«Найлепш абароненая ў Эўропе». Польшча скончыла будаваць плот на мяжы зь Беларусьсю

Плот на літоўска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота
Плот на літоўска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта ў сваім Twitter расказаў прэс-сакратар міністра-каардынатара сакрэтных службаў Польшчы Станіслаў Жарын.

Паведамленьне пра гэта ён напісаў на польскай, расейскай і арабскай мовах.

«Польшча завяршыла будаўніцтва ахоўнай агароджы на мяжы зь Беларусьсю. Трапіць у Польшчу нелегальным шляхам цяпер немагчыма. Польска-беларуская мяжа цяпер найлепш абароненая ў Эўропе», — запэўніў Жарын.

Раней зьяўляліся паведамленьні, што мігранты робяць падкопы пад плот, пералазяць яго зьверху, а таксама публікавалі відэа, на якім сьцьвярджалася, што беларускія памежнікі дапамагаюць разразаць калючы дрот на мяжы. Таксама памежная служба паведамляла пра спробы мігрантаў пераплавіцца праз рэкі.

Плот на мяжы з Польшчай вышынёй 5,5 мэтраў расьцягнуўся на 180 кілямэтраў. Раней Літва пабудавала плот з калючага дроту і мэталёвай агароджы даўжынёй 500 кілямэтраў на мяжы зь Беларусьсю.

Мігранцкі крызіс на граніцы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся летась вясной. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня вырашыла не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, замежнікі пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.

Да пачатку вайны ва Ўкраіне плынь мігрантаў істотна скарацілася, але праз нейкі час зноў пачала расьці.

У 2021 годзе польскія памежнікі затрымалі на беларуска-польскай мяжы 39 664 мігрантаў. У Літву ў 2021 годзе зь Беларусі нелегальна прыбылі амаль 4,2 тысячы мігрантаў.

​
XS
SM
MD
LG