Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заява ў польскую пракуратуру з абвінавачаньнем Лукашэнкі ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасьці налічвае тысячы старонак


Адвакат Томаш Віліньскі
Адвакат Томаш Віліньскі

У чацьвер адвакат Томаш Віліньскі падаў у Нацыянальную пракуратуру Варшавы  апавяшчэньне аб падазрэньні ў злачынствах, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам і некаторымі асобамі зь ягонага атачэньня.

Як паведамляе партал bolkunets.org са спасылкай на выданьне Interia, самыя сур’ёзныя абвінавачваньні — у генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасьці. Адвакат Віліньскі, які прадстаўляе інтарэсы беларускіх грамадзянаў, плянуе ў студзені падаць заяву ў Міжнародны трыбунал у Гаазе.

Абгрунтаваньне апавяшчэньня складаецца з больш як 160 старонак, дадатак — з 10 тысяч старонак. Дакумэнты тычацца дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі супраць грамадзянаў Беларусі, Польшчы, Іраку, Сырыі, іншых краінаў.

Паводле адваката, задакумэнтаваныя некалькі выпадкаў забойстваў на замову рэжыму. Ёсьць падрабязная інфармацыя пра міграцыйны крызіс у пэрыяд з красавіка да 4 лістапада 2021 году.

Як стала вядома парталу Bolkunets.org, у ліку падазраваных у генацыдзе больш за 20 супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і чальцоў ураду Беларусі. Сярод іх старшыня КДБ Іван Тэртэль, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, камандзір АМАП ГУУС Менгарвыканкаму Дзьмітры Балаба і іншыя.

У кастрычніку ў нямецкім Нюрнбэргу адбылася міжнародная канфэрэнцыя аб злачынствах Лукашэнкі супраць чалавецтва. На ёй выступілі палітыкі, юрысты, праваабаронцы і пацярпелыя ад рэпрэсіяў у Беларусі.

Удзельнікі праўнай канфэрэнцыі ў Нюрнбэргу прынялі дэклярацыю ў яе выніку:

  • экспэрты сабралі неабходныя падставы, каб распачаць справу ўнівэрсальнай юрысдыкцыі супраць Лукашэнкі
  • дзеяньні Лукашэнкі ў выпадку з пасадкай самалёту Ryanair пацярпелыя ад гэтага краіны маюць разглядаць як тэрарыстычныя
  • трэба стварыць міжнародную працэдуру разгляду злачынстваў супраць правоў чалавека ў Беларусі ў межах маскоўскага мэханізму АБСЭ
  • не разглядаць рэжым Лукашэнкі як легітымны, не прызнаваць Лукашэнку і ягоны ўрад, у іх няма юрыдычных і маральных правоў прадстаўляць інтарэсы беларусаў
  • заклікаць дэмакратычныя дзяржавы зрабіць крокі для вырашэньня крызісу ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG