Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: у Харкаўскай вобласьці УСУ вызвалілі больш за 30 населеных пунктаў. Што кажа заходняя выведка


Пашкоджаны «Бук-М2» 297-й зэнітна-ракетнай брыгады Ўзброеных сіл РФ у Харкаўскай вобласьці, 7 верасьня 2022 году
Пашкоджаны «Бук-М2» 297-й зэнітна-ракетнай брыгады Ўзброеных сіл РФ у Харкаўскай вобласьці, 7 верасьня 2022 году

Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ў Харкаўскай вобласьці ўкраінскія вайскоўцы ўзялі пад кантроль больш за 30 населеных пунктаў.

«Наша войска, выведка і СБУ працягваюць актыўныя дзеяньні па некалькіх апэратыўных кірунках. Пасьпяхова працягваюць... У цяперашні час Узброеныя сілы вызвалілі і ўзялі пад кантроль больш за 30 населеных пунктаў у Харкаўскай вобласьці», — сказаў Зяленскі падчас штодзённага відэазвароту да ўкраінцаў увечары 9 верасьня.

8 верасьня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што агулам з 1 верасьня Ўзброеныя сілы вызвалілі больш за тысячу квадратных кілямэтраў тэрыторыі Ўкраіны.

Генштаб Узброеных сіл Украіны ў ранішняй зводцы за 10 верасьня паведаміў, што за апошнія дні былі вызваленыя больш за тысячу квадратных кілямэтраў украінскай тэрыторыі.

У асобных напрамках Узброеным сілам Украіны ўдалося прасунуцца на глыбіню да 50 кілямэтраў, адзначаюць у Генштабе. Вызваленыя або ўзятыя пад кантроль больш за 30 населеных пунктаў у Харкаўскай вобласьці.

ISW: УСУ вызвалілі ў Харкаўскай вобласьці каля 2500 км² тэрыторыі

Паводле ацэнак брытанскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), украінскія войскі ў ходзе контрнаступу ў Харкаўскай вобласьці па стане на канец дня 9 верасьня вызвалілі прыкладна 2500 квадратных кілямэтраў тэрыторыі.

Экспэрты ISW сьцьвярджаюць, што абарона расейскіх войскаў на поўнач і поўдзень ад горада Ізюм Харкаўскай вобласьці можа быць прарваная. Расейскае камандаваньне тэрмінова перакідвае ў рэгіён падмацаваньне, адзначаны рух ваенных эшалёнаў у напрамку Купянска — буйнога чыгуначнага вузла на ўсходзе Ўкраіны.

Брытанская выведка: УСУ адразаюць расейскія часткі пад Ізюмам і рыхтуюцца пазбавіць Расею лініі забесьпячэньня Данбасу

Сьвежую зводку аб сытуацыі на франтах у 199-ы дзень вайны МЗС абароны Вялікай Брытаніі прысьвяціла посьпехам наступальнай апэрацыі Ўзброеных сіл Украіны на поўдні краіны.

Як адзначаецца ў справаздачы брытанскай выведкі, украінскае войска перайшло ў контранаступ на поўдні Харкаўскай вобласьці 6 верасьня, перадавыя часткі прасунуліся на 50 км углыб тэрыторыі, якая раней утрымлівалася расейскімі сіламі на вузкім участку фронту.

Мяркуючы па ўсім, расейская армія была засьпета зьнянацку, адзначаецца ў паведамленьні. Сэктар утрымліваўся слаба, і ўкраінскія часткі ўзялі пад кантроль ці атачылі некалькі гарадоў.

Мяркуючы па ўсім, УСУ ўсё больш адразаюць расейскія сілы вакол Ізюма, адзначае выведка. Украінскія часткі зараз пагражаюць узяць горад Купянск; гэта стане сур’ёзным ударам для Расеі, таму што празь яго ляжаць шляхі забесьпячэньня лініі фронту на Данбасе.

Разам з працягам украінскіх наступальных апэрацый у Херсоне расейскі абарончы фронт адчувае ціск як на паўночным, так і на паўднёвым флянгах, гаворыцца ў паведамленьні.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG