Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 памылкі шматгадовай палітыкі: Нямецкія сацыял-дэмакраты кардынальна пераглядаюць свой падыход да Расеі


Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц з вайскоўцамі
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц з вайскоўцамі

Нямецкія сацыял-дэмакраты кажуць, што на працягу дзесяцігодзьдзяў памыляліся ў адносінах да Расеі.

Сустаршыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПН) Лярс Клінгбайль выступіў 18 кастрычніка перад аднапартыйцамі з праграмнай прамовай.

У ёй 44-гадовы партыйны лідэр заклікаў цалкам перагледзець падыход да Расеі на фоне вайны ва Ўкраіне і пералічыў чатыры кардынальныя памылкі партыі.

Пра гэта паведамляе DW.

Чатыры кардынальныя памылкі СДПН у дачыненьні да Расеі

  • Па-першае, нямецкія сацыял-дэмакраты лічылі, што трагічныя старонкі ў гісторыі адносін Нямеччыны і Расеі накладаюць на абедзьве краіны асаблівыя ўзаемныя абавязаньні. Пры гэтым, паводле Клінгбайля, СДПН не ўсьведамляла, што ў расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна зусім іншы падыход і што ён інструмэнталізуе гісторыю дзеля аўтакратычнай кансалідацыі ўнутры краіны і дзеля вялікадзяржаўнай палітыкі на міжнароднай арэне.
  • Памылковай аказалася і канцэпцыя «зьменаў праз збліжэньне» (Wandel durch Annäherung), заявіў Клінгбайль. Гэтая канцэпцыя была сфармуляваная ў 1960-я гады вядомымі сацыял-дэмакратамі і пасьля стала асновай пасьпяховай «усходняй палітыкі» канцлера Вілі Бранта, якая прывяла да разрадкі напружанасьці ў адносінах ФРГ з СССР, сацыялістычнай Польшчай і ГДР, а таксама ў цэлым на эўрапейскім кантынэнце. Аднак у новых умовах, канстатаваў сустаршыня СДПН, усё больш шчыльныя эканамічныя сувязі з Расеяй не прывялі да больш стабільнага міжнароднага парадку ў Эўропе.
  • Трэцяй памылкай ён лічыць энэргетычную палітыку, празь якую Нямеччына аказалася залежнай ад Расеі. «Падобнай аднабаковай залежнасьці ніколі больш нельга дапускаць», — падкрэсьліў Лярс Клінгбайль.
  • Чацьвёртай ключавой памылкай партыі стала, на ягоную думку, тое, што яна недастаткова ўлічвала інтарэсы партнэраў ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе. Гэта вельмі сур’ёзна падарвала іх давер да СДПН.

«Эўропе патрэбная бясьпека ад Расеі»

Памылковай аказалася і праграмная ўстаноўка сацыял-дэмакратаў, паводле якой «забесьпячэньне міру ў Эўропе магчымае ня супраць, а толькі разам з Расеяй». Гэта быў адзін з тых лёзунгаў, пад якімі СДПН вяла выбарчую кампанію 2021 году, якая і прывяла Оляфа Шольца на пасаду канцлера.

Цяпер жа, праз год, сустаршыня СДПН абвясьціў у сваёй прамове ў Бэрліне разварот на 180 градусаў у зьнешнепалітычнай дактрыне партыі. «Сёньня задача ў тым, каб арганізаваць бясьпеку ад Расеі», — заявіў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG