Расейскія войскі канчаткова страцілі кантроль над стратэгічна важным горадам Ліман у Данецкай вобласьці, мабыць, панёсшы значныя страты — гэтая чарговая няўдача Расеі павялічыць ціск на камандаваньне расейскай арміі.
Пра гэта гаворыцца ў нядзельным аглядзе выведкі Міністэрства абароны Вялікабрытаніі.
Паводле яе ацэнак, абарону Лімана трымалі малакамплектныя падразьдзяленьні Заходняй і Цэнтральнай вайсковых акругаў Расеі, а таксама кантынгенты добраахвотна мабілізаваных рэзэрвістаў.
«Сілы, верагодна, панесьлі значныя страты, калі яны адступалі па адзінай дарозе з горада, якая ўсё яшчэ знаходзіцца ў руках расейцаў», — гаворыцца ў аглядзе.
Брытанская выведка тлумачыць, што Ліман важны ў апэратыўным пляне, бо кантроль над ім азначае кантроль над ключавой пераправай праз раку Северскі Данец, уздоўж якой Расея спрабуе ўмацаваць сваю абарону.
«Вывад Расіі з Лімана таксама зьяўляецца значнай палітычнай няўдачай (для Расеі), улічваючы, што ён знаходзіцца ў межах Данецкай вобласьці — рэгіёна, які Расія нібыта імкнулася „вызваліць“ і які яна спрабавала незаконна анэксаваць», — дадаецца ў паведамленьні.
Брытанская выведка адзначае, што вывад расейскіх войскаў з Лімана прывёў да новай хвалі публічнай крытыкі расейскага ваеннага кіраўніцтва з боку асобных афіцыйных асоб. І далейшыя страты тэрыторыі «амаль напэўна прывядуць да ўзмацненьня гэтай грамадзкай крытыкі і ўзмацненьня ціску на вышэйшую камандную структуру».
Украінскія вайскоўцы заявілі аб вызваленьні Лімана і ўзяцьці яго пад кантроль
Увечары 1 кастрычніка намесьнік кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Кірыла Цімашэнка апублікаваў у тэлеграме відэа, як вайскоўцы ўсталёўваюць украінскі сьцяг на будынку адміністрацыі ў Лімане Данецкай вобласьці.
«Сёньня Ўзброеныя Сілы Ўкраіны, а менавіта 81-я асобная дэсантная брыгада сумесна з падразьдзяленьнямі Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны батальёнам імя Кульчыцкага вызвалілі і ўзялі пад кантроль населены пункт Ліман Данецкай вобласьці», — кажа адзін з украінскіх вайскоўцаў на відэа.
На відэа бачна, як украінскія вайскоўцы скідваюць з даху адміністрацыйнага будынка расейскія сьцягі і ўсталёўваюць украінскія.
Раней прэс-сакратар Усходняй групоўкі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Чараваты пацьвердзіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны ўвайшлі ў Ліман, аднак тады ён паведаміў, што ў горадзе працягваюцца баі. Пра баі ў гэтым горадзе казаў і кіраўнік украінскай дзяржавы Ўладзімір Зяленскі ў сваім вячэрнім звароце 1 кастрычніка.
Раней у гэты дзень кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак апублікаваў відэа, на якім украінскія вайскоўцы стаяць каля стэлы на ўездзе ў Ліман і вывешваюць украінскі сьцяг.
1 кастрычніка прэс-сакратар Усходняй групоўкі Узброеных сіл Украіны паведаміў, што расейская групоўка ў раёне Лімана трапіла ў атачэньне. Адказваючы на пытаньне аб колькасьці расейскіх вайскоўцаў у атачэньні, Чараваты назваў лічбу каля 5 тысяч, але адзначыў, што лічба можа быць і меншай.
Што кажуць у Расеі
Тым часам Мінабароны Расеі абвясьціла аб адводзе сваіх войскаў зь Лімана «ў больш выгадныя раёны» — пасьля заяваў украінскіх вайскоўцаў пра ачапленьне.
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў у сваім Telegram-канале жорстка раскрытыкаваў камандуючага войскамі Цэнтральнай ваеннай акругі генэрал-палкоўніка Аляксандра Лапіна, які кіраваў абаронай на Ліманскім напрамку. У Лімане сярод іншых атрадаў былі і «кадыраўцы».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.