Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Годзе называць беларускіх палякаў «спалянізаванымі беларусамі», — Тадэвуш Гавін


Тадэвуш Гавін

У Саюзе палякаў Беларусі лічаць, што пачалася новая хваля ціску на нацыянальную меншасьць. Гэта зьвязана з тым, што двум настаўнікам грамадзкай польскай школы імя караля Стэфана Баторыя ў Горадні не працягнулі дазволу заставацца ў Беларусі. Чакаецца, што на наступным тыдні могуць выслаць яшчэ некалькіх настаўнікаў.

«Аўтарытарныя рэжымы заўсёды спрабуюць зьменшыць колькасьць этнічных меншасьцяў. Такім чынам яны хочуць унікнуць нацыянальна-культурных і моўных патрабаваньняў зь іхнага боку», — гаворыць у інтэрвію Свабодзе Тадэвуш Гавін, першы кіраўнік Саюзу палякаў Беларусі.

Яшчэ ў 1988 годзе яго абралі кіраўніком Польскага культурна-асьветніцкага таварыства імя Адама Міцкевіча. Праз два гады ён узначаліў СПБ і старшыняваў у гэтай арганізацыі да 2000 году. Сёньня Тадэвуш Гавін займаецца навуковай дзейнасьцю.

У інтэрвію Свабодзе ён расказаў пра асноўныя пагрозы для палякаў у Беларусі, каго лічыць галоўным саюзьнікам беларускіх палякаў, пра свае стаўленьне да тэрміну «Крэсы» і адказаў на пытаньне, ці пагражае палякам беларускі нацыяналізм.

«Перапісы насельніцтва ў Беларусі - адзін з мэтанакіраваных элемэнтаў дэпалянізацыі краіны»

— Вакол палякаў у Беларусі ды іх колькасьці шмат блытаніны. Нехта іх называе спалянізаванымі беларусамі, іншыя кажуць, што іх больш за мільён. Спачатку разьбярэмся ў тэрмінах. Хто ёсьць палякам у Беларусі?

— Палякі ў Беларусі — гэта мясцовае насельніцтва, якое стагодзьдзямі жыве на гэтай зямлі. Гэта грамадзяне, якія ўносяць свой уклад у яе разьвіцьцё, у тым ліку і эканамічнае, не атрымліваючы пры гэтым ад дзяржавы ўзамен нічога ці амаль нічога для падтрыманьня свайго нацыянальна-культурнага і моўнага разьвіцьця. Што да колькасьці палякаў, то тут варта ўзгадаць пра перапісы. Польскія і беларускія навукоўцы даказалі, што кожны чарговы перапіс насельніцтва ў БССР, пачынаючы з 1926 г., а пазьней і у Рэспубліцы Беларусі, быў адным з мэтанакіраваных элемэнтаў дэпалянізацыі краіны.

— Якім чынам?

— Апошні савецкі перапіс насельніцтва ў 1989 годзе паказаў, што ў БССР жылі 417 тысяч палякаў. А ўжо першы перапіс насельніцтва ў сувэрэннай Беларусі ў 1999 годзе зафікасваў зьмяншэньне іх лічэбнасьці больш чым на 20 тысяч. І гэта, заўважце, ва ўмовах, калі на хвалі «перабудовы» палякі атрымалі магчымасьць для свайго нацыянальнага адраджэньня. У школах тады пачалі выкладаць польскую мову: у 1996 у Горадні, у 1999 — у Ваўкавыску. Адкрываюцца школы з выкладаньнем на польскай мове, пабудаваныя на сродкі польскай дзяржавы. У 1992 годзе пачынае выдавацца штотыднёвая газэта на польскай мове «Głos znad Niemna» з накладам ад 8 да 12 тысяч. Ствараліся дзясяткі польскіх ансамбляў, у Горадні выходзілі раз у тыдзень перадачы на польскай мове ў тэлевізіі і радыё.

Па ўсёй краіне будаваліся дамы польскай культуры. Палякі кінуліся да актыўнай грамадзкай дзейнасьці, засьведчылі сваю польскасьць. У Саюзе палякаў тады было амаль 30 тысяч чалавек. Але пры ўсім гэтым перапіс насельніцтва паказвае зусім іншае. Чарговы перапіс 2009 году памяншае колькасьць палякаў у параўнаньні з 1999-м ужо больш чым на сто тысяч. Нас становіцца ўжо 295 тысяч.

— Гэта магло быць вынікам і іншых прычынаў. Старэйшыя, народжаныя да вайны, паміралі, а маладыя ўсьведамлялі сябе ўжо інакш.

— Я дапускаю, што існаваў працэс, калі людзі, народжаныя ў польскіх сем’ях, сьвядома падчас перапісу выбіралі іншую нацыянальнасьць, прылічаючы сябе да беларусаў ці расейцаў, але і ў гэтым выпадку такі працэс ня мог закрануць дзясяткі тысяч палякаў.

— Дзеля чаго ўладам зьмяншаць колькасьць палякаў, калі нават пры камуністах ніхто не аспрэчваў, што польская меншасьць існуе?

— Аўтарытарныя рэжымы заўсёды спрабуюць зьменшыць колькасьць этнічных меншасьцяў. Такім чынам яны хочуць унікнуць нацыянальна-культурных і моўных патрабаваньняў зь іхнага боку. Прасьцей сказаць: «У нас няма ніякіх палякаў», чым вырашаць іхныя законныя патрабаваньні нацыянальна-культурнага разьвіцьця. Таму чарговы перапіс вынікамі, без усялякага сумневу, будзе падобны на папярэднія. Дарэчы, вынікі папярэдняга перапісу не лічыла сапраўднымі і Таварыства беларускай мовы.

Зь іншага боку, калі прыняць за аксіёму, што апошні перапіс насельніцтва праўдзівы, то тады мы маем поўны правал нацыянальнай палітыкі што да польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. У дзяржаве, дзе нацыянальная меншасьць пачуваецца камфортна, яе колькасьць не зьмяншаецца тэмпамі, якія пагражаюць ейнаму зьнікненьню. Заўсёды хоць маленькі, але павінен быць прырост.

— Дык калі вынікі можна інтэрпрэтаваць у абодва бакі, якія цалкам сабе супярэчаць, ці можна той перапіс увогуле лічыць нечым важным?

— Вядома, перапіс насельніцтва для нас важны. Ён паказвае, дзе і колькі палякаў жыве ў Беларусі, гэта дапамагае польскім грамадзкім арганізацыям плянаваць працу зь імі, інтэграваць іх у польскую грамадзянскую супольнасьць. Беларусь у пэрспэктыве стане вольнай дэмакратычнай краінай, дзе будуць свабодныя выбары — прэзыдэнта, у парлямэнт, у мясцовае самакіраваньне. У такіх умовах палякі Беларусі будуць мець магчымасьці ўплываць на мясцовую і цэнтральную ўладу праз сваіх прадстаўнікоў, абраных у гэтыя органы. Гэта будзе ня горш, чым сёньня маюць палякі ў Літве, я ў гэта веру. Вось тады і будзе рэальна відаць, колькі ж насамрэч нас жыве ў Беларусі.

«Акцыю „Маладых Крэсаў“ трэба было праводзіць па ўсёй Беларусі»

— Нядаўна маладыя палякі Гарадзеншчыны з арганізацыі «Маладыя Крэсы»​ заклікалі палякаў запісвацца ў перапісе палякамі. Гэтая акцыя была неадназначна ўспрынятая ў Беларусі. Як вы да яе ставіцеся?

— Сама ініцыятыва мне падабаецца. Добра, што гэтым пытаньнем займаецца маладое пакаленьне палякаў. Падабаюцца іх маладыя абліччы. Яны, нічога не баючыся і не саромеючыся, рэклямуюць гэтую кампанію. Не падабаецца, што для рэалізацыі гэтага праекту выбрана толькі Горадзенская вобласьць. Акцыю трэба было праводзіць па ўсёй Беларусі. Няўдала, на мой погляд, абраная форма яе правядзеньня. Акцыю трэба праводзіць такім чынам, каб выклікаць падтрымку іншых нацыянальнасьцяў, а не наадварот — яе непрыняцьце. Акрамя таго, «жэст Казакевіча», які паказвае дзяўчына на плякаце, на мой погляд, не зусім дарэчны. Карыстаючыся нагодай, заклікаю беларускіх палякаў падчас перапісу запісвацца палякамі, а ў якасьці роднай мовы называць польскую.

— А што вы лічыце найбольшай пагрозай для беларускіх палякаў?

— Адсутнасьць жаданьня беларускіх уладаў выконваць імі ж прынятыя законы, датычныя правоў польскай нацыянальнай меншасьці. Сярод іх і ўзятыя на сябе абавязаньні іх разьвіваць, замацаваныя ў двухбаковым Дагаворы паміж Беларусьсю і Польшчай «Аб добрасуседзтве і дружалюбным супрацоўніцтве», падпісаным у Варшаве 23 чэрвеня 1992 году. На жаль, узятыя на сябе абавязаньні ствараць нічым не абмежаваныя магчымасьці для разьвіцьця нацыянальна-культурных патрэбаў беларускіх палякаў беларускі бок цалкам не выконвае.

«Мяне турбуе пераход актыўных палякаў у беларусы»

— І якая з гэтага вынікае найбольшая праблема для польскай меншасьці ў Беларусі?

— Мэтанакіраваная, нічым не абгрунтаваная, бяспраўная, з надуманых прычынаў дэзынтэграцыя Саюзу палякаў Беларусі ў 2005 годзе. У выніку праведзенай спэцыяльнай апэрацыі супраць СПБ, кіраванага Анджалікай Борыс, арганізацыі стварылі вельмі цяжкія ўмовы працы дзеля далейшага адраджэньня польскай мовы і культуры.

У беларускіх уладаў цалкам няма жаданьня разьвіваць польскамоўную адукацыю ў краіне, выкладаньне польскай мовы ў дзяржаўных школах.

Беларускія ўлады давялі да банкруцтва і закрыцьця забраную ў СПБ адзіную у краіне штотыднёвую польскамоўную газэту «Głos znad Niemna». З кабэльных антэнаў і сетак былі выведзеныя польскія тэлеканалы.

Ёсьць і яшчэ адна праблема, якая мяне асабіста турбуе. Добра адукаваныя і актыўныя ў палітычнай, грамадзкай, эканамічнай і рэлігійнай дзейнасьці асобы свядома пераходзяць з польскай нацыянальнасьці ў беларускую. Яны вельмі шмат робяць для разьвіцьця беларускай грамадзянскай супольнасьці, і гэта варта ўхваляць. Я лічу, што іхная праца была б больш высока ацэненая, калі б тое ж самае яны рабілі як прадстаўнікі беларускіх палякаў. Гэта мая асабістая думка, і я яе нікому не навязваю.

— Каго вы сёньня лічыце галоўным саюзьнікам палякаў у Беларусі ўнутры краіны?

— Пра саюзьнікаў трэба было б спытаць кіраўніцтва СПБ, бо гэтая арганізацыя ёсьць сапраўдным прадстаўніком інтарэсаў польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. З маіх асабістых назіраньняў — магу сказаць, што калі СПБ цярпеў у 2005 годзе ад дэзынтэграцыі з боку уладаў, то на дапамогу яму прыйшлі практычна ўсе беларускія дэмакратычныя грамадзкія арганізацыі і дзьве палітычныя партыі — БНФ і АГП.

— Ці ёсьць сёньня нейкія канфлікты або сур’ёзныя непаразуменьні паміж палякамі і беларусамі ў Беларусі?

— Мне нічога невядома пра канфлікты паміж палякамі і беларусамі. Прынамсі, я пра іх нічога ня чуў. Непаразуменьні могуць быць і, па ўсёй верагоднасьці, пэрыядычна здараюцца, і гэта нармальна. Ня могуць усе думаць і паступаць аднолькава.

«У тэрміне „Крэсы“ няма нейкага схаванага, злога намеру, скiраванага супраць Беларусі»

— Вельмі часта нэрвовую рэакцыю зь беларускага боку выклікае выкарыстаньне польскай меншасьцю тэрміну «Крэсы» у назьве заходняй Беларусі. Навошта гэта польскай меншасьці ў назвах ансамбляў і публічнай прасторы?

— Я думаю, што тут няма нейкага схаванага, злога намеру, скiраванага супраць Беларусі. Дапускаю, што пэўныя колы беларускай грамадзянскай супольнасьці гэта можа раздражняць. Таму я зьяўляюся прыхільнікам невыкарыстаньня ў нашай дзейнасьці тэрмінаў і паняцьцяў, якія кідалі б цень падазрэньняў на сумленнасьць і адкрытасьць нашай культурнай і адукацыйнай дзейнасьці і шукалі пры гэтым няіснае «іншае дно».

— Тым ня менш, гэты тэрмін існуе і раздражняе. Ці можна неяк пагадзіць польскі наратыў пра «Крэсы» і беларускі погляд на этнічныя землі Заходняй Беларусі?

— Пасьляваенныя межы ў Эўропе ўстаноўленыя рашэньнямі Ялцінскай і Потсдамскай канфэрэнцыяў. Ні кіраўніцтва Польшчы, ні кіраўніцтва Беларусі іх непарушнасьці не аспрэчваюць. Заўсёды ў кожным грамадзтве знойдуцца людзі і сілы, якія будуць выкарыстоўваць гэты наратыў у нейкіх сваіх прыватных інтарэсах.

— Як вы ставіцеся да выкарыстаньня мапаў міжваеннай Польшчы і БНР у грамадзкай прасторы абедзьвюх дзяржаваў?

— Спакойна, калі гэта тычыцца гістарычных падзеяў з нашай агульнай гісторыі.

— Што вы лічыце большай пагрозай для палякаў: русіфікацыю ці беларусізацыю?

— Сёньня ўжо позна казаць пра небясьпеку русыфікацыі ці беларусізацыі для палякаў. Татальная прымусовая русыфікацыя палякаў — гэта факт, які ўжо адбыўся. Больш за 200 гадоў палякі, якія жывуць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, (за выключэньнем кароткага гістарычнага 18-гадовага пэрыяду, калі Заходняя Беларусь была ў складзе II Рэчы Паспалітай) зазналі татальную прымусовую русыфікацыю. Гэта галоўная прычына таго, што многія з нас ня ведаюць сёньня роднай мовы, але, на шчасьце, не адмовіліся пры гэтым ад сваёй польскай нацыянальнасьці. Многія беларусы сёньня таксама зрусыфікаваныя і ў штодзённым жыцьці выкарыстоўваюць расейскую мову, але пры гэтым застаюцца беларусамі.

— Што можа зьмяніць гэтую сытуацыю?

— Выйсьце для зрусыфікаваных палякаў ва ўстанаўленьні ў Беларусі беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Гэта дазволіла б нацыянальным меншасьцям у беларускіх школах, замест часу адведзенага на вывучэньне расейскай мовы і літаратуры, вывучаць свае родныя мовы. Нацыянальнай меншасьцю ў Рэспубліцы Беларусі зьяўляюцца і расейцы, праўда, пастаўленыя ўладамі дзяржавы ў прывілеяванае становішча.

«Беларускі нацыяналізм зьнікне сам па сабе»

— Ці бачыце вы беларускі нацыяналізм і ці лічыце гэтую зьяву небясьпечнай для беларускіх палякаў?

— Калі ён і ёсьць, то я разумею яго прычыны. Ён зьнікне сам па сабе, калі Беларусь стане беларускай. Калі ж беларускі нацыяналізм нясе пагрозу існаваньня ў дзяржаве іншым нацыянальнасьцям, то гэта ўжо небясьпечная зьява. Я ведаю сёньня ў Беларусі людзей, погляды і перакананьні якіх мне не падабаюцца, і яны нясуць пэўную небясьпеку для грамадзянскай супольнасьці, але, на шчасьце, менавіта таму яны ніколі не прыйдуць да ўлады. Прывяду толькі адзін прыклад, не называючы прозьвішча гэтага беларускага нацыяналіста. Ён нядаўна публічна на старонцы адной з сацыяльных сетак заявіў: «Калі мы прыйдзем да ўлады, то ў Горадні палякам учынім другую Валынь». Думаю, камэнтары тут залішнія.

— А што ёсьць гарантыяй добрых адносінаў паміж палякамі і беларусамі ў Беларусі?

— Узаемапаразуменьне і ўзаемная падтрымка. Моцная, добра арганізаваная польская меншасьць у Беларусі павінна быць у інтарэсах беларускай дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці, бо яна зьяўляецца саюзьнікам у барацьбе за эўрапейскую Беларусь зь яе эўрапейскімі каштоўнасьцямі. Скончыць свае развагі на тэму беларускіх палякаў я хацеў бы выказваннем вядомага беларускага гісторыка прафэсара Аляксандра Смаленчука: «Трэба ўлічваць, што беларускія палякі — гэтя людзі мясцовага паходжаньня. Для іх Польшча заўсёды, скажам так, была ідэалягічнай Радзімай, а рэальнай Радзімай заўсёды была беларуская зямля».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG