Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зона — тая самая дзяржава». Палітвязень з анкалягічнай хваробай Аляксей Раманаў шчыра расказвае пра жыцьцё ў калёніі


Аляксей Раманаў

З калёніі ў Глыбокім вызваліўся палітвязень Аляксей Раманаў. Ён атрымаў год пазбаўленьня волі за «абразу прэзыдэнта». На «зоне» ў Аляксея адбыўся рэцыдыў анкалягічнага захворваньня — у яго інваліднасьць другой групы.

Пра побыт у калёніі, стаўленьне да палітычных, перапіску зь Юрыем Васкрасенскім і «інтэрвію зь пятлёй на шыі» Аляксей расказаў па вызваленьні.

«Вялікая падзяка беларускаму народу!»

«Канечне, мяне пакрыўдзіла тое, што я за свае словы атрымаў год калёніі. Увесну 2020 году я меў апэрацыю. Мне выразалі праз рак частку страўніка, частку падстраўнікавай залозы, атрымаў інваліднасьць. Улетку 2020 году займаўся агітацыяй за Сьвятлану Ціханоўскую. Ну, а потым судзілі ў Хойніках у закрытым судзе за „абразу прэзыдэнта“. Мне далі „дзяржаўнага“ адваката. Хоць я і сплаціў ёй 800 рублёў, але ўся яе дапамога была ў тым, што на судзе яна сказала адзіную фразу: „Прашу прызначыць майму падабароннаму штраф у памеры 30 базавых велічынь“. Вось такая абарона.

Мне пасьля суду стала блага — упаў гемаглябін. Я трапіў у шпіталь. Ляжаў там прывязаны, з канвоем. Той канвой рагатаў усю ноч і музыку ўключаў, хоць мне было блага. Катаваньні проста. Ні вады не давалі, ні ў прыбіральню схадзіць.

Найбольшая падтрымка мне была — гэта лісты і паштоўкі. Яшчэ калі быў на гомельскай турме — атрымліваў па 30–40 іх у дзень. Нават канваіры зайздросьцілі, што мне так шмат пішуць. За ўвесь тэрмін атрымаў 10 тысяч лістоў і паштовак. Вялікая падзяка ўсяму беларускаму народу, усім беларусам, якія пісалі мне, дасылалі грошы на рахунак. Праўда, пазьней наш урад, ці хто, забаранілі грошы на рахунак. Маўляў, гэта грошы, атрыманыя злачынным шляхам, бандыцкія. Што за глупства!

Мяне людзі падбадзёрвалі ў лістах, прасілі не губляць дух. Многія прасілі маліцца за іх — у каго са здароўем праблемы, у каго іспыты. Я маліўся. Бо на працу не хадзіў як інвалід. Таму хадзіў і маліўся за людзей».

«Сказалі: дасі інтэрвію — тут жа паедзеш дахаты»

«У Глыбокім у мяне значна пагоршыўся стан здароўя. Знайшлі новую пухліну. Мяне адправілі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь. Там са мной размаўляў мэдык, якога ў тым шпіталі называюць „чорны лекар“. Ён сказаў, што ў мяне новы рак. Сказаў, што больш за 6 месяцаў я не працягну. Я баяўся памерці там, на „зоне“.

Той лекар, хоць ён сам пра сябе сказаў, што „я больш супрацоўнік, чым лекар“, прапанаваў мне „пакаяцца“, папрасіць прабачэньня ў Лукашэнкі, даць інтэрвію дзяржаўнаму СМІ. Лекар казаў, што мне мала засталося, таму трэба пагаджацца. Маўляў — дам інтэрвію і тут жа паеду дахаты, ці празь некалькі дзён. Ну, я пагадзіўся. Яго бралі з аднаго менскага выданьня. Што яны там напісалі — я і ня бачыў. Убачыў толькі пасьля вызваленьня. Ну, і ніхто мяне не адпусьціў. Паехаў зноў у калёнію».

«Стаўленьне да мяне было нармальнае, па законе, хоць і строгае»

«На „зоне“ я не працаваў праз інваліднасьць. Спачатку меў добрае дыетычнае харчаваньне, потым неяк пайку ўрэзалі. Спачатку нам давалі бохан хлеба на пяць чалавек. А потым, з красавіка — бохан хлеба на дваццаць чалавек! Як у блякадным Ленінградзе! Патлумачылі, што так улады вырашылі.

