Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісар Яганэс Ган: Дапамога Эўразьвязу Ўкраіне да канца году складзе 8 млрд эўра, але 5 зь іх — крэдыты


Яганэс Ган
Яганэс Ган

У інтэрвію Радыё Свабода ў Празе камісар ЭЗ у справах бюджэту Яганэс Ган расказаў пра фінансавую дапамогу Ўкраіне.

— Неўзабаве Ўкраіне будзе дадзена макрафінансавая дапамога памерам 5 млрд эўра. Але ці ёсьць нешта яшчэ ў распрацоўцы?

— Што ж, павінна быць больш, таму што фінансавыя патрэбы Ўкраіны да канца (году) складаюць яшчэ 3 мільярды (эўра), якія мы ўжо прапанавалі як Эўрапейская камісія. І я ўпэўнены, што сёньня ці ў найбліжэйшыя пару дзён паміж дзяржавамі-членамі будзе прынятае рашэньне, таму што для гэтага нам патрэбны фінансавы ўклад дзяржаў-членаў.

— Але зноў жа, колькі з гэтага грантаў і колькі крэдытаў? Бо гэта азначае абавязак і для Ўкраіны.

— Так, цяпер мы гаворым пра 5 мільярдаў крэдыту, а наша прапанова палягае ў тым, каб астатнія 3 мільярды былі прадстаўленыя як гранты. Гэта менавіта тое, што мы абмяркоўваем. Але зноў жа, я ўпэўнены, што мы можам аказаць гэтую фінансавую падтрымку.

— Гэтага дастаткова для Ўкраіны?

— Да канца году, паводле слоў нашых украінскіх сяброў, гэта дазволіць фінансаваць іх патрэбы. Але рэальнае пытаньне сапраўды палягае ў тым, як фінансаваць Украіну ў выпадку (а гэта вельмі верагодна), што вайна працягнецца ў новым годзе. І мы павінны падтрымліваць Украіну, таму што Ўкраіна абараняе ня толькі сябе, але і нас, нашы каштоўнасьці. І менавіта таму мы абавязаныя іх падтрымліваць. І менавіта таму я тут, у Празе, каб абмеркаваць гэта зь міністрамі фінансаў нашых дзяржаваў-сябраў.

— У вас ёсьць абавязаньне. Але ці ёсьць сродкі?

— Ну, пакуль што не. Але гэта менавіта тое, што я мушу абмеркаваць зь імі (міністрамі фінансаў ЭЗ), таму што гэта ня можа быць забясьпечана зь цяперашняга эўрапейскага бюджэту. Павінны быць экстраардынарныя намаганьні.

— Але зноў жа, зараз вы бачыце, што амаль усе загалоўкі ў СМІ — пра тое, колькі будуць плаціць грамадзяне ЭЗ за электраэнэргію. І, вядома ж, Эўразьвяз у канчатковым выніку таксама будзе аплачваць многія з гэтых рахункаў. Таму ёсьць шмат грошай, якія пойдуць на эканамічнае пражываньне зімы для грамадзян ЭЗ. Ці застанецца што-небудзь украінцам?

— Ну, сапраўды, гэта для нацыянальных палітыкаў асаблівы выклік, таму што сёньня ў нас паралельна сустрэча міністраў энэргетыкі Эўразьвязу і, вядома, мы павінны паглядзець, як даць рады ўсплёску цэнаў на энэргію.

І, вядома ж, людзі вельмі сканцэнтраваныя на тым, як аплачваць свае рахункі за электраэнэргію. Але, тым ня менш, мы павінны зноў падумаць пра Ўкраіну. Гэта ў нашых інтарэсах, але і тут трэба бачыць, што падтрымка Ўкраіны павінна быць міжнароднай. Вядома, Эўропа мае вырашальнае значэньне, Эўропа, верагодна, найважнейшая, але яна ня можа быць адзінай, хто бярэ на сябе цяжар.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG