Вайскоўцы Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ) у нядаўна вызваленым горадзе Ізюме Харкаўскай вобласьці. Фота апублікавана 12 верасьня 2022
Пляны пасьпяховага контранаступу ўкраінскай арміі на паўночным усходзе і поўдні краіны былі распрацаваны ў супрацоўніцтве ўкраінскімі, амэрыканскімі, брытанскімі вайскоўцамі і афіцыйнымі асобамі.
Аб гэтым паведамляе газэта New York Times са спасылкай на крыніцы ў амэрыканскім урадзе.
Як піша выданьне, згодна зь першапачатковым плянам, распрацаваным генштабам УСУ па ўказаньні прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, які заклікаў украінскіх генэралаў прадэманстраваць посьпехі на полі бою для таго, каб даказаць здольнасьць украінскай арміі вызваліць захопленую расейскай арміяй тэрыторыю, УСУ павінны былі правесьці маштабны контранаступ на поўдні краіны. Мэта — вызваліць Херсон і адрэзаць Марыюпаль ад групоўкі расейскіх сіл на ўсходзе.
Аднак ў выніку вайсковых гульняў, праведзеных украінскімі і амэрыканскімі вайскоўцамі летам, стала зразумела, што такі наступ, хутчэй за ўсё, асуджаны на правал. Па словах аднаго з кіраўнікоў Пэнтагона Коліна Каля, гэтыя гульні дазволілі выявіць больш эфэктыўныя варыянты контранаступу, прадстаўленыя ўкраінскаму кіраўніцтву і вышэйшаму камандаваньню. Як падкрэсьлівае Каль, менавіта ўкраінскае кіраўніцтва празь некаторы час распрацавала канчатковы плян апэрацыі. Наступ на двух кірунках — паўночным і паўднёвым — быў прапанаваны ўкраінскімі вайскоўцамі.
На працягу жніўня Ўкраіна атрымлівала ад ЗША дэталёвыя выведныя дадзеныя, якія дазволілі выявіць самыя слабыя ўчасткі расейскай абароны і пацьвердзіць, што расейскаму войску не атрымаецца своечасова перакінуць войскі для іх абароны ў выпадку ўкраінскага наступу. Для посьпеху наступу Злучаныя Штаты павялічылі пастаўкі Кіеву ўзбраеньняў. Як адзначае New York Times, навіны, якія зьяўляліся амаль штотыдзень, аб выдзяленьні Ўкраіне амэрыканскай вайсковай дапамогі дадалі ўкраінскаму камандаваньню ўпэўненасьці ў зьдзяйсьняльнасьці пляну адначасовага наступу на двух франтах.
Хоць ва ўкраінскай арміі ёсьць магчымасьць вярнуць пад свой кантроль больш тэрыторыі на ўсходзе Ўкраіны, па словах украінскіх і амэрыканскіх афіцыйных асоб, поўдзень зараз зьяўляецца найважнейшым тэатрам ваенных дзеяньняў.