«Імаверна, што расейскія чыноўнікі не дазволяць Мурашову вярнуцца на пасаду на ЗАЭС. Расейскія афіцыйныя асобы, магчыма, паспрабуюць выкарыстаць фізычнае перамяшчэньне Мурашова, каб устанавіць далейшы кантроль над атамнай электрастанцыяй», — паведамляецца ў справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны.
Расейцы выкралі гендырэктара ЗАЭС Ігара Мурашова 30 верасьня, калі той вяртаўся са станцыі ў Энэргадар. З расейскага палону яго вызвалілі ўвечары 3 кастрычніка пасьля вялікага рэзанансу і ўмяшаньня генэральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі.
Псыхалягічны ціск і катаваньні адчулі на сабе яшчэ 100 супрацоўнікаў станцыі.
Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў, што ціск на пэрсанал Запароскай АЭС дасягае «неймаверных» маштабаў.
«Расейцаў не спыняе нават знаходжаньне назіральнікаў МАГАТЭ на станцыі. Ігара Мурашова ўжо вярнулі, ён знаходзіцца ў Вонкавым крызісным цэнтры ЗАЭС у Запарожжы. Але мы ня можам спадзявацца на „добрую волю“ акупантаў і тэрарыстаў. Больш як 100 супрацоўнікаў ЗАЭС перажылі падобны жорсткі ціск. Гэта людзі, якія працуюць з атамам і маюць найвышэйшы ўзровень адказнасьці за якасьць сваёй працы», — напісаў украінскі міністар на сваёй старонцы ў Facebook.
Герман Галушчанка заклікаў міжнародную супольнасьць дапамагчы спыніць расейскі тэрор на станцыі, а МАГАТЭ даць публічную ацэнку такім дзеяньням расейцаў, якія падрываюць ядзерную бясьпеку сьвету.
МАГАТЭ працягвае выказваць занепакоенасьць сытуацыяй на ЗАЭС.
Адразу пасьля выкраданьня дырэктара Запароскай станцыі МАГАТЭ зьвярнулася па тлумачэньні да Расеі. Генэральны дырэктар арганізацыі Рафаэль Гросі прызнаў, што затрыманьне Ігара Мурашова паўплывае ня толькі на ягоны псыхалягічны стан, а і на неад’емныя кампанэнты ядзернай і фізычнай бясьпекі станцыі.
«Яго адсутнасьць пры выкананьні службовых абавязкаў мае неадкладны і сур’ёзны ўплыў на прыняцьце рашэньняў па стварэньні бясьпекі», — заявіў Рафаэль Гросі.
Тады ж экспэрты МАГАТЭ паведамілі, што непадалёк ад станцыі некалькі дзён запар адбываліся выбухі, імаверна, выкліканыя дэтанацыяй мін. І іхная колькасьць павялічваецца.
У арганізацыі таксама паведамілі, што генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі «працягвае кансультацыі і іншую працу, накіраваную на хутчэйшае ўзгадненьне і стварэньне ахоўнай зоны ядзернай і фізычнай бясьпекі вакол Запароскай АЭС».
Рафаэль Гросі плянуе неўзабаве наведаць Кіеў і Маскву для ўзгадненьня пазыцый у пытаньнях ядзернай бясьпекі Запароскай АЭС.
У Энэргадары працуе падпольле
Мэр гораду Энэргадару Дзьмітро Арлоў паведаміў, што, нягледзячы на праведзены псэўдарэфэрэндум, мясцовыя жыхары працягваюць супраціў.
У горадзе, створаным для абслугоўваньня атамнай электрастанцыі, дзейнічае падпольная арганізацыя «Жоўтая стужка». Яе актывісты працуюць у большасьці вялікіх акупаваных Расеяй гарадах і кожны дзень расклейваюць у іх блакітна-жоўтыя стужачкі, улёткі, у якіх заклікаюць не глядзець і ня слухаць расейскіх навінаў, а таксама малююць праўкраінскія графіці.
Паводле Дзьмітра Арлова, пасьля псэўдарэфэрэндуму ў горадзе падпольшчыкі расклеілі 2 тысячы патрыятычных украінскіх улётак.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.