Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АБСЭ ў рамках Маскоўскага мэханізму задакумэнтавалі поўнае здушэньне грамадзянскай супольнасьці ў Расеі

У рамках Маскоўскага мэханізму АБСЭ выпушчана справаздача пра стан расейскай грамадзянскай супольнасці і абароны асноўных свабод унутры краіны.

Пра гэта інфармуе «Голас Амэрыкі».

Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе апублікавала справаздачу пра стан грамадзянскай супольнасьці ў Расеі, ініцыяваную ЗША і іншымі краінамі 28 ліпеня ў рамках Маскоўскага мэханізму для праверкі захаваньня Расеяй сваіх абавязаньняў у галіне правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс, экспэртная місія вызначыла, што за апошняе дзесяцігодзьдзе ў Расеі ўлады «цалкам памянялі рамкі расейскай грамадзянскай супольнасьці, адрэзаўшы яе ад замежных і міжнародных партнэраў, здушыўшы самастойныя ініцыятывы, крытычнае стаўленьне да ўлады, прымусіўшы замаўчаць СМІ і здушыўшы палітычную апазыцыю».

У справаздачы гаворыцца, што Крэмль узяў пад свой кантроль усе фэдэральныя і рэгіянальныя праваахоўныя органы. Так званыя законы аб «замежных агентах» былі выкарыстаныя ўладай для накладаньня драконаўскіх пакараньняў і штрафаў на асоб і на арганізацыі, якія дзейнічаюць у інтарэсах грамадзянскай супольнасьці і маюць якія-небудзь замежныя кантакты.

Акрамя таго, расейскія ўлады падавілі свабоду выказваньня думак, у тым ліку ліквідаваўшы незалежныя СМІ і крытыку ўраду з дапамогай жорсткіх законаў аб цэнзуры, і «стварылі атмасфэру страху і запалохваньня, якая не адпавядае стандартам АБСЭ, заснаваным на плюралізьме і моцнай і незалежнай грамадзянскай супольнасьці».

У справаздачы таксама ясна ўказваецца, што «рэпрэсіі ўнутры Расеі і вайна за яе межамі зьвязаныя паміж сабой».

«Злучаныя Штаты, нашы саюзьнікі і партнэры будуць і надалей ускладаць на Расею адказнасьць за поўнае невыкананьне ёю сваіх абавязаньняў у рамках АБСЭ і абавязаньняў па міжнародным праве адносна правоў чалавека і асноўных свабодаў свайго народу, а таксама сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці іншых краін», — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту ЗША.

  • У верасьні 2020 году 17 краін — чальцоў АБСЭ заявілі аб ініцыяваньні Маскоўскага мэханізму ў АБСЭ для расьсьледаваньня падзей у Беларусі. Бэльгія, Канада, Чэхія, Данія, Фінляндыя, Францыя, Ісьляндыя, Латвія, Літва, Нарвэгія, Нідэрлянды, Польшча, Румынія, Славаччына, Вялікая Брытанія і ЗША ў сумеснай заяве тады падтрымалі ідэю спрыяньня нацыянальнаму дыялёгу ў Беларусі.
  • Маскоўскі мэханізм АБСЭ дазваляе правесьці пад эгідай АБСЭ расьсьледаваньне падзей і прадставіць пра гэта справаздачу. Першы раз Маскоўскі мэханізм у дачыненьні да Беларусі быў ініцыяваны ў красавіку 2011 году, пасьля масавых рэпрэсій, якія адбыліся пасьля выбараў 2010 году.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG