Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон назваў «абнадзейлівымі» посьпехі Ўзброеных сіл Украіны каля Харкава і Херсона


Міністар абароны ЗША Лойд Остын
Міністар абароны ЗША Лойд Остын

Міністар абароны ЗША Лойд Остын заявіў 9 верасьня, што ўкраінскія сілы дабіліся пэўных посьпехаў у сваіх апэрацыях у Харкаве і Херсоне, паведамляе Reuters.

«Цяпер мы бачым посьпех каля Херсона, мы бачым пэўны посьпех каля Харкава, і гэта вельмі абнадзейвае», — сказаў Остын падчас прэс-канфэрэнцыі са сваім чэскім калегам у Празе.

Ён прызнаў, што гэтыя дасягненьні стануць сур'ёзным ударам для Расеі, якая, паводле заходніх спэцслужбаў, панесла вялізныя страты. Яны таксама стануць вялікім штуршком для Кіева, які імкнецца паказаць сваім заходнім заступнікам, што ён можа зьмяніць факты на месцах сілай і заслугоўвае далейшай падтрымкі, адзначае агенцтва.

8 верасьня Лойд Остын заявіў, што прэзыдэнт Джо Байдэн ухваліў наданьне Ўкраіне дадатковай зброі на 675 мільёнаў даляраў, калі ён і іншыя міністры абароны сустрэліся ў Нямеччыне, каб абмеркаваць, як працягваць падтрымліваць Украіну ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Агульны абʼём дапамогі ЗША Ўкраіне ў сфэры бясьпекі з моманту ўступленьня Байдэна на пасаду ў студзені 2021 году дасягнуў 15,2 мільярда даляраў.

У жніўні ўкраінскія войскі пачалі контранаступ у Херсонскай вобласьці. Пасьля зьнішчэньня ў Херсонскай вобласьці трох мастоў, па якіх Расея забясьпечвала сваю вайсковую групоўку на акупаваных паўднёвых тэрыторыях, украінскія войскі прарвалі пазыцыі аб’яднаных фармаваньняў Расеі і так званай «ДНР» паблізу Кахоўкі.

8 верасьня, на трэці дзень контранаступу Ўзброеных сіл Украіны ў раёне гораду Балаклея ў Харкаўскай вобласьці, ва ўкраінскім Генштабе заявілі, што ўкраінскае войска вызваліла больш за 20 населеных пунктаў і ўклінілася ў абарону праціўніка на 50 кілямэтраў.

8 верасьня ўкраінскі Генштаб паведаміў пра вызваленьне больш як 20 населеных пунктаў Харкаўскай вобласьці, дадаўшы, што агульная плошча вернутых пад кантроль Украіны тэрыторый на Харкаўскім і Паўднёва-Бужанскім кірунках склала больш за 700 км².

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 8 верасьня заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны, якія цяпер вядуць маштабны контранаступ на поўдні і ўсходзе краіны, з пачатку восені вызвалілі дзясяткі акупаваных расейскімі войскамі населеных пунктаў на тэрыторыі больш як 1000 км².

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG