Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое «рэгіянальная групоўка войскаў» Беларусі і Расеі, аб разгортваньні якой заявіў Лукашэнка


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін дамовіліся аб разгортваньні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў.

Zerkalo.io дасьледавала, што гэта значыць на практыцы. 10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка правёў чарговую нараду зь сілавым блёкам. Там ён заявіў:

«У сувязі з абвастрэньнем на заходніх межах Саюзнай дзяржавы мы дамовіліся аб разгортваньні рэгіянальнай групоўкі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Гэта ўсё па нашых дакумэнтах. Калі ўзровень пагрозы дасягае цяперашняга ўзроўню, як зараз, мы пачынаем задзейнічаць групоўку Саюзнай дзяржавы. Аснова гэтай групоўкі — армія, Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. Павінен вас інфармаваць, што фармаваньне гэтай групоўкі пачалося. Яно ідзе ўжо, па-мойму, цягам двух дзён. Аддадзена было маё распараджэньне, каб мы прыступілі да фармаваньня гэтай групоўкі».

Гэта нешта новае? Не

Згодна зь першым разьдзелам Ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы (прынятай 4 лістапада 2021 году), «рэгіянальная групоўка войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі (далей — РГВ) — разьмешчаныя ў мірны час або разгорнутыя ў пэрыяд нарастаньня ваеннай пагрозы (пэрыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі) у рэгіёне для адбіцьця магчымай агрэсіі органы кіраваньня і войскі (сілы) Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Ўзброеных Сіл Расейскай Фэдэрацыі, а таксама іншыя вайсковыя фармаваньні бакоў, прымяненьне якіх заплянавана па адзінай задуме і пляне».

Калі прасьцей, то гэта некаторая частка войскаў Расеі і Беларусі, якая аб’яднана і дзейнічае па сумесным пляне, калі небясьпека пагражае абедзьвюм краінам. Пры гэтым ніякага дачыненьня да таго, будзе вайна ці не, рэгіянальная групоўка сама па сабе ня мае — яе існаваньне магчыма і ў мірны час.

Выкарыстаньне РГВ прадугледжваецца і ў беларускай ваеннай дактрыне. Так, пункт 43 разьдзела 8 гэтага дакумэнту «Ваенная арганізацыя дзяржавы і асновы яе прымяненьня» паказвае, што:

  • пытаньні арганізацыі прымяненьня ваеннай сілы Рэспублікай Беларусь, каб гарантаваць бясьпеку Саюзнай дзяржавы, вызначаюцца дамовамі з Расеяй і выконваюцца рэгіянальнай групоўкай войскаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі;
  • у пэрыяд нарастаньня ваеннай пагрозы ствараецца Абʼяднанае камандаваньне рэгіянальнай групоўкай войскаў.

На момант публікацыі гэтага тэксту аб стварэньні Абʼяднанага камандаваньня не абвяшчалі ні беларускія ўлады, ні расейскія.

Навошта групоўка патрэбная?

Адказ на гэта ёсьць у першым разьдзеле Ваеннай дактрыны так званай Саюзнай дзяржавы:

  • для «адбіваньня нападу, нанясеньня паражэньня агрэсару і стварэньня перадумоў для спыненьня ваенных дзеяньняў на ўмовах, якія адпавядаюць інтарэсам дзяржаў-удзельніц».

Існаваньне такой групоўкі не прадугледжвае сумесных ваенных дзеяньняў за межамі Беларусі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG