423 дзіцяці загінулі з пачатку вайны ва Ўкраіне — Генпракуратура Украіны

Эвакуацыя зь дзецьмі з тэрыторый Украіны, якім пагражае небясьпека расейскага ўварваньня
Эвакуацыя зь дзецьмі з тэрыторый Украіны, якім пагражае небясьпека расейскага ўварваньня

Як найменей 1233 дзяцей паранены. Больш за ўсё дзяцей пацярпелі ў Данецкай, Харкаўскай, Кіеўскай, Мікалаеўскай, Чарнігаўскай, Запароскай, Луганскай, Херсонскай і Днепрапятроўскай абласьцях.

У Генэральнай пракуратуры Ўкраіны падкрэсьлілі, што гэта неканчатковыя зьвесткі. У статыстыку ўвайшлі толькі тыя загінуўшыя дзеці, чые імёны ўдалося пацьвердзіць.

У той жа час, у многіх украінскіх рэгіёнах, дзе ўсё яшчэ ідуць баявыя дзеяньні, і на акупаваных тэрыторыях працягваюць гінуць дзеці. Колькасьць такіх сьмерцяў пакуль падлічыць немагчыма.

Ва Ўкраіне працуе плятформа «Діти війни», куды можна паведаміць усе вядомыя факты і сьведчаньні пра дзяцей на вайне.

З-за бамбаваньняў і абстрэлаў пашкоджана больш за 2600 навучальных устаноў, 313 зь іх не падлягаюць адбудове.

Паводле дадзеных ААН на 10 кастрычніка, у выніку расейскай агрэсіі загінулі 6221 мірных жыхароў, уключаючы 396 дзяцей. У ААН таксама ўдакладняюць, што загінуўшых і пацярпелых значна больш, прыведзеныя лічбы — гэта толькі задакумэнтаваныя і ўжо пацьверджаныя ахвяры вайны.

​
XS
SM
MD
LG