Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Здавалася, што людзей выпусьцілі не з ІЧУ, а з канцлягера». Гісторыя судмэдэкспэрткі, якая зьехала зь Беларусі ад перасьледу


Судмэдэкспэртка Надзея Гурманчук
Судмэдэкспэртка Надзея Гурманчук

36-гадовая Надзея Гурманчук працавала судова-мэдычным экспэртам у Менску больш за дзесяць гадоў. Аднак праз пагрозу крымінальнага перасьледу вымушана зьехала ў Польшчу.

Надзея расказала Свабодзе пра перашкоды ўладаў у дакумэнтаваньні траўмаў зьбітых сілавікамі людзей, пра дасьледаваньні трупа Аляксандра Тарайкоўскага і пра рэпрэсіі супраць мэдыкаў.

«Вечар-ноч на пратэстах, раніцай на працу».

Надзея Гурманчук
Надзея Гурманчук

«Я заўсёды была за справядлівасьць, супраць беззаконьня, за правядзеньне свабодных і сумленных выбараў, за зьмену ўлады, чаго не было ў Рэспубліцы Беларусь з 1994 году», — кажа Надзея Гурманчук.

У 2020 годзе яна, як і тысячы беларусаў, актыўна выказвала сваю грамадзянскую пазыцыю, праз гэта ўрэшце пацярпела ад рэпрэсій з боку сілавых органаў.

Свой графік у першыя дні пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў Надзея апісвае так: «Вечар-ноч на пратэстах, раніцай на працу».

Жанчына прызнаецца, што не магла заставацца ўбаку, калі ў ноч з 9 на 10 жніўня даведалася, як шмат людзей пацярпелі ад дзеяньняў сілавікоў. Таму мэдычную дапамогу пратэстоўцам Надзея старалася аказваць у вольны ад працы час. Пачала вазіць з сабой мэдычныя прылады. І ваду — прамываць вочы ад сьлезацечнага газу.

Надзея Гурманчук на акцыі пратэсту пасьля выбараў 2020 году
Надзея Гурманчук на акцыі пратэсту пасьля выбараў 2020 году

«Заходзілі на агляд на дыбачках, таму што ногі не згіналіся ў суставах»

Калі пачалі вызваляць са сьледчых ізалятараў першых затрыманых, многія зь іх, каб задакумэнтаваць пабоі, накіраваліся ў аддзел агульных экспэртыз, дзе працавала Надзея Гурманчук.

Убачанае і пачутае ў тыя дні жанчына ўспамінае з жахам:

«Людзі былі зьбітыя настолькі, што мне падавалася, што іх выпусьцілі не з ІЧУ, а з канцлягера. Калі слухала іх гісторыі, многія зь якіх былі падобныя — з аднолькавымі імёнамі карнікаў, — мяне ахапляў жах. Я не разумела, што ў галаве ў людзей, якія так бесчалавечна зьбіваюць свой народ?»

Па словах Надзеі, яшчэ цяжэй ёй эмацыйна станавілася ад усьведамленьня таго, што супрацоўнікі сілавых структур, зь якімі ёй неаднаразова раней даводзілася мець кантакты на працы, здольныя на такую бязьлітаснасьць.

«Я была ў шоку. Яны нам звычайна прызначалі экспэртызы, тэлефанавалі па розных пытаньнях», — удакладняе Надзея Гурманчук.

Надзея Гурманчук
Надзея Гурманчук

Паводле суразмоўцы, асабліва шмат пацярпелых паступала да яе зь сярэдзіны да канца жніўня. Здаралася, да 70 у дзень.

«Працавалі ўсе экспэрты, нават тыя, хто ў адпачынку, людзі зь іншых аддзелаў, кіраўнікі судова-мэдычнага блёку, якія звычайна не аглядаюць пацярпелых», — тлумачыць Надзея.

Яна адзначыла, што людзі, якія прыходзілі ў яе аддзел, мелі патрэбу і ў псыхалягічнай дапамозе.

«Многія заходзілі на агляд на дыбачках, таму што ногі проста не згіналіся ў суставах — уся задняя паверхня іх цела была гематомай. Некаторыя са зьбітых пры просьбе павярнуцца і паказаць сьпіну паварочваліся і рэфлекторна паднімалі рукі ўверх», — кажа суразмоўца.

Пасьля траўмаў шмат хто апынуўся ў шпіталях.

«У тыя дні я добраахвотна езьдзіла ў адну з клінік, каб дапамагчы лекарам і растлумачыць, як апісваць цялесныя пашкоджаньні, каб гэтае апісаньне можна было ў будучыні выкарыстоўваць для судова-мэдычнай экспэртызы», — кажа яна.

«Людзі не хацелі пісаць пастанову на правядзеньне бясплатнай экспэртызы, баючыся паўторнага затрыманьня»

Ужо ў хуткім часе пасьля масавага патоку зьбітых і скалечаных людзей у аддзел Надзеі пачалі паступаць розныя распараджэньні «зьверху». Адразу быў загад аб часовай адмене экспэртыз на платнай аснове.

Замовіць такі дакумэнт можна без пастановы міліцыі, і выдаецца ён самому заяўніку на рукі.

«Я лічу, што гэта зрабілі для магчымасьці кантролю за колькасьцю праведзеных экспэртыз і людзей, якія зьвярнуліся да нас. Многія ня важыліся напісаць пастанову [на правядзеньне бясплатнай экспэртызы. — РС] у РАСК, у тым ліку і баючыся паўторнага затрыманьня. Людзі казалі: «Як я магу пайсьці ў Фрунзэнскі аддзел, калі мяне ў гэтым жа будынку зьбівалі», — кажа Надзея.

«Цяжка было ўявіць, што можна так проста расстраляць чалавека, які стаяў з паднятымі рукамі»

Уначы 11 жніўня ва ўпраўленьне судова-мэдычных экспэртыз на вуліцы Якубоўскага паступіла цела першага загінулага падчас вулічных пратэстаў у Менску — Аляксандра Тарайкоўскага.

Надзея Гурманчук не займалася дасьледаваньнем трупа, але прысутнічала пры самім працэсе і бачыла нанесеныя Тарайкоўскаму раненьні ад гумовых куль.

«Адно было ў сэрца, другое ў нагу. Цяжка было ўявіць, што можна вось так проста расстраляць чалавека, які стаяў з паднятымі рукамі, а пасьля яшчэ і спрабаваць выдаць гэта за выбух нейкага выбуховага пакета ў руках. Вядома, ні пра якую выбуховую прыладу гаворкі не было. І дзякуючы тэхналягічнаму прагрэсу схаваць праўду ў іх не атрымалася».

«Калі звольнілі самых актыўных, узяліся за тых, на каго прыходзілі даносы»

Жанчына прызнаецца, што пачынаючы зь мінулага году не хавала свайго стаўленьня да таго, што адбываецца ў краіне: сама выходзіла на вуліцы з сымболікай, выказвалася ў сацыяльных сетках. У далейшым гэта прывяло да праблем з кіраўніцтвам.

«Яны ня раз мне казалі, каб я перастала гэта рабіць. Але ўсё абвастрылася ў ліпені 2021 году. Супрацоўнікі „ўласнай бясьпекі“ ГКСЭ пачалі мяне выклікаць на размовы і шантажом і пагрозамі прымушалі напісаць заяву на звальненьне. Я адмовілася».

Прэсінг пасьля леташніх выбараў зазналі і калегі Надзеі. Жанчына кажа, што ў працы з таго моманту зьмянілася шмат:

«Былі ўжо іншыя стасункі паміж экспэртамі і праваахоўным блёкам. Пасьля ўсяго, што адбывалася ў краіне, зь імі стала цяжка мець зносіны. Плюс, напэўна, кожны судмэдэкспэрт асабіста сутыкаўся з аддзелам „уласнай бясьпекі“, які сачыў „за добранадзейнасьцю“ падначаленых».

Надзея Гурманчук
Надзея Гурманчук

Па словах Надзеі, першыя звальненьні яе калег прайшлі яшчэ падчас пратэстаў. Людзей звальнялі ня толькі пасьля затрыманьняў на мітынгах, але і пабачыўшы іх на фатаздымках, напрыклад, з плякатамі ці бел-чырвона-белай сымболікай.

«Калі звольнілі самых актыўных, узяліся за тых, на каго прыходзілі даносы — хто „ня так“ выказаўся пра Лукашэнку. Калі і гэтых людзей „прыбралі“, заняліся тымі, хто пакідаў подпісы за вылучэньне на выбарах „ня тых кандыдатаў“, і ўдзельнікамі маршаў, вызначанымі па білінгах мабільных апэратараў».

Надзея таксама адзначыла, што скарачэньне штату супрацоўнікаў ДКСЭ павялічыла нагрузку на пэрсанал.

«Правяла некалькі сутак у нечалавечых умовах на Акрэсьціна»

У жніўні 2021 году Надзея Гурманчук зьехала ў адпачынак ва Ўкраіну, дзе прабыла да канца месяца. Калі яна разам з мужам перасекла мяжу, ёй патэлефанавалі калегі. Яны паведамілі, што на працоўным месцы Надзеі праходзіць ператрус, і параілі не вяртацца.

Тым ня менш Гурманчук вырашыла прыехаць у Беларусь.

«Я не лічыла, што я зьдзейсьніла нешта супрацьзаконнае, тым больш такое, што пацягнула б за сабой крымінальную адказнасьць», — тлумачыць сваё рашэньне суразмоўніца.

Ужо раніцай 30 жніўня яе з мужам затрымалі супрацоўнікі КДБ у балаклавах каля машыны, на якой яна зьбіралася ехаць на працу.

«Яны заштурхнулі нас у свой аўтамабіль. Пазьней прад’явілі нам абвінавачаньні па артыкулах 389, 387 КК РБ (тэрарызм, стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня)».

Празь некаторы час у кватэры Гурманчук і дома ў яе бацькоў прайшлі ператрусы. Саму Надзею адвезьлі на допыт ва ўпраўленьне КДБ.

«Там асноўны акцэнт у абвінавачаньні ставіўся на тым, што я зьлівала міліцэйскія дадзеныя і каардынавала пратэсты. Пазьней мяне даставілі ў Партызанскае РУУС, дзе на загад супрацоўнікаў КДБ на мяне склалі хлусьлівы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні нібыта за супраціў супрацоўнікам міліцыі».

На падставе гэтага Надзею зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна, дзе яна правяла некалькі сутак, як сама кажа, у нечалавечых зьдзеклівых умовах: у холадзе, без матрацаў і з уключаным кругласутачна сьвятлом.

На судзе Надзею пакаралі штрафам 100 базавых велічыняў (2900 беларускіх рублёў), пасьля чаго адпусьцілі. Неўзабаве яны з мужам вырашылі пакінуць Беларусь.

«Немагчыма існаваньне краіны ў рэжыме ўнутранай акупацыі»

Сёньня Надзея Гурманчук вучыць польскую мову, у будучыні хоча пацьвердзіць дыплём, каб мець магчымасьць працаваць па спэцыяльнасьці. Кажа, што сумуе па Радзіме:

«Ці шкадую я аб тым, што адбылося, аб тым, што я рабіла, і аб сваёй грамадзянскай пазыцыі? Не! — упэўнена адказвае Надзея. — Інакш і быць не магло. Думаю, любы сьвядомы і сумленны чалавек паводзіў бы сябе аналягічна на маім месцы. Вядома, маё жыцьцё зараз зьмянілася, але я ўпэўнена, што вярнуся на Радзіму, у свабодную Беларусь! Немагчыма існаваньне краіны ў рэжыме ўнутранай акупацыі!»

Падтрымаць сям’ю Надзеі Гурманчук можна тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG