Як паведаміў раніцай 9 верасьня Генштаб Узброеных сіл Украіны, за папярэднія суткі расейскае войска страціла каля 650 вайскоўцаў, такім чынам агульныя страты асабовага складу перавысілі 51,9 тыс. чалавек.
Генштаб таксама публікуе ўдакладненыя зьвесткі аб стратах расейскай тэхнікі:
- 2122 танкі (+10 за дзень),
- 4575 баявых браніраваных машын (+18),
- 1237 артылерыйскіх сыстэм (+11),
- 306 ракетных установак (+1),
- 159 сродкаў супрацьпаветранай абароны,
- 239 самалётаў,
- 211 верталётаў (+1),
- 888 апэратыўна-тактычных бесьпілётнікаў (+4),
- 214 крылатых ракет,
- 15 караблёў,
- 3399 машын і цыстэрнаў (+55),
- 114 адзінак спэцтэхнікі (+4).
Паводле Генштабу, найбольшыя страты расейскае войска панесла на Данецкім кірунку.
Паводле зьвестак Пэнтагону на 8 жніўня, з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне загінулі або атрымалі раненьні 70-80 тысяч расейскіх вайскоўцаў.
Міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес 5 верасьня заявіў, што страты расейскага войска падчас поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну дасягнулі 25 тысяч чалавек забітымі.
Масква не паведамляе пра свае страты ў вайне супраць Украіны. Апошні раз расейскі бок апублікаваў дадзеныя аб стратах расейскіх войскаў 25 сакавіка, у другі раз з пачатку вайны. Паводле тых зьвестак, 1351 расейскі вайсковец загінуў, яшчэ 3825 былі параненыя.
Праверыць дадзеныя аб стратах ва ўмовах баявых дзеяньняў немагчыма.
Узброеныя Сілы Ўкраіны, якія цяпер вядуць маштабны контранаступ на поўдні і ўсходзе краіны, з пачатку восені вызвалілі дзясяткі акупаваных расейскімі войскамі населеных пунктаў на тэрыторыі больш за тысячу квадратных кілямэтраў.
Пра гэта ў звароце да ўкраінцаў па выніках 197-га дня вайны заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«У рамках абаронных апэрацый нашы героі вызвалілі ўжо дзясяткі населеных пунктаў. І сёньня гэты рух працягнуўся, ёсьць новыя вынікі. Усяго з 1 верасьня вызвалена больш за тысячу квадратных кілямэтраў нашай тэрыторыі. Дзякуй усім, хто гэта забясьпечыў!» — сказаў ён.
8 верасьня Украінскі Генштаб паведаміў пра вызваленьне больш як 20 населеных пунктаў Харкаўскай вобласьці, дадаўшы, што агульная плошча вернутых пад кантроль Украіны тэрыторый на Харкаўскім і Паўднёва-Бужанскім кірунках склала больш за 700 км².
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.