Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў пра непрызнаньне рэфэрэндумаў аб далучэньні часткі ўкраінскіх тэрыторый да Расеі

Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК) Беларусі асудзіў правядзеньне на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны рэфэрэндумаў аб далучэньні да РФ.

З адпаведнай заявай выступіў прадстаўнік АПК у замежных справах і кіраўнік кабінэту беларускага дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі, інфармуе BPN.

«У сувязі с пачаткам правядзеньня так званых рэфэрэндумаў у справе далучэньня да Расеі часова акупаваных украінскіх тэрыторый у Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай абласьцях маем заявіць наступнае, — адзначыў ён. — Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі не прызнае ні ініцыятыву, ні працэс, ні вынікі незаконных рэфэрэндумаў. Так званыя рэферэндумы абвешчаныя і праводзяцца акупацыйнымі адміністрацыямі, падкантрольнымі Расеі і прызначанымі з боку Расеі».

Паводле слоў Кавалеўскага, рэфэрэндумы ня маюць легітымнасьці на тэрыторыі Ўкраіны, праводзяцца «пад сілавым кантролем Узброеных сіл Расеі з выкарыстаньнем прамога ціску на мясцовае насельніцтва». Рэфэрэндумы ў акупаваных абласьцях Украіны «праводзяцца з парушэньнем міжнародных норм, стандартаў і ў кантэксьце гвалту, непразрыста, а значыць ня могуць служыць падставай для самавызначэньня».

«Выкарыстаньне іх у такіх мэтах будзе лічыцца таксама і пагрозай бясьпецы Беларусі. Заявы і дзеяньні любых прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады Беларусі, накіраваныя на прызнаньне вынікаў рэфэрэндумаў, будзе расцэньвацца як дзяржаўнае злачынства, як дзеяньні, якія шкодзяць нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», — дадаў прадстаўнік АПК у замежных справах.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі, падкрэсьліў Кавалеўскі, «лічыць злачыннымі любыя замахі на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, уключаючы анэксію Крыму ў 2014 годзе і незаконны захоп Расеяй часткі тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей у пэрыяд пасьля 2014 году».

Адначасова АПК «прызнае безумоўнае права Украіны на дэакупацыю названых тэрыторый любымі даступнымі сродкамі, уключаючы палітычныя, ваенныя і іншыя меры, на справядлівую адплату ў адносінах да асоб, вінаватых у арганізацыі злачынных рэфэрэндумаў і іх наступствах, і будзе аказваць у гэтым усемагчымую падтрымку Украіне».

Аб правядзеньні рэфэрэндумаў на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны было абвешчана адначасова з пачаткам мабілізацыі ў РФ. Рашэньне пра мабілізацыю было прынятае пасьля таго, як украінскія войскі сталі актыўна прасоўвацца на ўсход краіны, вызваляючы свае землі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі быў створаны ў жніўні паводле ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG