Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і міністар абароны Сяргей Шайгу. Масква, 22 чэрвеня 2022 году.
Таксама ў Крымінальны кодэкс уведзеныя паняцьці «мабілізацыя» і «ваеннае становішча».
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон, паводле якога ў Крымінальны кодэкс уводзяцца такія паняцьці як «мабілізацыя», «ваенны стан» і «ваенны час». Закон таксама ўзмацняе жорсткасьць шэрагу пакараньняў для прызыўнікоў і вайскоўцаў.
У артыкуле аб абставінах, якія абцяжарваюць пакараньне, заменены словы «ва ўмовах узброенага канфлікту або ваенных дзеяньняў» на «ў пэрыяд мабілізацыі або ваеннага становішча, у ваенны час або ва ўмовах узброенага канфлікту або вядзеньня баявых дзеяньняў».
Акрамя таго, у Крымінальны кодэкс дададзены артыкулы аб марадэрстве і аб добраахвотнай здачы ў палон. За здачу ў палон пагражае ад трох да 10 гадоў пазбаўленьня волі, калі няма прыкмет дзяржаўнай здрады. За марадэрства — аж да 15 гадоў калёніі.
Таксама ўзмацняецца жорсткасьць пакараньня за самавольнае пакіданьне часткі ў пэрыяд мабілізацыі і ваеннага становішча. За незьяўленне на службу больш за месяц будуць прызначаць ад 5 да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Невыкананьне загаду ў пэрыяд ваеннага становішча, у прыватнасьці, адмова ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях, будзе карацца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад двух да трох гадоў.
Прызваныя на вайсковыя зборы расейцы, якія знаходзяцца ў запасе, будуць несьці крымінальную адказнасьць за няяўку або дэзэрцірства нароўні з кантрактнікамі і прызыўнікамі.
Акрамя таго, дэпутаты ўнесьлі некалькі новых артыкулаў аб невыкананьні дзяржаўнай абароннай замовы і парушэньні ўмоў дзяржаўнага кантракту.
Адпаведны законапраект дэпутаты Дзярждумы прынялі 20 верасьня ў другім і трэцім чытаньнях — за дзень да аб’яўленьня ў Расеі мабілізацыі.