Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія войскі пайшлі ў наступ у Херсонскай вобласьці. Расейскія салдаты сьцьвярджаюць, што не змаглі ўтрымаць пазыцый

Украінскія вайскоўцы, 28 жніўня 2022
Украінскія вайскоўцы, 28 жніўня 2022

Украінскія войскі пасьля зьнішчэньня ў Херсонскай вобласьці трох мастоў, па якіх Расея забясьпечвала сваю вайсковую групоўку на акупаваных паўднёвых тэрыторыях, прарвалі пазыцыі аб’яднаных фармаваньняў Расеі і так званай «ДНР» паблізу Кахоўкі.

«Навіна ёсьць. Яна ўсіх натхніла, але трэба набрацца цярпеньня і зразумець правілы і пасьлядоўнасьць дзеяньняў украінскіх вайскоўцаў», — заявіла начальніца аб’яднанага каардынацыйнага прэсавага цэнтру Сіл абароны поўдня Ўкраіны Натальля Гумянюк 29 жніўня на брыфінгу.

У той жа час яна падкрэсьліла, што любая такая апэрацыя патрабуе цішыні.

«Ва ўмовах гібрыднай і інфармацыйнай вайны трэба ўсьведамляць, што любыя дзеяньні, калі яны вельмі натхняюць, іх трэба правесьці, і яны мусяць мець лягічнае завяршэньне, і толькі тады яны змогуць быць выніковымі», — патлумачыла яна.

Наталя Гумянюк дадала, што ўкраінская армія пэўны час рыхтавала наступальныя дзеяньні, зьнішчаючы склады з боепрыпасамі, апорныя пункты і ўстаноўкі супрацьпаветраных сыстэм. Яна таксама заклікала мясцовых жыхароў перачакаць актыўныя баявыя дзеяньні ва ўкрыцьцях.

«Сапраўды разьвіцьцё падзей досыць магутнае, сытуацыя дынамічна зьмяняецца», — дадала начальнік аб’яднанага каардынацыйнага прэсавага цэнтру Сіл абароны поўдня Ўкраіны.

Гэта першая афіцыйная заява пасьля таго, як у інтэрнэце распаўсюдзіліся відэазапісы, на якіх нібыта расейскія вайскоўцы заяўлялі аб прарыве сваіх пазыцый, і заявы палітыкаў аб тым, што пачаліся баі за Херсон.


26 жніўня апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень» паведаміла аб падрыве на акупаваным Расеяй поўдні Дар’еўскага моста, празь які забясьпечвалася расейскае войска ў Херсонскай і Запароскай абласьцях. Да гэтага ўкраінскія войскі пэўны час наносілі ўдары па Антонаўскім і Кахоўскім мастах і ўрэшце вывелі іх са строю.

Міністэрства абароны Расеі пакуль не камэнтуе падзей на паўднёвым фронце.

Расейцы пачалі яшчэ больш абстрэльваць Мікалаеў

Адразу пасьля пачатку наступальных дзеяньняў украінскага войска ў Херсонскай вобласьці расейцы пачалі інтэнсіўна абстрэльваць Мікалаеў.

Кіраўнік Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Віталь Кім паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што ракеты трапляюць у жылыя будынкі. «Ёсьць загінулы прахожы і цывільныя ў будынках. Заставайцеся ў сховішчах. Журналістаў прашу нічога не паведамляць — сьпяшацца няма куды, пераправярайце інфармацыю вачыма. Усе службы працуюць», — заявіў ён.

У Мікалаеве, як паведаміў мэр горада Аляксандар Сянкевіч, 2 асобы загінулі і як мінімум 5 атрымалі раненьні.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG