Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Злачынца і тэрарыст паводле міжнароднага права». Польскі юрыст патлумачыў, па якіх законах можна судзіць Лукашэнку


Адвакат Томаш Віліньскі

На міжнароднай канфэрэнцыі ў Нюрнбэргу (Нямеччына) выступіў адвакат, праваабаронца, спэцыяліст у міжнародным крымінальным праве Томаш Віліньскі.

Ён нагадаў, што Польшча — першая краіна Эўразьвязу, якая распачала крымінальную справу па факце злачынстваў у Беларусі пасьля выбараў 2020 году.

«Я сёньня таксама беларус, мы ўсе беларусы, мы, эўрапейцы, мусім быць цяпер беларусамі і зь беларусамі», — выказаўся юрыст.

Томаш Віліньскі лічыць, што ў выпадку зь Беларусьсю «мы маем справу зь дзяржаўным тэрарызмам, палітычна матываваным тэрарызмам, які палягае ў стварэньні абстаноўкі страху для рэалізацыі пэўных ідэалягічных мэтаў».

«Лукашэнка выкарыстоўвае цэлы дзяржаўны апарат, міліцыю, КДБ, суды для падпарадкаваньня групы людзей. Ён як функцыянэр Рэспублікі Беларусь з 10 жніўня 2020 году зьдзейсьніў злачынства, якое заключаецца ў кіраўніцтве арганізаванай злачыннай групай, узброенай тэрарыстычнай групоўкай, у якую ўвайшлі функцыянэры МУС, КДБ, АМАП і іншыя. Мэта групоўкі — рабіць злачынствы, пазбаўляць людзей свабоды, ужываць катаваньні, і ня толькі да грамадзян Беларусі, але і Літвы, Польшчы, Італіі, Чэхіі, іншых краін. Групоўка і яе кіраўніцтва ня толькі зьдзяйсьнялі злачынствы, але і намаўлялі да іх, ухвалялі гвалт, дапускалі забойствы і прычыненьне шкоды здароўю людзей, стварылі такія варункі для групы насельніцтва, якія пагражаюць іх жыцьцю і здароўю, пазбаўляюць іх магчымасьці працаваць, свабоды», — патлумачыў праваабаронца.

Ён зазначыў, што міжнароднае права лічыць недапушчальным пазбаўляць людзей базавых правоў і прымяняць да іх катаваньні. Беларусь падпісвала міжнародную Канвэнцыю супраць катаваньняў.

На думку Віліньскага, на тэрыторыі Беларусі дайшло да рэгулярнага парушэньня міжнароднага права. Юрыст выказаўся, што цяпер на тэрыторыі Эўразьвязу вядуцца апэратыўныя дзеяньні функцыянэрамі беларускіх спэцслужбаў і праз завэрбаваных людзей. Мэта такіх дзеяньняў — сур’ёзны перасьлед беларускіх апазыцыянэраў.

«Беларуская судовая сыстэма практычна не існуе, яна цалкам падпарадкаваная Лукашэнку. Між тым, згодна нюрнбэрскім прынцыпам, нават калі ўнутранае права не прадугледжвае такой адказнасьці, гэта не вызваляе ад адказнасьці паводле міжнароднага права. Нюрнбэрскія прынцыпы заключаюць у сябе паняцьці злачынстваў супраць міру, ваенныя злачынствы, (злачынствы. — РС) супраць чалавецтва. Міграцыйны крызіс на мяжы выкліканы беларускім рэжымам. Разам з тым беларускія функцыянэры адчуваюць сябе абсалютна беспакаранымі і на вачах усяго сьвету дапускаюць такое злачынства, як гандаль людзьмі. Даходзіць да таго, што на мяжы з боку беларускіх функцыянэраў і жаўнераў чыняцца правакацыі з ужываньнем ці пагрозай ужываньня зброі», — зазначыў Віліньскі.

Ён просіць усіх зацікаўленых «паскорыцца», стварыць адмысловы крымінальны трыбунал і накіраваць туды справу супраць Лукашэнкі.

«Я буду старацца і абяцаю гэта ўсім беларусам, што буду рабіць усё, каб Лукашэнка, афіцэры АМАП, КДБ, МУС і іншыя асобы, якія выконвалі злачынныя загады, сталі перад справядлівым і сумленным судом. Мы мусім пакончыць з гэтым шаленствам. Лукашэнка — злачынца і тэрарыст, якога трэба судзіць на падставе міжнароднага права. Беларусы і эўрапейцы заслужылі, каб Беларусь была вольнай. Жыве Беларусь!», — заявіў юрыст Томаш Віліньскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG