Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён падставіў пэўных людзей». Што вядома пра затрыманага ў Літве юрыста, які супрацоўнічаў зь беларускімі прапагандыстамі


Мантас Данелюс
Мантас Данелюс

Мантас Данелюс — літоўскі юрыст, які дапамагаў беларусам у Літве, а пасьля адкрыта прызнаўся ў супрацоўніцтве зь беларускім КДБ. Што пра яго кажуць беларускія арганізацыі.

4 кастрычніка прадстаўнік літоўскай паліцыі Рамунас Матоніс пацьвердзіў затрыманьне юрыста Мантаса Данелюса па падазрэньні ў шпіянажы.

Дасудовае расьсьледаваньне, распачатае ў супрацоўніцтве з Дэпартамэнтам дзяржбясьпекі, вядуць супрацоўнікі Бюро крымінальнай паліцыі Літвы, ім кіруе Віленская акруговая пракуратура, паведаміў Матоніс, перадае lrytas.lt.

Раней Мантас Данелюс перадаў беларускай прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай відэа з экс-байцом палку Каліноўскага ва Ўкраіне Віктарам Савічам. Гэтыя відэа паказалі па беларускай дзяржаўнай тэлевізіі.

Сам беларускі добраахвотнік Віктар Савіч пазьней назваў паказанае па тэлевізіі «поўным трызьненьнем».

У інтэрвію парталу «Зеркало» Мантас не хаваў, што перадаў відэа беларускай прапагандыстцы, таксама ён казаў, што яна супрацоўніца КДБ. Мантас прызнаваўся, што «мае сымпатыю да Ксеніі Лебедзевай».

Свабода пагаварыла з прадстаўнікамі беларускіх арганізацый у Літве, якія так ці інакш сутыкаліся з Мантасам Данелюсам.

Вольга Карач: «Ён правакуе жанчын на нэгатыўную рэакцыю»

Кіраўніца арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач расказвае, што сьпярша Мантас як юрыст дапамагаў беларусам, якія прыехалі ў Вільню.

«Ён вельмі добры юрыст сапраўды. Для беларусаў было карысна пэўныя рэчы даведацца да яго: як працуе рынак працы, дзе шукаць інфармацыю. Мы пачалі працаваць зь ім напрыканцы сакавіка і скончылі зь ім працу ў сярэдзіне траўня. Сьпярша ён сапраўды шмат дапамагаў, а пасьля пачаліся дзіўныя пытаньні: „А хто вашыя спонсары?“, „Каму вы дапамагаеце ў Беларусі?“. Тады мы вырашылі спыніць зь ім супрацоўніцтва і папярэдзілі пра гэта ўсіх нашых партнэраў. Высьветлілася, што ён абышоў каля 20–30 беларускіх арганізацый, дзе спрабаваў атрымаць унутраную інфармацыю. Пасьля ён адкрыта пачаў расказваць пра сваё супрацоўніцтва з КДБ. Мы напісалі звароты ў паліцыю на пачатку чэрвеня. Ён падставіў пэўных людзей», — кажа Вольга Карач.

За юрыдычныя кансультацыі Мантас грошы ня браў, казаў, што спачувае беларусам.

«Тое, што ён дзіўнаваты, гэта факт. Пэўныя арганізацыі нас папярэджвалі, што ніколі зь ім сам-насам ня варта пакідаць жанчын. Мы сачылі за гэтым. Мы ня ведалі, што значыць гэтае папярэджаньне. Яму вельмі падабаецца, калі жанчыны яго зьневажаюць, кажуць яму нейкія дрэнныя рэчы. Ён на гэта правакуе жанчын, на такую рэакцыю, але ў нас ён ня здолеў дамагчыся такой рэакцыі ад некага. Калі мы зь ім ужо спынілі супрацоўніцтва і заблякавалі ўсюды, то ён спрабаваў дамагчыся нейкай рэакцыі ад нас на ягонае супрацоўніцтва з КДБ. Мы нават меркавалі нейкі час, што ён гэта прыдумаў, але пасьля ён усплыў у праграме Лебедзевай», — кажа Вольга Карач.

Вольга Карач дадае, што такі выпадак, як з Мантасам, не адзіны, і гэта патрабуе вырашэньня, найперш з пункту гледжаньня заканадаўства.

«Мантас не адзіны, хто атакуе беларускіх актывістаў у Літве. Такіх мужчын як мінімум трое. Мы лічым, што цэнтар гэтых усіх атак і правакацый знаходзіцца ў Менску. Важна, каб гэты выпадак з Мантасам змог зьмяніць сытуацыю зь беларускімі ўцекачамі ў Літве. Беларусам патрэбная дапамога ў вырашэньні юрыдычных, сацыяльных пытаньняў. Усе гэтыя сытуацыі становяцца магчымымі, бо ёсьць вялікая частка пратэставага беларускага грамадзтва, якая зьбегла ў Літву і не атрымлівае дастатковай падтрымкі. Няма доступу да бясплатнай юрыдычнай дапамогі», — кажа Вольга Карач.

Натальля Калегава: «Вырашыла, што ён псыхічна неўраўнаважаны»

Кіраўніца цэнтру «Дапамога» ў Літве Натальля Калегава кажа, што на судзе ёй няма ў чым абвінаваціць Мантаса, але пры гэтым ён «рабіў уражаньне неўраўнаважанага чалавека».

«Ён прыходзіў да нас, быў кансультантам. Правёў у нас два неблагія мерапрыемствы, правёў кансультацыі як юрыст. Нічым асабліва ён не вылучаўся, было бачна, што яму падабаецца быць навідавоку. Пасьля напісаў неўраўнаважаную запіску нам, аб тым, што „усе курвы і нацыкі павінны ведаць сваё месца“. Пасьля я яго заблякавала і вырашыла, што ён псыхічна неўраўнаважаны», — кажа Натальля Калегава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG