Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба ведаць пра «карту паляка»? Пытаньні і адказы


Польскі памежны слуп



Міністэрства замежных спраў Польшчы агучыла сьвежую статыстыку: больш за 130 тысяч жыхароў Беларусі атрымалі «карты паляка». Што яшчэ важна ведаць пра гэты дакумэнт?

1. Хто можа атрымаць «карту паляка»?

Асобы, якія адносяць сябе да польскай нацыі, але ня маюць польскага грамадзянства і дазволу на пражываньне ў Польшчы, а да таго ж ня могуць атрымаць падвойнае грамадзянства ў краіне, дзе жывуць.

Зрэшты, «карту паляка» могуць атрымаць усе, хто выканае шэраг патрабаваньняў, пералічаных ніжэй.

2. Навошта Польшча вырашыла выдаваць «карты паляка»?

Каб умацаваць сувязі, якія злучаюць палякаў з Радзімай-Маці, і падтрымліваць іхнія намаганьні захаваць польскую мову і нацыянальныя традыцыі. Такая мэта прапісаная ў законе «Аб карце паляка».

3. Як атрымаць «карту паляка»?

  • Трэба прадэманстраваць сваю сувязь з польскасьцю. Гэта значыць, прынамсі, паказаць асновы ведаў польскай мовы, якую чалавек лічыць роднай, а таксама — веданьне польскіх традыцый і звычаяў.
  • Чалавек павінен заявіць аб сваёй прыналежнасьці да польскай нацыі. Гэта робіцца ў выглядзе пісьмовай дэклярацыі ў прысутнасьцi консула Польшчы.
  • Трэба даказаць, што прынамсі адзін з бацькоў, або бабуля, або дзядуля, або двое з пакаленьня прадзедаў былі польскай нацыянальнасьці. Гэта пацьвярджаецца арыгіналамі і копіямі дакумэнтаў.
  • Яшчэ запатрабуецца заява, што сам чалавек або ягоныя продкі не рэпатрыяваліся з Польшчы на падставе рэпатрыяцыйных дамоваў 1944–1957 гг.

На практыцы гэты працэс выглядае як квэст.


Калі ў сям’і няма на руках дакумэнтаў аб польскім паходжаньні продкаў, пацьверджаньня шукаюць у архівах, касьцельных кнігах.

Каб трапіць на гутарку да консула, трэба зарэгістравацца ў консульстве праз тэлефон. Дазваніцца самастойна прыкладна гэтак жа складана, як і зарэгістравацца на атрыманьне шэнгенскай візы. Тут у гульню ўваходзяць пасярэднікі, якія бяруцца зарэгістраваць чалавека за грошы. Да таго ж на шмат якіх курсах польскай мовы рыхтуюць менавіта да «экзамэну на карту паляка».

Па словах дзеяча Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута, паміж рэгістрацыяй на гутарку і самой гутаркай можа прайсьці каля двух гадоў.

Гутарка ідзе па-польску. Консул можа запытацца, прыкладам, імёны польскіх каралёў, якое бліжэйшае дзяржаўнае польскае сьвята, як сям’я кандыдата на «карту паляка» сьвяткуе Раство, або папросіць засьпяваць гімн Польшчы.

Ня ўсе здаюць экзамэн зь першага разу, тады мусяць праходзіць усё кола ад пачатку.

4. Чаго не дае «карта паляка»?

  • «Карта паляка» не азначае, што можна будзе аўтаматычна атрымаць польскае грамадзянства або від на жыхарства ў Польшчы.
  • «Карта паляка» не замяняе візы і ня служыць пропускам празь беларуска-польскую мяжу.

5. Што дае «карта паляка» свайму ўладальніку?

  • Віза. Ня трэба плаціць консульскі збор пры атрыманьні польскай візы (цяпер збор за шэнгенскую візу — 60 эўра). Але іншыя ўмовы рэгістрацыі на візу такія самыя. Праўда, «карта паляка» дазваляе бясплатна атрымаць нацыянальную польскую візу, а не шэнгенскую. Аднак на практыцы розьніца невялікая, у шэнгенскую зону можна трапіць па абедзьвюх.
  • Праца. З «картай паляка» ў Польшчы лягчэй уладкавацца на працу. Для яе ўладальніка дзейнічаюць тыя ж правілы, што і для польскіх грамадзян.
  • Вучоба. Лягчэй паступіць вучыцца ў Польшчу. Жыхары Беларусі з «картай паляка» паступаюць на тых жа ўмовах, што і грамадзяне Польшчы. Так, вучоба ў дзяржаўным унівэрсытэце для іх можа быць бясплатнай. Правілы залежаць ад канкрэтнай ВНУ. Часта патрэбна толькі паказаць атэстат аб заканчэньні школы ў Беларусі, часам — прайсьці гутарку на веданьне польскай мовы або здаць экзамэн па польскай мове, у некаторых унівэрсытэтах — здаць дадатковыя экзамэны.
  • Мэдыцына. У выпадку экстраных сытуацый бясплатная мэдычная дапамога аказваецца на тых жа падставах, як і грамадзянам Польшчы. Таму, едучы ў Польшчу, уладальнік «карты паляка» ня мусіць афармляць страхоўку ад няшчасных выпадкаў.
  • Праезд. Ільготы ў памеры 37% на праезд у шэрагу цягнікоў па тэрыторыі Польшчы.
  • Музэі. Бясплатны ўваход у дзяржаўныя музэі.
  • Дапамога консула ў небясьпечнай сытуацыі.
  • Грамадзянства. Уладальнік «карты паляка» можа прэтэндаваць на атрыманьне часовага або сталага віду на жыхарства ў Польшчы. Праз год жыцьця ў Польшчы ён можа падаць заяву на атрыманьне польскага грамадзянства.
  • Грашовая дапамога. У першыя 9 месяцаў жыцьця ў Польшчы ўладальнік «карты паляка» можа прэтэндаваць на грашовую дапамогу дзяржавы ў памеры 50–60% мінімальнага заробку на сябе і свайго сужонца, а таксама ў меншым памеры — на сваіх дзяцей.

6. Ці спрыяе «карта паляка» масаваму адтоку жыхароў Беларусі на сталае месца жыхарства ў Польшчу?

Згодна з дадзенымі ўпраўленьня па справах замежнікаў у Польшчы на красавік 2019 году, 21 тысяча беларусаў маюць від на сталае жыхарства ў Польшчы, зь іх 15 тысяч (71%) — маюць польскае паходжаньне і «карту паляка». З 2017 году колькасьць жыхароў Беларусі, якія атрымалі від на жыхарства ў Польшчы, вырасла амаль удвая. Амаль 60% зь іх — ва ўзросьце 20–39 гадоў.

7. «Карта паляка» існуе толькі ў Беларусі?

Не. Да нядаўняга моманту яе маглі даць жыхарам 15 краін, якія ўваходзілі ў Савецкі Саюз: Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Казахстан, Кіргізстан, Літва, Латвія, Малдова, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан, Украіна, Узбэкістан, Эстонія.

Сёлета ў красавіку Польшча пашырыла дзеяньне закону «Аб карце паляка» на краіны ўсяго сьвету.

Польскі сьцяг, фота ©Shutterstock
Польскі сьцяг, фота ©Shutterstock

8. Калі ў Беларусі зьявілася «карта паляка»?

Іх пачалі выдаваць у 2008 годзе. Закон «Аб карце паляка» выйшаў у верасьні 2007 году.

9. Колькі чалавек у Беларусі маюць «карты паляка»?

131 770. Такую лічбу падае Міністэрства замежных спраў Польшчы на 24 верасьня 2019 году.

Штодня апрацоўваецца больш за 1500 заяваў.

Попыт на «карты паляка» расьце: за апошнія тры гады дакумэнт атрымалі больш за 55 тысяч беларусаў, тады як за папярэднія 8 гадоў было аформлена каля 75 тысяч «картаў паляка» (такую лічбу называў у чэрвені 2016 году тагачасны амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік).

10. Як выглядае «карта паляка»?

Гэта белая плястыкавая картка памерам са звычайную банкаўскую картку, на якой ёсьць фота ўладальніка, ягоныя імя, прозьвішча, дата нараджэньня, пол, а таксама тэрмін дзеяньня карткі, які потым можна працягнуць.

11. Колькі каштуе «карта паляка»?

За працэдуру падачы заявы на «карту паляка» заяўнік нічога ня плаціць, гаворыцца на сайце польскага консульства ў Беларусі.

Але нечага могуць каштаваць паслугі пасярэднікаў, якія дапамагаюць запісацца на гутарку да консула, курсы падрыхтоўкі да экзамэну, пошукі ў архівах.

12. Як «карту паляка» крытыкавалі ў Беларусі?

Увядзеньне «карты паляка» выклікала пратэсты з боку афіцыйных уладаў Беларусі. У беларускіх дзяржаўных мэдыях ня раз праходзілі кампаніі супраць «карты паляка».

Канстытуцыйны суд Беларусі ў 2011 годзе разгледзеў па прапанове Палаты прадстаўнікоў закон Польшчы «Аб карце паляка» і прыйшоў да высновы, што асобныя нормы закону «Аб карце паляка» не адпавядаюць

  • агульнапрызнаным прынцыпам сувэрэннай роўнасьці дзяржаў і неўмяшаньня ў справы, якія ўваходзяць ва ўнутраную кампэтэнцыю іншай дзяржавы, што прадугледжаныя ў статуце ААН;
  • палажэньням Венскай канвэнцыі аб консульскіх зносінах і Консульскай канвэнцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча;
  • палажэньням Пагадненьня паміж урадамі Беларусі і Польшчы аб узаемных паездках грамадзян, заключанага шляхам абмену нотамі 20 сьнежня 2007 году.

Старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у 2016 годзе выказаў сумневы што да «карты паляка».

«Такая палітыка стымулюе эміграцыю моладзі, высокакваліфікаваных спэцыялістаў зь Беларусі ў Польшчу, а гэта не павінна наносіць шкоду інтарэсам маёй краіны», — заявіў Мясьніковіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG