Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі можа быць мабілізацыя ў Беларусі і хто пад яе падпадае. У пытаньнях і адказах


Беларускія вайскоўцы наі вучэньнях «Захад-2021»
Беларускія вайскоўцы наі вучэньнях «Захад-2021»

21 верасьня Ўладзімір Пуцін абвясьціў у Расеі «частковую мабілізацыю», пад якую могуць падпасьці 300 тысяч чалавек. Глядзім, калі мабілізацыю могуць абвясьціць у Беларусі.

Пад абвешчаную Пуціным мабілізацыю падпадуць да 300 тысяч чалавек. Кантрактнікі, паводле яе, ня могуць разарваць свае кантрактныя дамовы да сканчэньня баявых дзеяньняў. А што з мабілізацыяй у Беларусі?

Калі і хто абвяшчае мабілізацыю?

Згодна з законам мабілізацыя ў Беларусі можа быць абвешчана ў выпадку ваеннай пагрозы ці ўведзенага ваеннага становішча.

Мабілізацыю абвяшчае прэзыдэнт Беларусі сваім указам, цягам трох дзён рашэньне мусіць зацьвердзіць Савет Рэспублікі.

Хто падпадае пад мабілізацыю?

Пад прызыў на вайсковую службу па мабілізацыі падпадаюць усе грамадзяне ва ўзросьце ад 18 да 65 гадоў, якія стаяць ці абавязаныя стаяць на воінскім уліку.

Ад прызыву на вайсковую службу па мабілізацыі вызваляюцца грамадзяне, прызнаныя па стане здароўя непрыдатнымі да вайсковай службы з выключэньнем з воінскага ўліку.

Адтэрміноўку ад прызыву па мабілізацыі можна атрымаць, калі

  • Вас прызналі часткова непрыдатным да вайсковай службы ў ваенны час — да паўгода
  • Калі ў вас ёсьць сямейнікі, якім патрэбны пастаянны догляд (павінна быць заключэньне мэдычнай камісіі)
  • Калі ў вас пад апекай 4 і болей дзяцей, малодшых за 16 гадоў
  • Таксама адтэрміноўку можна атрымаць па рашэньні прэзыдэнта. Тэрмін службы па мабілізацыі не ўстанаўліваецца.

Заканадаўства зьмяшчае норму аб тым, што грамадзяне, якія адбываюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, абмежаваньня волі або арышту, не падлягаюць прызыву на вайсковую службу па мабілізацыі.

Адміністрацыйны арышт — не падстава для вызваленьня ад мабілізацыі.

Хто і як набірае людзей у войска па мабілізацыі?

Мабілізацыяй займаюцца вайсковыя камісары па раёнах. Мабілізаваць чалавека могуць, толькі позваю ў рукі: ні тэлефонны званок, ні СМС не зьяўляюцца законнай падставай для прызыву. Позву павінны ўручыць асабіста ў рукі таму, каго мабілізуюць.

Ці можна езьдзіць па краіне падчас мабілізацыі?

Ад моманту абвяшчэньня мабілізацыі грамадзянам, якія знаходзяцца на воінскім уліку, забараняецца выезд зь месца жыхарства без дазволу вайсковага камісара.

Як могуць пакараць ухілістаў падчас мабілізацыі?

Пакараць за ўхіленьне ад вайсковай службы могуць згодна з 434 артыкулам Крымінальнага кодэксу — ад 2 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Ці могуць абвясьціць мабілізацыю праз АДКБ ці Саюзную дамову?

У дамове аб калектыўнай бясьпецы АДКБ нічога не сказана пра мабілізацыю. Ёсьць толькі пункт аб узаемнай дапамозе, у тым ліку вайсковай.

«У выпадку зьдзяйсьненьня агрэсіі (узброенага нападу, які пагражае бясьпецы, стабільнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту) на любую зь дзяржаў-удзельніц усе астатнія дзяржавы-ўдзельніцы па просьбе гэтай дзяржавы-ўдзельніцы неадкладна аказваюць ёй неабходную дапамогу, уключаючы ваенную», — прапісана ў дамове.

У Саюзнай дамове паміж Беларусьсю і Расеяй таксама нічога не сказана пра мабілізацыю. Ёсьць толькі пункт пра сумесную абаронную палітыку і сумеснае выкарыстаньне вайсковай інфраструктуры і прыняцьце іншых мер для падтрыманьня абараназдольнасьці Саюзнай дзяржавы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG