Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міжнародным камітэце расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі патлумачылі, да якіх высноў прыйшло сьледзтва


Праваабаронца Сяргей Усьцінаў

Паводле дадзеных Сьледчага камітэту Беларусі, за лета-восень 2020 году паступіла каля 5000 скаргаў на катаваньні ці жорсткае абыходжаньне з боку сілавікоў пры задушэньні пратэстаў, СК адмовіўся заводзіць крымінальныя справы. Аднак паралельна вядзецца міжнароднае расьсьледаваньне катаваньняў.

Камітэт, які займаецца міжнародным расьсьледаваньнем падзей у Беларусі, выпусьціў ужо шэсьць справаздач. Экспэрты даказалі факт сыстэматычных і арганізаваных катаваньняў у Беларусі. CurrentTime тлумачыць, якімі могуць быць рэальныя наступствы гэтага расьсьледаваньня.

Хто падрыхтаваў справаздачу і што яна паказала

Унікальнасьць Шостай прамежкавай справаздачы Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі ў тым, што праваабаронцы ўпершыню спасылаюцца ня проста на апавяданьні пацярпелых, але і на экспэртызу візуальных і мэдычных доказаў, якія пацьвярджаюць словы ахвяр. Яе правялі Міжнародная рада рэабілітацыі ахвяр катаваньняў (IRCT) і Незалежная судова-экспэртная група (IFEG) гэтай рады. Вывучыўшы фота, відэа і мэдычную дакумэнтацыю, экспэрты прыйшлі да высновы, што ва ўсіх разгледжаных выпадках доказы адпавядаюць паказаньням пацярпелых аб катаваньнях і жорсткім абыходжаньні.

Усяго база Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі зьмяшчае каля 1500 гісторый пацярпелых. Для Шостай справаздачы праваабаронцы адвольна выбралі 50 выпадкаў з фатаграфіямі, відэа і мэдычнымі запісамі. Гаворка ідзе пра пабіцьцё і катаваньні ў сямі гарадах, у 15 розных аддзяленьнях міліцыі і ізалятарах. Пры гэтым паказаньні пацярпелых аб тым, што здарылася зь імі і атрыманыя імі траўмы, былі надзіва падобныя, адзначаецца ў справаздачы.

Адна з ахвяраў катаваньняў
Адна з ахвяраў катаваньняў

У ходзе экспэртызы дасьледчыкі знайшлі тры характэрныя моманты, якія аб’ядноўваюць усе гісторыі:

  • сілавікі затрымлівалі людзей проста ў сувязі з падазрэньнем ва ўдзеле або падтрымцы пратэстаў, незалежна ад таго, ці актыўна яны ўдзельнічалі ў падобнай дзейнасьці ў той час;
  • падчас транспартаваньня ў аўтазаках сілавікі білі затрыманых, у тым ліку ляжачых, нагамі і дубінкамі;
  • па прыбыцьці ў аддзяленьні міліцыі і ізалятары затрыманых прапускалі праз «калідор» сілавікоў, якія іх жорстка білі.

Гэтыя факты даказваюць, адзначаецца ў справаздачы, што жорсткасьць сілавікоў улетку і ўвосень 2020 году не была «перабольшаньнямі» асобных супрацоўнікаў, а насіла скаардынаваны і сыстэмны характар.

Сьляды катаваньняў на адным з пратэстоўцаў, 2020 год
Сьляды катаваньняў на адным з пратэстоўцаў, 2020 год

«Лекары прафэсійна апісвалі траўмы»

Экспэрты Міжнароднай рады рэабілітацыі ахвяраў катаваньняў і яго Незалежнай судова-экспэртнай групы займаліся тым, што аглядалі фатаграфіі, вывучалі мэдычныя дакумэнты, ацэньвалі траўмы і праецыравалі, як іх маглі атрымаць. А потым супастаўлялі гэта з кожнай гісторыяй, расказанай пацярпелым чалавекам. 50 матэрыялаў, вывучаных для шостай справаздачы, зьмяшчалі 130 дакумэнтаў на 613 старонках, 286 фатаздымкаў і 4 відэа.

«Амаль усе матэрыялы (49 спраў) уключалі фатаграфіі цялесных пашкоджаньняў заяўнікаў, у 35 справах была мэдычная дакумэнтацыя, — расказаў прадстаўнік IRCT у Беларусі Сяргей Усьцінаў. — У выніку мы маем даволі выразную карціну здарэньняў. Характар і распаўсюджанасьць траўмаў сьведчаць пра шырокамаштабнае карнае ужываньне сілы сілавікамі, што можна кваліфікаваць як катаваньні і жорсткае абыходжаньне».

Мэдычныя дакумэнты, на якія абапіраліся экспэрты, — дадзеныя мэдычных аглядаў, выпісныя эпікрызы, кансультацыйныя заключэньні лекараў, фота траўмаў, а таксама судова-мэдычныя экспэртызы.

«У жніўні 2020 году ўсіх пацярпелых масава адпраўлялі на судова-мэдычны агляд. І некаторым удалося азнаёміцца з матэрыяламі справы і ўзяць копію такіх экспэртыз, — тлумачыць Усьцінаў. — Але гэта рэдкія выпадкі. Цяпер пацярпелым наогул не даюць знаёміцца з матэрыяламі праверкі, нават з пастановай аб адмове пачаць крымінальную справу, усе катавальныя справы проста засакрэцілі».

На думку Сяргея Ўсьцінава, беларускія лекары «прафэсійна і кампэтэнтна апісвалі пабоі і траўмы пацярпелых».

«Гэтыя дакумэнты захаваны ў нашай базе і рана ці позна будуць важкімі доказамі для пакараньня вінаватых, бо былі атрыманы ў вызначаным парадку праз мэдустановы».

Агульны аб’ём файлаў, сабраных камітэтам, — 45 гігабайтаў фатаграфій, відэа і дакумэнтальных сьведчаньняў жорсткага абыходжаньня з затрыманымі.

«Сьвядомы шырокамаштабны і сыстэматычны напад на цывільных асобаў»

Сярод траўмаў, зарэгістраваных у пацярпелых, — кулявыя і аскепкавыя раненьні, траўмы ад электрычнага току, сьляды ад гумавых куляў, пераломы рознай ступені цяжкасьці, гематомы, удары.

Прадстаўнік IRCT прыводзіць у прыклад два выпадкі, якія разглядаліся для Шостай справаздачы. Першы — сьведчаньне прымяненьня гумовых куляў:

«11 жніўня 2020 году чалавек вяртаўся дадому з працы, убачыў АМАП, падняў рукі. Сілавікі падышлі і сталі біць яго. Білі хвілін пяць дубінкамі і нагамі, прычым адзін мэтанакіравана цэліў дубінкай у галаву. Пасьля гэтага чалавек пачуў воплеск — і нагу як апякло. Яму проста ва ўпор стрэлілі гумовай куляй. Ён прасіў аб дапамозе, але сілавікі засьмяяліся і пайшлі. Паколькі па дарозе езьдзілі аўтазакі, чалавек адпоўз у кусты і патэлефанаваў у хуткую. Ад страты крыві ён адключыўся і ачуўся ўжо, калі яго падымалі ў машыну хуткай дапамогі».

Другі выпадак — ужываньне электрашокера:

«У дзень выбараў, 9 жніўня, чалавек выйшаў на мірны сход. Яго спынілі супрацоўнікі АМАП і сталі дапытваць. Пры гэтым зьневажалі і абражалі нецэнзурна. Калі чалавек стаў адказваць, падбегла яшчэ некалькі сілавікоў і пачалі яго біць. Білі хвілін сем. Камандзір стараўся ўдарыць берцам па галаве. Пасьля мужчыну закінулі ў перапоўнены аўтазак. Калі чалавеку стала не хапаць паветра, ён крыху падняў галаву падыхаць, на што сілавік ударыў яго электрашокерам у шыю, і той адключыўся».

Сярод прыкладаў жорсткасьці — спроба згвалтаваньня дубінкай у аўтазаку ў Менску 12 жніўня 2020 году. Затрыманы адмаўляўся разблякаваць тэлефон. Усіх, хто быў зь ім у аўтазаку, вывелі, і ён застаўся адзін з амапаўцамі:

«Яны пайшлі за вадой, спусьціліся, аблілі мяне вадой, сказалі, што дубінка падыдзе лепш, і працягвалі біць мяне, калі я быў ужо мокры. У нейкі момант яны стаміліся, дасталі дубінку, сказалі: „Ты п*д*р“. Яны разрэзалі мне штаны, засунулі дубінку паміж ягадзіц, і я сказаў, што разблякую. Мне далі тэлефон, зьнялі сьцяжкі. Галава моцна закружылася, яшчэ некалькі ўдараў па галаве. Стаў разблякоўваць, спытаў вось гэтага ў шэрай балаклаве, мяне хоць біць перастануць? Ён сказаў: „Шчырае афіцэрскае“. Я аддаў яму тэлефон, ён пайшоў, а мяне працягвалі біць. Потым мяне паднялі і пачалі выцягваць з аўтазака».

«Вычварэнскі розум можа дадумацца да самага страшнага, — камэнтуе гэты эпізод Сяргей Усьцінаў. — Міліцыя ў Беларусі — спадкаемца савецкай сыстэмы НКУС. І ўзялі яны адтуль усё самае дрэннае: палачную сыстэму раскрывальнасьці, арышты па загадзе або прыналежнасьці (у дадзеным выпадку актыўных людзей, незадаволеных рэжымам), катаваньні як спосаб атрыманьня доказаў або прызнаньня, ну і катаваньні „палітычных“».

Усьцінаў кажа, што многія пацярпелыя, пачынаючы з 8 кастрычніка 2020 году, паведамляюць, што супрацоўнікі гаварылі ім аб загадзе кіраўніцтва МУС мэтанакіравана пагаршаць умовы ўтрыманьня палітвязьням. Нібыта кіруючыся гэтым загадам, супрацоўнікі РАУС і ізалятараў зьмяшчаюць затрыманых у камэры, перапоўненыя ў 4-8 разоў, забіраюць матрацы і пасьцельную бялізну, адключаюць ацяпленьне, выліваюць ваду з хлёркай на падлогу, не дазваляюць прымаць перадачы. Пацярпелыя падчас затрыманьня і зьняволеньня расказваюць яшчэ аб адной паўсюднай практыцы — «калідоры катаваньняў». Затрыманых па прыбыцьці ў аддзяленьні міліцыі ці ізалятары праганялі праз шыхт сілавікоў, якія жорстка білі іх рукамі, нагамі і дубінкамі.

Спасылаючыся на паказаньні пацярпелых, удзельнікі расьсьледаваньня паведамляюць, што сярод удзельнікаў гэтых «калідораў» і іншых зьдзекаў былі супрацоўнікі АМАП і іншыя сілавікі.

«Поўную карціну падзей мы апісалі ў нашай Пятай справаздачы. Са жніўня і дагэтуль у Беларусі адбываюцца злачынствы супраць чалавечнасьці. Пра гэта гавораць наступныя прыкметы: сьвядомы шырокамаштабны і сыстэматычны напад на цывільных асоб, забойствы, дэпартацыя або гвалтоўнае перамяшчэньне насельніцтва, жорсткае пазбаўленьне фізычнай свабоды, катаваньні, згвалтаваньні, перасьлед.

У зьдзяйсьненьне гэтых злачынстваў уцягнуты практычна ўвесь апарат рэжыму: МУС, КДБ, пракуратура, Апэратыўна-аналітычны цэнтар, Дзяржаўны памежны камітэт, МНС, Міністэрства абароны, Міністэрства юстыцыі, суды, дзяржаўныя СМІ, а на чале стаіць асоба, якая займае пасаду прэзыдэнта», — падсумоўвае Усьцінаў.

«Рэжым страчвае шмат грошай». Як справаздачы ўплываюць на жыцьцё беларусаў

Шостую прамежкавую справаздачу Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі накіраваў пэрсанальна дэпутатам Эўракамісіі і ў мэдыяслужбу Эўрапарлямэнту, у ААН, беларускія мэдыя, дыяспары, а таксама ў пасольствы Беларусі ў замежных краінах.

«Каб супрацоўнікі пасольстваў разумелі (калі яны яшчэ гэта не ўсьведамляюць або чагосьці ня ведаюць), што, падтрымліваючы палітыку рэжыму, выконваючы загады МЗС, якое завязана ў злачынствах супраць чалавечнасьці, яны таксама становяцца злачынцамі», — тлумачыць выбар адрасата Сяргей Усьцінаў. У якасьці рэакцыі на справаздачу пасольства Беларусі ў Эквадоры заблякавала яго адпраўнікаў.

Справаздачы аб катаваньнях — спосаб камунікацыі з эўрапейскімі і міжнароднымі структурамі. Зь іх дапамогай праваабарончыя арганізацыі — як міжнародныя, так і тыя, што працуюць у асобных дзяржавах — тлумачаць палітыкам сваіх краін, што адбываецца ў Беларусі. «Гэта вялікі і дзейсны мэханізм узьдзеяньня на рэжым. Бо санкцыі ня так проста прымаюцца, над імі працуюць шмат людзей. У выніку рэжым губляе шмат грошай», — кажа Ўсьцінаў.

З дапамогай міжнароднага камітэту ў Літве ўдалося дамагчыся прызнаньня пацярпелымі дзевяці чалавек, яшчэ сямёра дабіваюцца гэтага статусу зараз. У рамках расьсьледаваньня можна будзе ўстанавіць канкрэтных падазраваных — і дамагацца іх арышту і суду, калі яны апынуцца на тэрыторыі Эўразьвязу.

«На жаль, мы ня бачым відавочнага палітычнага рашэньня пачаць крымінальныя справы ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі ў іншых краінах. З чым гэта зьвязана, я ня ведаю, — кажа Ўсьцінаў. — Чым хутчэй іншыя краіны захочуць прыцягваць злачынцаў да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці, тым хутчэй пойдзе працэс асуджэньня лукашэнкаўскага рэжыму і немагчымасьці зь ім супрацоўнічаць».

Міжнародная арганізацыя працягвае працаваць у Беларусі, але рабіць гэта ўсё цяжэй: пацярпелыя, якія засталіся ў краіне, «панічна баяцца» даваць якую-небудзь інфармацыю. «Тым ня менш мы заклікаем зьвяртацца да нас і дакумэнтаваць тое, што адбылося. Мы прымаем максымальныя меры бясьпекі, апытваючы людзей у Беларусі, — запэўнівае прадстаўнік Міжнароднага камітэту па расьсьледаваньні катаваньняў. — Калі не працуе закон, толькі распаўсюд інфармацыі, у тым ліку на міжнародным узроўні, можа паўплываць на сытуацыю ў краіне».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG