Краіны Балтыі заклікалі Эўразьвяз стварыць трыбунал над Пуціным

Сьцягі Літвы, Латвіі і Эстоніі
Сьцягі Літвы, Латвіі і Эстоніі

Міністры замежных спраў Латвіі, Літвы і Эстоніі заклікалі краіны Эўразвязу і іх міжнародных партнэраў стварыць трыбунал, які б расьсьледаваў злачынствы расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Ўкраіны і заклаў бы асновы для юрыдычнай адказнасьці вінаватых у гэтых злачынствах.

У сумеснай заяве кіраўнікоў МЗС краін Балтыі гаворыцца, што расьсьледаваньняў, якія асобна праводзяцца Ўкраінай, некаторымі эўрапейскімі дзяржавамі і Міжнародным крымінальным судом, недастаткова для таго, каб «прыцягнуць да адказнасьці найвышэйшае палітычнае і вайсковае кіраўніцтва Расеі».

«Нядаўнія наўмысныя напады на жылыя дамы, школы і дзіцячыя пляцоўкі, а таксама цывільную інфраструктуру па ўсёй Украіне зьяўляюцца толькі эпізодам тэрарыстычнай кампаніі Расеі супраць украінскага народа. Эўрапейскі зьвяз павінен дзейнічаць, каб пошук адказных за жудасныя злачынствы знаходзіўся ў цэнтры нашай палітыкі», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Расейскія войскі ўварваліся на тэрыторыю Ўкраіны 24 лютага на загад Уладзіміра Пуціна. Па дадзеных ААН, да пачатку кастрычніка ў выніку ваеннай агрэсіі загінулі звыш 6 тысяч украінскіх мірных жыхароў, зь іх амаль 400 — дзеці.

Улады Ўкраіны расьсьледуюць сотні крымінальных спраў на расейскіх вайскоўцаў. Расея сваё дачыненьне да забойстваў мірных жыхароў адмаўляе.

​
XS
SM
MD
LG