная з 26 кастрычніка на студзень з прычыны вострых рознагалосьсяў наконт энэргетыкі, закупак зброі, калектыўнага эўрапейскага доўгу і Ўкраіны.
Адносіны з Польшчай і краінамі Балтыі, якія маюць больш жорсткую пазыцыю адносна Ўкраіны, зьяўляюцца дастаткова варожымі. «Але мы таксама ня зьвязваемся з Італіяй або Гішпаніяй, — кажа Яна Пульерын. — Я бачу нас у Эўропе адных, адасобленых».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.