Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніцтва ЭЗ папрасіла ўлады Беларусі вырашыць праблему перасьледу дыпляматаў «сумнавядомымі прадстаўнікамі» дзяржаўных СМІ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ініцыятары звароту лічаць, што адзіная мэта супрацоўнікаў беларускіх дзяржСМІ — перашкода нармальнай дыпляматычнай працы.

Прадстаўніцтва ЭЗ зьвярнулася да беларускіх уладаў з просьбай вырашыць праблему «наўмысных і сыстэматычных перасьледаў менскай дыпляматычнай супольнасьці» з боку некаторых «сумнавядомых прадстаўнікоў» праўладных СМІ, паведамляе телеграм-канал «Позірк».

Раней праўладныя карэспандэнты неаднаразова задавалі пытаньні дыпляматам падчас судоў і іншых мерапрыемстваў у правакацыйнай форме.

Чарговы інцыдэнт здарыўся 6 верасьня ў Менскім гарадзкім судзе перад абвяшчэньнем прысуду ў справе валянтэраў праваабарончага цэнтру «Вясна» і анархістаў.

Пасьля заканчэньня судовага паседжаньня пачаліся затрыманьні. Паведамлялася, што сілавікі адвезьлі ва УУС Фрунзэнскага раёну Менску 13 чалавек, сярод іх была і павераная ў справах Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі Эвэліна Шульц.

Яе ўтрымлівалі ў пастарунку каля дзьвюх гадзін, паведаміла BPN крыніца ў дыпляматычных колах ЭЗ. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў адзін з эўрапейскіх дыпляматаў, які працуе ў Менску.

Пазьней Эвэліна Шульц расказала падрабязнасьці свайго затрыманьня.

«6 верасьня каля 15:35 мяне гвалтам затрымалі на выхадзе з будынка Менскага гарадзкога суду пасьля размовы ў фае з грамадзянамі, якія прысутнічалі на публічным абвяшчэньні прысуду ў закрытым судовым пасяджэньні, на якім дзесяць палітвязьняў асудзілі агулам да 94 гадоў зьняволеньня», — цытуе дыпляматку телеграм-канал «Позірк».

Па словах Шульц, яна неаднаразова давала зразумець, што мае дыпляматычную недатыкальнасьць, паказала як дыпляматычную карту, так і дыпляматычны пашпарт.

«У канцы майго затрыманьня каля 17:30, калі прыбыў прадстаўнік дзяржпратаколу МЗС, супрацоўнік міліцыі папрасіў мяне праз прадстаўніка МЗС (які перакладаў) прыняць афіцыйны «пратакол» (абвінаваўчае заключэньне) і падпісаць яго, — працягнула Шульц. — На працягу ўсёй гэтай «размовы» я настойвала на захаваньні майго дыпляматычнага імунітэту і на прысутнасьці прадстаўніка дэлегацыі ЭЗ і/ці консулаў Польшчы ці Нямеччыны».

Па словах дыпляматкі, падчас чытаньня пратаколу яе здымалі на відэакамэру.

7 верасьня ў сувязі з гэтым інцыдэнтам Эўрапейская служба замежных дзеяньняў выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі, паведамляў партал «Зеркало».

У прадстаўніцтве ЭЗ у Беларусі назвалі затрыманьне дыпляматкі «недапушчальным і абуральным парушэньнем дыпляматычнага статусу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG