Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш, чым украінцаў: у Польшчы расказалі, колькі беларусаў з пачатку году запыталі статус уцекача


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў у Варшаве, 2021 год
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў у Варшаве, 2021 год

Больш за 5,1 тысячы замежнікаў падалі заявы аб наданьні статусу ўцекача ў Польшчы з пачатку 2022 году. Нягледзячы на вайну ва Ўкраіне, найбольш заяваў падалі беларусы, паведамляе Prawo.pl.

Паводле зьвестак Упраўленьня па справах уцекачоў, заявы аб наданьні статусу ўцекача ў Польшчы за першыя шэсьць месяцаў 2022 году падалі 1,5 тысячы беларусаў і ўсяго 1,2 тысячы ўкраінцаў. Пры гэтым у ведамстве адзначылі, што больш за 1,2 млн украінцаў атрымалі часовую абарону.

З пачатку 2022 году статус уцекача ў Польшчы далі 2,3 тысячам іншаземцаў. Пераважную большасьць зь іх склалі беларусы (2,1 тысячы чалавек), а таксама грамадзяне Афганістану (50 чалавек) і Ўкраіны (40 чалавек).

800 замежнікаў атрымалі адмову ў наданьні статусу ўцекача, у тым ліку грамадзяне Расеі (330 чалавек), Іраку (280 чалавек), Таджыкістану (50 чалавек). Вытворчасьці па справах 2,4 тысячы чалавек былі спыненыя.

Мяркуючы па ўсім, у 2022 годзе беларусы паставяць новы рэкорд па запыце міжнароднай абароны ў Польшчы. Для параўнаньня, за ўвесь 2021 год 2,3 тысячы беларусаў падалі заяву аб наданьні статусу ўцекача, у 2020-м — усяго 385 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG