Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя Ізюму: Прынамсі тысяча жыхароў гораду забітыя


За апошнія 6 месяцаў падчас баёў ва ўкраінскім горадзе Ізюм загінула ня менш за 1000 чалавек, але рэальная колькасьць загінуўшых, верагодна, значна вышэйшая.

Пра гэта заявіў у панядзелак чалец гарадзкой рады Максім Стрэльнікаў — праз два дні пасьля таго, як украінскія войскі адваявалі горад.

Ізюм на працягу некалькіх месяцаў служыў галоўным апорным пунктам Расеі на паўночным усходзе Украіны.

«Ізюм моцна пацярпеў ад расейскай агрэсіі», — заявіў Стрэльнікаў на тэлеканфэрэнцыі, удакладніўшы, што 80% інфраструктуры гораду, уключаючы сыстэму цэнтральнага ацяпленьня, былі разбураныя.

«Паводле нашай інфармацыі, у выніку баявых дзеяньняў, на жаль, загінула не менш за 1000 жыхароў», — сказаў ён, дадаўшы, што многія пацярпелі празь немагчымасьці атрымаць неабходную мэдычную дапамогу, бо расейскія войскі ў сакавіку зьнішчылі ўсе мэдычныя ўстановы ў Ізюме.

Раней у панядзелак генштаб Украіны заявіў, што ўкраінскія войскі адваявалі больш за 20 гарадоў і вёсак толькі за апошнія суткі ў рамках контрнаступу, які прымусіў расейскія войскі пакінуць свае пазыцыі і вялізныя запасы боепрыпасаў і абсталяваньня.

Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявіла, што Расея, верагодна, аддала загад сваім войскам пакінуць усю Харкаўскую вобласьць на захад ад ракі Аскол. Такім чынам, Расея страціла галоўны маршрут, які яна выкарыстоўвала для забесьпячэньня сваіх вайсковых апэрацыяў на ўсходзе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG