Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек у цывільным пагражаў, што я працы не знайду». Як грамадзян Беларусі прымушаюць адмаўляцца ад «карты паляка»


«Сядзяць, бо палякі», – надпіс на плякаце з партрэтамі беларускіх палітвязьняў, лідэраў Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута. Варшава, 8 верасьня 2022
«Сядзяць, бо палякі», – надпіс на плякаце з партрэтамі беларускіх палітвязьняў, лідэраў Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута. Варшава, 8 верасьня 2022

Паводле розных дадзеных, ня менш за 160 тысяч грамадзян Беларусі маюць «карты паляка». Нядаўна на тэму «замежнага плястыку» выказаўся Аляксандар Лукашэнка. Ён заклікаў органы разабрацца, «ці яны грамадзяне Беларусі, ці «заблудзіліся», ці ў іх іншая арыентацыя».

Свабода высьветліла, што ціск на ўласьнікаў «карты паляка» пачаўся яшчэ да выказваньня Лукашэнкі. Ёсьць выпадкі, калі людзей прымушалі адмовіцца ад «карты паляка» і пагражалі.

Што гавораць чыноўнікі і прапагандысты на тэму «карты паляка»

Пасьля выказваньня Лукашэнкі пра «карту паляка» тэму пачалі абмяркоўваць чыноўнікі і прапагандысты. Так, на тэлеграм-каналах, зьвязаных зь дзяржаўнай журналістыкай, былы дэкан факультэту філязофіі БДУ Вадзім Гігін прапанаваў «увесьці нулявую цярпімасьць да ўласьнікаў «карты паляка».

«Фактычна гэта двайная ляяльнасьць. Дадзеныя перадаюцца польскім спэцслужбам. Гэтыя людзі атрымліваюць асаблівыя правы на тэрыторыі польскай дзяржавы», — выказаўся ён.

Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Кубракоў выказаўся, што пасьля прыняцьця адпаведнага закону ўласьнікі «карты паляка» могуць быць абмежаваныя ў правах.

«Кавалак плястыку з абадранай курыцай»

«Наезд» на ўласьнікаў «карты паляка» пачаўся задоўга да прамовы Лукашэнкі. Напрыклад, 7 ліпеня ў тэлеграм-каналах, зьвязаных зь дзяржаўнай прапагандай, зьявіўся невялікі «фільм» пра ўладальнікаў «карты паляка».

Аўтар сюжэту называе «карту паляка» «кавалкам плястыку з абадранай курыцай уверсе» і сьцьвярджае, што «многія беларусы ўсьвядомілі яе сутнасьць (падрыў стабільнасьці і міру на тэрыторыі краіны) і вырашылі ад яе адмовіцца».

У міні-фільме выступае «жыхарка Бабруйску Людміла Савіцкая». Яна кажа, што «карту паляка» атрымала ў 1998 годзе, калі «ў нас не было прадуктаў, кавы і гарбаты». (Насамрэч «карту паляка» ў Беларусі пачалі выдаваць у 2008 годзе. — РС).

Паводле жыхаркі райцэнтру, пасьля выбараў 2020 году яе выклікалі ў польскую амбасаду і прасілі там «ачарніць Беларусь» за 2 тысячы эўра ў канвэрце.

«Я сказала: «Забярыце сваю „карту паляка“!» — заявіла жыхарка Бабруйску.

У сюжэце паказаны яшчэ дзьве жанчыны. Адна кажа, што для яе «карта паляка» — як «ашыйнік для сабакі» і наяўнасьць такога дакумэнту яна лічыць «прыніжальнай». «Карту паляка» яна дэманстратыўна выкідае ў сьметнік.

Другая жанчына кажа, што адмаўляецца ад «карты паляка» «ў сувязі зь недружалюбнай палітыкай Польшчы». Яна дэманстратыўна разразае дакумэнт.

«Завялі ў міліцыю, там са мной гутарыў чалавек у цывільным»

Антон (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) мае «карту паляка» паводле каранёў з 2018 году.

«Не надаваў нават гэтаму нейкай увагі. Бо колькі жыхароў Берасьця і Горадні валодаюць такімі картамі! Езьдзіў у Польшчу, раз была такая магчымасьць. Недзе ў красавіку ці траўні я чарговы раз вярнуўся з Польшчы. Да мяне прыйшла міліцыя. Маўляў, тут ля твайго дома быў нейкі інцыдэнт, пойдзеш сьведкам. Я кажу, што я нічога ня ведаю, толькі з-за мяжы прыехаў. Але мяне настойліва папрасілі прайсьці ў міліцыю», — кажа Антон.

У міліцыі яго завялі ў асобны кабінэт. Там чакаў чалавек у цывільным, які прадставіўся супрацоўнікам аддзелу грамадзянства і міграцыі.

Карта паляка
Карта паляка

«Ён мне прапанаваў адмовіцца ад „карты паляка“, напісаць заяву ў амбасаду. Я не пагадзіўся і сказаў, што ад дзядоў, прадзедаў і продкаў я ня буду адмаўляцца. Ён кажа: „Ты ад прадзедаў не адмаўляйся, але ад паперкі мог бы і адмовіцца“. Потым пачаў пагражаць, што я не знайду сабе працы, страчу жытло, хоць яно ў прыватнай уласнасьці», — дадаў суразмоўца.

Паводле яго, недзе празь месяц яму патэлефанаваў «чалавек у цывільным» і запрасіў на размову.

«Я сказаў, што няма часу, заняты, хай шле позву. Ён сказаў у такім духу: „Ну глядзі, вырашай сам“. Цяпер я ня ведаю, што і рабіць. Столькі беларусаў маюць віды на жыхарства ў Польшчы, Літве, тыя ж дальнабойнікі. І што цяпер? Нават ня ведаю, чаго і чакаць. Але я не хачу адмаўляцца ад свайго роду, ад сваіх каранёў, я мушу сваю гісторыю перадаць дзецям», — кажа Антон.

Ці могуць грамадзяне Беларусі цяпер атрымаць «карту паляка»?

Такая магчымасьць застаецца, але пераважна гэта можна зрабіць у Польшчы. Чытач Свабоды падзяліўся з намі сваім досьведам.

29 ліпеня зьмянілася польскае заканадаўства, і цяпер падаць дакумэнты на «карту паляка» можна ў кожным ваяводзтве Польшчы.

Як трапіць у Польшчу пры цяжкасьцях з атрыманьнем візы ў Беларусі?

«Пішаш анкету, адпраўляеш на электронную скрынку ў польскім ваяводзтве. Дамаўляесься зь імі на дату прыезду. Яны пацьвярджаюць, што ты да іх прыедзеш. Пішаш на электронную скрынку ў консульскі аддзел, шлеш копіі перапісак, што едзеш у Польшчу падавацца на „карту паляка“, яны табе даюць дату, каб падаць дакумэнты на візу», — патлумачыў чытач Свабоды.

У Польшчы цяпер усе ваяводы ўпаўнаважаныя прымаць заявы аб выдачы «карты паляка». Падрабязныя альгарытмы атрыманьня прапісаныя ў эмігранцкіх чатах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG