Украіна хоча атрымаць ад Расеі 300 млрд даляраў рэпарацый

Марыюпаль, 30 жніўня 2022
Марыюпаль, 30 жніўня 2022

Украіна хоча атрымаць ад Расеі рэпарацыі памерам ня менш за 300 млрд даляраў ў сувязі з ваеннымі разбурэньнямі ад расейскай агрэсіі.

Пра гэта са спасылкай на заяву міністра юстыцыі Ўкраіны Дзяніса Малюські выданьням нямецкай мэдыягрупы Funke паведамляе DW.

На Генэральнай Асамблеі ААН, якая пачынаецца 13 верасьня, Кіеў зьбіраецца дабіцца прыняцьця рэзалюцыі, на якой у далейшым павінна грунтавацца стварэньне міжнароднага мэханізму кампэнсацыі стратаў.

«Мы хочам атрымаць кампэнсацыю за ўсю шкоду, якую Расея нанесла Ўкраіне сваёй агрэсіўнай вайной», — адзначыў міністар.

Страты, панесеныя Ўкраінай ад расейскага поўнамаштабнага ўварваньня, ацэньваюцца значна вышэй, адзначае агенцтва dpa. Тым ня менш згаданая сума адпавядае актывам Банку Расеі ў краінах G7, замарожаным у рамках міжнародных санкцый.

Малюська запатрабаваў доступу да гэтых сродкаў, а таксама да замежных актываў расейскіх дзяржаўных прадпрыемстваў і канфіскаванай уласнасьці расейскіх алігархаў.

Нямеччына таксама павінна даць інфармацыю, колькі расейскіх актываў разьмешчана ў краіне, дадаў міністар.

ВУП Украіны з прычыны расейскага ўварваньня скараціўся на 37,2% у гадавым вымярэньні, сьведчаць дадзеныя ўкраінскага Дзяржстату.

«Рэальны ВУП у II квартале 2022 году зьменшыўся ў параўнаньні з папярэднім кварталам на 19,1%, а ў параўнаньні з II кварталам 2021 году — на 37,2%», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Згодна з прагнозамі Міністэрства эканомікі, ВУП Украіны сёлета з прычыны вайны зьменшыцца на 35-40%.

Нацыянальны банк Украіны чакае падзеньня эканомікі на 33,4% сёлета і частковага росту ў 2023 і 2024 гадах.

​
XS
SM
MD
LG