Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтар беларускай салідарнасьці: У Польшчы завялі некалькі крымінальных спраў за катаваньні беларусаў у 2020 годзе


Разгон маршу пратэсту ля Курапатаў пад Менскам. 1 лістапада 2020 г.
Разгон маршу пратэсту ля Курапатаў пад Менскам. 1 лістапада 2020 г.

Справы заведзеныя ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі, якая прадугледжвае экстэрытарыяльны прынцып прыцягненьня да адказнасьці.

У Польшчы завялі некалькі крымінальных спраў «у дачыненьні да злачынстваў рэжыму Лукашэнкі» пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, паведаміла журналістам 25 кастрычніка ў Варшаве дырэктарка дэпартамэнту прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасьці (Польшча) Вольга Дабравольская.

Паводле яе слоў, размова ідзе аб абароне інтарэсаў пацярпелых у першыя дні пратэстаў.

Больш падрабязную інфармацыю Дабравольская даваць адмовілася, спаслаўшыся на рашэньне польскай пракуратуры «выключыць публічнасьць» пры расьсьледаваньні гэтых спраў. Юрыстка паведаміла, што супрацоўнікі Цэнтру беларускай салідарнасьці «год вялі» суправаджэньне дакумэнтаў па гэтых выпадках.

Першапачаткова, паводле слоў Дабравольскай, польскія ўлады «ня бачылі ў гэтым сваёй цікавасьці, яе трэба было даказаць». Цяпер, адзначыла яна, «праца па гэтым напрамку вядзецца некалькімі юрыстамі».

У сьнежні 2021 году польскі адвакат Томаш Віліньскі накіраваў у Нацыянальную пракуратуру Польшчы заяву аб падазрэньні ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасьці, учыненых прадстаўнікамі беларускай улады. З таго часу пра які-небудзь прагрэс у гэтай справе не паведамлялася.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінэту па транзыце ўлады Павал Латушка 4 кастрычніка паведаміў, што ў Літве распачалі крымінальную справу супраць беларускага судзьдзі, які выносіць палітычна матываваныя прысуды. Прозьвішча судзьдзі ён не назваў.

Унівэрсальная юрысдыкцыя прадугледжвае экстэрытарыяльны прынцып прыцягненьня да адказнасьці, у тым ліку за злачынствы супраць чалавечнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG