Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля затрыманьня прадстаўніцы ЭЗ у Менску эўрадэпутаты заклікалі скараціць колькасьць беларускіх дыпляматаў у Эўразьвязе


Часовая павераная ў справах ЭЗ у Беларусі Эвэліна Шульц
Часовая павераная ў справах ЭЗ у Беларусі Эвэліна Шульц

Старшыня Дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю, дэпутат Эўрапарлямэнту Юозас Олекас і сталы дакладчык Эўрапарлямэнту аб Беларусі Пятрас Аўштравічус выступілі з заявай, у якой заклікалі «імкліва скараціць колькасьць беларускіх дыпляматаў, акрэдытаваных у Бруселі і іншых эўрапейскіх сталіцах», а таксама перагледзець сваю дыпляматычную прысутнасьць у Беларусі.

Гэтую заяву яны зрабілі ў сувязі з затрыманьнем 6 верасьня ў Менску часовай паверанай у справах ЭЗ у Беларусі Эвэліны Шульц.

«Гэтая абуральная правакацыя — прамы фізычны напад на акрэдытаванага дыплямата — яшчэ адно сьведчаньне таго, што рэжым Лукашэнкі не спыняецца ні перад чым на сваім дэструктыўным шляху, нават калі гэта азначае паставіць пад пагрозу тое, што засталося ад дыпляматычных адносінаў з суседзямі», — гаворыцца ў заяве.

Эўрадэпутаты падкрэсьлілі, што затрыманьне эўрапейскага дыплямата — гэта парушэньне міжнародных дамоваў, ратыфікаваных Беларусьсю, у першую чаргу — Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах.

Таксама Юозас Олекас і Пятрас Аўштравічус зноў зьвярнуліся да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязьняў, зьняць зь іх усе абвінавачаньні і пачаць сапраўдны, інклюзыўны дыялёг з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю.

Часовую павераную ў справах Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі Эвэліну Шульц затрымалі пасьля заканчэньня суду ў «справе анархістаў» і праваабаронцы Марфы Рабковай і даставілі ва УУС Фрунзэнскага раёну Менску. Яе ўтрымлівалі там каля дзьвюх гадзін.

Шульц паведаміла журналістам, што яна неаднаразова давала зразумець праваахоўнікам, што мае дыпляматычную недатыкальнасьць, прад’явіла як дыпляматычную карту, так і дыпляматычны пашпарт. Нягледзячы на гэта, супрацоўнік міліцыі папрасіў яе праз прадстаўніка МЗС (які перакладаў) прыняць афіцыйны «пратакол» і падпісаць яго. Па словах Шульц, падчас чытаньня пратакола яе здымалі на відэакамэру.

Пасьля інцыдэнту Эвэліну Шульц таксама выклікалі ў МЗС Беларусі і папярэдзілі «аб наступствах правакацый».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG