Ва Ўкраіне заявілі, што запускаць дроны зь Беларусі расейцам дапамагаюць іранскія інструктары

Цэнтар нацыянальнага супраціву, які ва Ўкраіне зьвязваюць з украінскай вайсковай выведкай, паведаміў, што ў Беларусь прыехалі іранскія спэцыялісты, якія дапамагаюць расейцам запускаць дроны для абстрэлаў тэрыторыі Ўкраіны.

«Інструктары навучаюць расейскіх вайскоўцаў і каардынуюць запускі іранскіх БПЛА», — паведаміў цэнтар.

У паведамленьні адзначаецца, што гэтую інфармацыю пацьвердзілі беларускія партызаны. Іранскія спэцыялісты, імаверна, знаходзяцца ў вёсцы Мікулічы Гомельскай вобласьці. Там іх узмоцнена ахоўваюць Нацгвардыя і ФСБ Расеі.

«Менавіта гэтыя інструктары каардынавалі запускі БПЛА „Shahed-136“ па аб’ектах інфраструктуры Кіеўшчыны, паўночных і захадных абласьцей Украіны», — адзначаецца ў паведамленьні.

Паводле Цэнтру нацыянальнага супраціву, Расея цяпер цалкам кантралюе авіябазы ў Баранавічах і Лідзе.

Раней гэты ж цэнтар паведамляў, што іранскія інструктары знаходзяцца і ў Херсонскай вобласьці, дзе дапамагаюць расейцам запускаць бесьпілётнікі.
У кастрычніку гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў Белым доме.

​
XS
SM
MD
LG