New York Times: Ізраіль перадаў Украіне дадзеныя для барацьбы з «Шагедамі»

Украінскія паліцыянты страляюць па расейскіх дронах у Кіеве, 17 кастрычніка 2022
Украінскія паліцыянты страляюць па расейскіх дронах у Кіеве, 17 кастрычніка 2022

Ізраіль перадаў Украіне выведныя дадзеныя, неабходныя для барацьбы з іранскімі ўдарнымі бесьпілётнікамі «Шагед-136», якія Расея, паводле шматлікіх сьведчаньняў, выкарыстоўвае супраць Украіны.

Пра гэта паведамляе са спасылкай на неназванага ўкраінскага чыноўніка газэта The New York Times.

Чыноўнік у размове з выданьнем, у прыватнасьці, сказаў, што Ізраіль перадаў дадзеныя, карысныя для нацэльваньня на іранскія бесьпілётнікі. Афіцыйна ні Ізраіль, ні Ўкраіна гэтага не камэнтавалі.

На мінулым тыдні ўкраінскія ўлады афіцыйна зьвярнуліся да Ізраілю з просьбай аб пастаўках сыстэм СПА, указваючы ў тым ліку на тое, што Іран, адкрыты супернік Ізраілю, пастаўляе бесьпілётнікі Расеі. Просьба была адхіленая міністрам абароны Ізраілю Бэні Ганцам. Пры гэтым Ізраіль абяцаў паставіць сыстэму раньняга папярэджаньня аб паветраных налётах.

«Сырыйскі цэнтар маніторынгу правоў чалавека», які базуецца ў Вялікай Брытаніі, напярэдадні паведаміў, што пры паветраным удары Ізраілю па цэлях у Сырыі 21 кастрычніка нібыта быў зьнішчаны цэх, у якім выраблялі іранскія бесьпілётнікі. Незалежнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма.

Масква і Тэгеран адмаўляюць пастаўку Іранам бесьпілётнікаў Расеі. Аднак, паводле шматлікіх сьцьвярджэньняў спэцыялістаў, бесьпілётнікі «Герань-2», якія расейскія вайскоўцы ў апошнія тыдні выкарыстоўваюць ва Ўкраіне, па сутнасьці зьяўляюцца іранскімі дронамі «Шагед-136». Яны выкарыстоўваліся для ўдараў у тым ліку па цывільных аб’ектах у буйных гарадах.

Выведка Мінабароны Вялікай Брытаніі 24 кастрычніка выступіла з заявай, што Ўкраіна ўсё больш пасьпяхова змагаецца з гэтымі дронамі-камікадзэ, зьбіваючы да 85% іх. Кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны (ГУР) Кірыл Буданаў у інтэрвію «Українськой правде» сказаў, што зьбіць атрымліваецца прыкладна 70% бесьпілётнікаў. Паводле яго, Расея замовіла ў Іране 1700 дронаў, зь іх пастаўлена каля 600, прычым больш за 300 ужо выкарысталі.

​
XS
SM
MD
LG