Калі ехаў „этапам“ на Глыбокае з Гомля, то маладыя салдаты зьвярталіся да нас, „палітычных“, з матамі, казалі: „Вас падманулі! Хто тут актывіст?!“.

У калёніі я сустракаў людзей, якія сядзяць безь віны па 10 гадоў і больш. Такія людзі не павінны сядзець па „зонах“. Ім за папяросу з „травой“ давалі па 8 гадоў. Хай яны вінаватыя, але ж не на 8 гадоў! Сустракаў таксіста, які вёз наркамана. Той рабіў „закладкі“, а ў таксіста канфіскавалі аўто і пасадзілі на 8 гадоў! Гэта хіба справядліва?

Або яшчэ сядзеў са мной сірата, ён інвалід — мае маленькую руку, кароткую такую, і кароткую нагу. Яго міліцыянты абвінавацілі, што ён іх пабіў! Яму прасілі 6 гадоў, добра, што судзьдзя разабраўся і даў толькі паўтара года.

Я ня злодзей, не забойца, але мяне адправілі на строгі рэжым. Там сядзяць розныя людзі. У тым ліку і маньякі, і забойцы. Адзін сядзіць — тры дні пабыў на волі пасьля вызваленьня і забіў чалавека. Далі яму 29 гадоў.

Можа, мяне і несправядліва пакаралі. Я, канечне, не забуду. Але дзе і каму я буду гэтыя пытаньні падымаць?

Яшчэ калі ў сьнежні быў у гомельскім СІЗА, мне напісаў Юры Васкрасенскі. Маўляў, я буду дабівацца, каб вас вызвалілі. Мне падалося, што ён разумны чалавек. У нас зь ім завязалася перапіска. Я па ягонай прапанове напісаў ліст на памілаваньне — улічваючы мой стан здароўя. Наколькі я ведаю, 300 чалавек напісалі. І што? Вызвалілі толькі 13 чалавек у верасьні. Хоць нават адміністрацыя маёй калёніі была ня супраць, каб мяне вызвалілі. Але не».

«Краіна — нібыта турма, нібыта канцлягер»

«Мне спачатку было крыўдна, што мяне пасадзілі. Потым я як убачыў, што робіцца... Пачаў думаць: што я буду скардзіцца, калі такія людзі сядзяць у турме, якія маюць прафэсіі, адукацыю, лепшыя, чым я? Што, вакол людзі такія дэбілы, што не разумеюць — што насамрэч адбываецца ў нас у краіне?

Калі я сядзеў, то асабліва ня ведаў ніякіх навін. У нас быў тэлевізар, але я не глядзеў яго — не люблю. Мне выпісалі газэту „Новы час“. І нават прыйшоў ліст ад рэдакцыі, што „мы вам выпісалі газэту, вось квітанцыя, патрабуйце, каб вам газэту аддавалі“. Я пайшоў з той квітанцыяй у адміністрацыю. Мне сказалі: „Хочаш гэтую газэту чытаць? Будзеш! Але толькі ў ШЫЗА. Выбірай!“. Куды мне ў штрафны ізалятар з маім здароўем? Дзесяць дзён там я не працягну...

Як я выйшаў, то заўважыў, што людзі сталі сумнымі... Такое адчуваньне, што мы жывём у горадзе мёртвых, што гэта нейкая турма, канцлягер. Ведаеце, „зона“ — тая самая дзяржава. Як тут ставяцца да людзей — так і там. Як там кажуць? Бязьмежная ўлада нараджае бязьмежную сваволю.

У мяне, пакуль я сядзеў, трэцяя ўнучка нарадзілася. Хачу хутчэй іх пабачыць. Толькі што сорамна ісьці з пустымі рукамі.

Мне па вызваленьні тэлефанавалі з Шатляндыі. Аказваецца, адзін палітык узяў мяне, як сказаць, „пад кантроль“, быў маім „хросным“. Гэта было вельмі прыемна і нечакана. Ён доўга ўчора са мной размаўляў (Эдвард Дэйві — брытанскі палітык, лібэральны дэмакрат, удзельнічаў у кампаніі ў падтрымку беларускіх палітвязьняў. — РС).

Я хацеў бы застацца дома, у Беларусі. Тут магілы, тут дзеці, унукі. Хоць баюся, што мне спакойна жыць не дадуць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG