Міністэрства абароны Расеі 10 верасьня ўпершыню пасьля пачатку ўкраінскага наступленьня ў Харкаўскай вобласьці, у выніку якога быў прарваны фронт і вызваленыя дзясяткі населеных пунктаў, ускосна пацьвердзіла адступленьне расейскіх войскаў.
У паведамленьні міністэрства гаворыцца, што «на працягу трох сутак праведзена апэрацыя па згортваньні і перакіданьні Ізюмска-Балаклейскай групоўкі войскаў» на тэрыторыю, падкантрольную групоўцы «ДНР» (у Данецкую вобласьць).
Прычынай такога манэўру, названага ў паведамленьні перагрупоўкай войскаў, названа неабходнасьць дасягненьня мэт «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» (так у Расеі афіцыйна называюць вайну), для чаго патрабуецца нарошчваньне намаганьняў на Данецкім напрамку.
Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі і ўзялі пад кантроль больш за 30 населеных пунктаў у Харкаўскай вобласьці.
У прыватнасьці, улады Ўкраіны афіцыйна абвясьцілі аб вызваленьні гораду Балаклея, а 10 верасьня Служба бясьпекі Ўкраіны ўпершыню афіцыйна пацьвердзіла наяўнасьць украінскіх сілавікоў у Купянску на Харкаўшчыне, які да гэтага часу быў акупаваны расейскімі войскамі.
Акрамя таго, 10 верасьня зьявіліся паведамленьні аб тым, што расейскія войскі пакінулі Ізюм.
У другой палове дня ў суботу зьявіліся паведамленьні аб тым, што расейскія вайскоўцы пакідаюць горад Ваўчанск на поўнач ад Купянску каля мяжы з Расеяй. Паведамленьне аб гэтым зьявілася ў тэлеграм-канале акупацыйнай адміністрацыі.
Усе гэтыя гарады расейскіяя войскі ўзялі пад кантроль у пачатку поўнамаштабнай вайны, у лютым і сакавіку.
Афіцыйна Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны пакуль пацьвердзіў ня ўсе дадзеныя аб дэакупацыі гарадоў.
Напярэдадні міністар абароны ЗША Лойд Осьцін заявіў, што ўкраінскія сілы дэманструюць прыкметы посьпеху на полі бою ў двух контрнаступленьнях: у Харкава і Херсоне.