Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея заявіла, што зьбіла 295 украінскіх самалётаў. Але на ўзбраеньні паветраных сіл Украіны столькі няма


Украінскі верталёт МІ-24, чэрвень 2022
Украінскі верталёт МІ-24, чэрвень 2022

Свабода сабрала інфармацыю аб колькасьці баявых самалётаў і верталётаў на ўзбраеньні Ўкраіны з адкрытых крыніц.

Міністэрства абароны Расеі 20 верасьня паведаміла, што з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне расейская армія зьнішчыла 295 самалётаў і 155 верталётаў, якія знаходзіліся на ўзбраеньні ўкраінскай арміі.

У той жа час, згодна з міжнароднай справаздачай World Air Forces 2022, у сьнежні 2021 году на ўзбраеньні паветраных сіл Украіны былі 43 самалёты MiG-29, 26 — Su-27, 12 — Su-24 і 17 — Su-25. Агулам — 98 самалётаў.

Пасьля расейскага ўварваньня стала вядома аб перадачы Ўкраіне 30 баявых самалётаў — Славаччына — 12 MiG-29, Паўночная Македонія — 4 Su-25, і яшчэ 14 Su-25 паступілі ва Ўкраіну ў разабраным выглядзе.

Разам з 61 трэнавальным самалётам (L-39, MiG-29, Su-27) агульны авіяпарк складае 189 адзінак, а Расея заявіла, што зьбіла 295 самалётаў.

Паводле зьвестак FlightGlobal, у складзе паветранага флёту Ўкраіны на канец 2021 году знаходзіліся 54 верталёты Mi-8, 34 — Mi-24, 4 — Ka-27, 1 — Ka-226, 4 — Mi-14. Агулам — 97 баявых верталётаў і яшчэ 10 трэнавальных Mi-2.

У красавіку 2022-га ЗША заявілі аб праграме дапамогі, якая прадугледжвала перадачу Ўкраіне 11 верталётаў Мі-8 і Мі-17 савецкіх часоў. У чэрвені урад Славаччыны перадаў Украіне чатыры Мі-17 і адзін Мі-2, Чэхія ў ліпені — 7 Мі-24 і ў жніўні Латвія перадала па два верталёты Мі-17 і Мі-2. Яшчэ адзін верталёт Мі-2 набылі на сабраныя грошы праз плятформу UNITED24.

Такім чынам, усяго на ўзбраеньні Ўкраіны знаходзіцца 135 баявых верталётаў разам з трэнавальнымі. Расея ж паведаміла, што зьбіла 155 украінскіх верталётаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG