Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Далейшы супраціў ня мае сэнсу — вы акружаныя». Украіна: у ліманскі «кацёл» трапілі 5 тысяч расейцаў


Украінскія вайскоўцы падступіліся да Ліману. Скрыншот зь відэа «Настоящего времени»
Украінскія вайскоўцы падступіліся да Ліману. Скрыншот зь відэа «Настоящего времени»

Украіна заявіла, што ўзяла ў «кацёл» каля 5 тысяч расейских вайскоўцаў каля Лімана Данецкай вобласьці. Паводле Інстытуту вывучэньня вайны, украінцы могуць узяць горад цягам бліжэйшых трох дзён.

Кіраўнік Луганскай вобласьці Сяргей Гайдай заявіў, што ўкраінцы ўзялі ў «кацёл» горад Ліман. Унутры аказаліся каля 5 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Зь ягоных словаў, расейцы зьвярнуліся да свайго кіраўніцтва з просьбай выйсьці зь Лімана, аднак атрымалі адмову.

Як мяркуе Гайдай, цяпер у расейцаў тры шляхі: паспрабаваць прарвацца з атачэньня, здацца ў палон або загінуць у «катле». Ён заявіў, што шляхі падвозу боекамплектаў або бясьпечнага доступу для расейцаў ужо перакрытыя.

Украінская служба Радыё Свабода апублікавала відэа пра тое, што адбывалася на Ліманскім накірунку 30 верасьня. Зь яго вынікае, што ўкраінскія вайскоўцы атачылі Ліман і заклікалі расейцаў здавацца ў палон.

«Вайскоўцы Расейскай Фэдэрацыі, сілы абароны Ўкраіны захапілі Ліман. Далейшы супраціў ня мае сэнсу — вы акружаныя. Каб здацца, вам неабходна выйсьці на бліжэйшую дарогу або да паселішча, скласьці зброю і дачакацца прадстаўнікоў узброеных сіл Украіны з паднятымі рукамі і здацца ў палон [...]

Памятайце, сваёй уладзе вы не патрэбныя. Для іх вы — гарматнае мяса! Вы патрэбныя сваім блізкім дома», — заклікае на відэа жаночы голас праз гукаўзмацняльнік.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што ўкраінскія вайскоўцы могуць узяць Ліман у бліжэйшыя тры дні.

Расейскія войскі пакуль утрымліваюць Ліман, аднак ужо пакінулі шэраг пазыцый. Сілы ўкраінскага войска працягваюць сьціскаць кольца вакол яго.

Расейскія крыніцы адзначаюць актыўнасьць украінскіх разьведвальных і дывэрсійных груп на шашы на паўночны ўсход ад Лімана пасьля таго, як яны, мяркуючы па ўсім, фарсавалі раку Жарабец. Некаторыя расейскія вайсковыя блогеры сьцьвярджаюць, што ўкраінскія вайскоўцы фарсавалі Северскі Данец і дзейнічаюць у лясах на поўдзень ад Крамянной.

Расейскі бок сьцьвярджае, што падцягвае да Лімана падмацаваньні з мэтай не дапусьціць поўнага атачэньня.

Аднак некаторыя вайсковыя блогеры крытыкуюць Маскву за тое, што ён так і не вывучыў урокаў ваенных дзеяньняў пад Харкавам. Яны ўказваюць на тое, што ў склад падмацаваньня ўключаныя нядаўна мабілізаваныя салдаты, якія наўрад ці адэкватна навучаныя і маюць баявы досьвед.

Іншыя блогеры кажуць, што замест рэальнай дапамогі сваім войскам у Лімане, расейскае камандаваньне аддае перавагу таму, каб абстрэльваць ракетамі Мікалаеўскую вобласьць.

Паводле зьвестак Інстытута, украінскія войскі таксама рушылі наперад у напрамку Купянска на ўсходнім беразе Аскола і працягваюць наносіць артылерыйскія ўдары па ваенных расейскіх аб’ектах у Луганскай вобласьці.

У выніку абстрэлаў HIMARS зьнішчылі радыёстанцыю і тэлевышку ў Старобыльску і асфальтавы завод у Алчэўску, дзе, паводле паведамленьняў, разьмяшчаліся расейскія войскі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG