Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сказалі, што цяпер мы міратворцы, і паабяцалі 17 баксаў у дзень». Аповед расейскага салдата, які вярнуўся з украінскага палону


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

23-гадовы Андрэй К. трапіў у палон да ўкраінскіх вайскоўцаў на трэці дзень вайны, 26 лютага. Ён быў паранены ў нагу ў Чарнігаўскай вобласьці, яго выхадзілі ўкраінскія лекары. У канцы красавіка Андрэя К. абмянялі як ваеннапалоннага. Вярнуўшыся ў Расею, ён сустрэўся з карэспандэнтам Север.Реалии і распавёў, як трапіў на вайну, што зь ім было ў палоне і чаму пасьля ўсяго гэтага ён пакуль ня можа звольніцца з войска (па гэтай прычыне «Север.Реалии» не ўказваюць яго сапраўдныя імя і прозьвішча). Публікуем гэта інтэрвію.

Андрэй шыракаплечы і на выгляд цалкам здаровы. Толькі зьлёгку накульгвае: на днях ён паедзе ў самарскую лякарню, каб нарэшце прыбраць з нагі сьпіцу, якую яму паставілі ўкраінскія мэдыкі. Кажа, што мог бы і не застацца хадзячым, ды і ўвогуле выжыў дзякуючы чалавечнасьці «ворага». Цяпер у Расеі за ўдзел у баявых дзеяньнях і раненьне яму належаць ільготы і кампэнсацыя ў тры мільёны рублёў.

Летам 2021 году ён скончыў унівэрсытэт па спэцыяльнасьці «вэтэрынар». У ВНУ ў яго было актыўнае студэнцкае жыцьцё: конкурсы талентаў, розныя выступы, творчыя сэкцыі. Атрымаў дыплём і потым працаваў на фэрме з каровамі. У войска Андрэй патрапіў выпадкова: увосень 2021 году ён адправіўся ў ваенкамат, каб пасьля вучобы зноў устаць на ўлік па месцы прапіскі.

— У ваенкамаце я праходзіў па калідоры, а насустрач ішоў мужык у цывільным. Ён узяў у мяне пашпарт і спытаў, куды я іду. Я сапраўды адказаў, што сабраўся ўстаць на вайсковы ўлік, назваў кабінэт. Жанчына там мне толькі паперкі павінна была аформіць, а ў выніку ён туды разам са мной зайшоў і сказаў: «Гэтаму хлопцу дзьве позвы». Потым выявілася, што ён займаецца наборам на тэрміновую службу, а ў войску жорсткі недабор, — распавядае Андрэй. — Дзявацца мне не было куды, карацей. Я разумеў, што не хачу на тэрміновую службу, губляць год і служыць зь дзецьмі, у якіх у 18 гадоў яшчэ нічога ў галаве няма, — я выдатна памятаю сябе ў гэтым узросьце. У выніку прашарсьціў інтэрнэт і зразумеў, што можна абраць два гады па кантракце замест тэрміновай службы.

Спачатку Андрэя разьмеркавалі ў пяхоту, але калі ён прыйшоў падпісваць кантракт, даведаліся пра яго вышэйшую адукацыю і адправілі да камандзіра мінамётнай батарэі.

— Мы падняліся да камандзіра, а той пытаецца: «Кампутарам валодаеш?» Я адказваю: «Ну так». Так я стаў «хакерам» — гэта такі пазаштатны пісар батарэі. Сядзець у «вордзе» ці «эксэлі» — чым ня служба вось? Асабліва ўзімку, калі ўсе кудысьці езьдзяць, а я магу піць гарбату, каву і «балдзець» у цёплым памяшканьні, ня парыцца.

Кантрактная служба пачалася напрыканцы 2021 году. І ўжо ў сьнежні, паводле яго, сярод вайскоўцаў хадзілі чуткі, што іх рыхтуюць да камандзіроўкі.

— Мы свае рэчы зьбіралі. Я ўсё гэтак жа сядзеў за паперамі, пакуль у астатніх праходзілі РТВ (ротна-тактычныя вучэнні — рэд.): хлопцы выяжджалі на палігон, трэніраваліся. Але гэта было хутчэй для галачкі, — лічыць ён.

У абяцаную камандзіроўку, якую называлі «вучэньнямі», брыгада з Самарскай вобласьці адправілася ў пачатку лютага 2022 году. Эшалёны некалькі тыдняў стаялі пад Бранскам, за 200 км ад украінскай мяжы. Увесь гэты час яны «выходзілі кудысьці зь мінамётам і здавалі нарматывы», гаворыць Андрэй. Сам ён лічыў усе трэніроўкі звычайнай паказухай, таму што праводзілі іх толькі перад візытамі якога-небудзь камандуючага войскам ці вайсковай акругай.

Тэлефоны ва ўсіх павінны былі забраць яшчэ па дарозе ў Бранскую вобласьць. На справе ажно да 21 лютага — менавіта ў гэты дзень увечары Ўладзімір Пуцін прызнаў незалежнасьць так званых «ЛНР» і «ДНР» — камандзіры «патуралі» салдатам і яны маглі стэлефаноўвацца зь сябрамі і роднымі.

Андрэй тэлефанаваў бацькам за шэсьць дзён да вайны, 18 лютага. Адказала мама, уся ў сьлязах. Аказалася, памерла бабуля. Ён паспрабаваў адпрасіцца ў камандзіра на пахаваньне, хаця б на адзін дзень, зьлятаць самалётам туды і назад. Але яму адмовілі.

— У той вечар, 18 лютага, я выйшаў з намёту, сеў побач зь ім, закурыў, а сьлёзы ручаём пацяклі, — успамінае ён.

Толькі праз тыдзень Андрэй зразумеў, чаму атрымаў адмову.

З лягера ў Бранскай вобласьці яны зьехалі 21 лютага.

— Толькі тады ў нас пачалася нейкая сур’ёзная падрыхтоўка: мы спалі па тры-чатыры гадзіны, міны рыхтавалі, чысьцілі тэхніку, патроны атрымлівалі. 23-га камандзір павіншаваў нас са сьвятам, і адразу ж раздалася каманда «па машынах». Нам павязалі тканіну на вочы, каб мы нічога ня бачылі. Вядома, я пытаўся ў старэйшага сяржанта, куды нас вязуць. Той, відаць, ведаў, але не хацеў палохаць. Ён казаў, што едзем у «ЛНР» і «ДНР», маўляў, гэта цяпер частка Расеі. Я не выключаў «сапсаванага тэлефона». Нам сказалі, што цяпер мы міратворцы, і паабяцалі плаціць 17 баксаў у дзень, — успамінае ён. — Мы заехалі ў Сумскую вобласьць як на парадзе — ніводнага стрэлу. Пэрыядычна спыняліся перад населенымі пунктамі. Выведка залятала, глядзела, ці ёсьць пазыцыі.

У палон ён патрапіў у Чарнігаўскай вобласьці пад Нежынам.

— Мы ехалі калёнай, падʼяжджалі да горада, там быў мост, першая машына заўважыла рух і адкрыла агонь. Мы разьвярнуліся і пайшлі ў суседні пасёлак, таму што ў міратворчай брыгадзе не павінна быць зброі больш за соты калібар, гэта значыць нашы мінамёты былі максымум 82-га. Цяжкага ўзбраеньня няма, а БТР з РПГ раскалупаць — як няма чаго рабіць. Мы заціхарыліся, а на наступны дзень зноў паехалі да Нежына. Я тады яшчэ ў сяржанта пацікавіўся, куды мы едзем. Ён мне сказаў: «Нібыта на перамовы». Пасьля высьветлілася, што падпалкоўнік, які з намі быў, страціў рацыю, а мы паехалі за ёй. Што дзіўна — рацыю яму аддавалі ўкраінцы, — працягвае Андрэй. — Калі мы прыбылі на тое ж месца, я адразу аўтамат зарадзіў і на засьцерагальнік паставіў — адчуваў: нешта адбудзецца. І сапраўды — нас зноў пачалі абстрэльваць. Я сеў бліжэй да кабіны, дзе тэнт зачынены, і ўбачыў, як ён пачаў у друшляк ператварацца. А суперніка я ня бачыў. Пасьля загарэлася скрыня зь мінамі, старшы сяржант папярэдзіў пра гэта, я за ім у кабіну палез. І ўпаў. Пасьля ўсё як у тумане, нічога ня памятаю.

Наступны ўспамін: стаіць на дарозе, правяраючы, цэлы ці не.

— На мне быў толькі рамень ад аўтамата, а сам аўтамат ляжаў убаку. Я пайшоў за ім і зразумеў, што не магу ступіць на нагу. Адзеньне цэлае, толькі калашына намакаць ад крыві пачынала. Да майго «калаша» падбег ВСУшнік, накіраваў на мяне аўтамат і сказаў: «Хочаш жыць — паўзі». Я ня памятаю, як я поўз, але памятаю, як мяне ўзялі за браню, закінулі ў пікап, забралі дакумэнты. Потым я прытомнасьць страціў.

Прачнуўся ад болю ў нейкім склепе. Спалохаўся, пачаў крычаць, каб мне ня рэзалі нагу, захавалі яе. У цемры я разгледзеў, што гэта былі дзьве мэдсястры і адна жанчына ў цывільным. Яны мне сказалі, што ўсё нармальна, мне проста павязку накладалі. Пасьля яны папрасілі мой нумар, каб бацькам патэлефанаваць і сказаць, што я жывы. Трубку ўзяла маці, ёй перадалі, што я жывы, далі мне пагаварыць. Я стараўся спакойна сябе паводзіць, хоць стан вельмі храновы быў, ледзь гаварыў. Сказаў, што мне першую дапамогу надаюць.

Потым я некалькі дзён адключаўся і прачынаўся, толькі калі мяне абуджалі, каб абязбольвальнае даць або спытаць, ці хачу я есьці. Але мне хацелася толькі піць, ад таблетак сушыла. Празь нейкі час я ачуняў. Прыйшла лекарка і сказала, што камандзір даў дабро і мяне адвязуць у лякарню. Мне далі тэлефон з надпісам «баец са старой дарогі» — гэта, відаць, тое месца, дзе нас двойчы абстралялі. Тэлефанаваў наш маёр, пераканаўся, што я жывы. Потым высьветлілася, што мяне хацелі абмяняць. Мяне аднаго на двух афіцэраў і кантрактніка. Але нейкі з бакоў адмовіўся ці перадумаў.

Потым прывезьлі мяне ў лякарню. Трэцяга сакавіка мяне там агледзелі цалкам, аказалася, што ў мяне яшчэ і вывіх пляча быў.

— Украінцы добра ставяцца да ваеннапалонных?

— У бальніцы — так.

— А дзе не?

— У КПЗ (камэра папярэдняга зьняволеньня — рэд.). Гэта, мусіць, быў самы горшы час. У камэрах было вельмі холадна. Коўдру з матрацам у мяне забралі, пакінулі толькі падушку, а самі нары — жалезныя. Але я ўсё роўна спаў увесь час, таму што хацелася есьці. Кармілі адзін раз на дзень, толькі кашу давалі. Я ў выніку на пнэўманію захварэў. Бальніца ў параўнаньні з КПЗ — гэта проста санаторый.

11 сакавіка мяне прывезьлі ў Чарнігаў у цывільнай машыне, у кайданках і зь мяшком на галаве. На наступны дзень адправілі ў Кіеў на допыт. Пыталіся, як патрапіў ва Ўкраіну, якая ў мяне пасада. Падобна, гэта трэба было для карткі ваеннапалоннага. У Кіеве я прабыў да 18-га чысла. Потым мяне забралі ў СІЗА.

Наогул у Кіеве тры СІЗА для палонных: «Кіеўскае», «Спартзаля» і «СБУ». У «Спартзалі» самае жорсткае абыходжаньне — там зьбівалі, а «Кіеўскае» было «паказальным»: для рэпартэраў, Чырвонага Крыжа і гэтак далей. Мне расказвалі, што ў «Спартзалі» палонныя заўсёды ляжалі з шапкай на вачах і атрымлівалі дубінкай перад кожным допытам (незалежнага пацьвярджэньня гэтаму сьцьвярджэньню няма — рэд.). Кармілі дзьвюма лыжкамі кашы ў дзень. Я бачыў хлопца са «Спартзалі», паводле яго, ён кіляграмаў 30-40 скінуў за два месяцы. (Украіна і Расея ўзаемна абвінавачваюць адзін аднаго ў катаваньнях ваеннапалонных. Арганізацыя Human Rights Watch у адным са сваіх дакладаў зафіксавала два выпадкі сьмерці ўкраінскіх вайскоўцаў, якія зазналі катаваньні. У канцы ліпеня зьявілася відэа, на якім двое мужчын у камуфляжы трымаюць на зямлі трэцяга, ва ўкраінскай форме. Адзін зь іх катуе ўкраінскага палоннага, у тым ліку спакладае яго канцылярскім нажом, а потым яго забіваюць стрэлам у галаву — рэд.). А ў нас нават тэлевізар стаяў.

Некаторых зьбівалі перад допытамі. Каму як пашанцуе. Мне вось пашанцавала, мяне не чапалі, што дзіўна. Зрэшты, я ніводнага патрона не патраціў, ды і ўзялі мяне ў самым пачатку. Можа, праз гэта.

— Як табе ўдалося вярнуцца з палону?

— Па абмене палоннымі. У СІЗА з нашай камэры, дзе сядзела 13 чалавек, толькі мяне аднаго забралі і павезьлі ў Запарожжа. Там СБУшнікі пасадзілі 50 чалавек, уключаючы мяне, у аўтобус, далі мяшкі сьмецьцевыя, напаўпразрыстыя, сказалі: «Апранайце на галаву так, каб зручна было дыхаць». 19 красавіка нас абмянялі.

Расейскі бок павез нас у Севастопаль. Даехалі мы пад радасныя крыкі ў кузаве. Нас адразу ж адправілі на аэрадром, потым на пасажырскім ваенным борце ў Маскву, далей — у Падольск, потым — у шпіталь у Екацярынбургу. 17 траўня я ўжо ў Самары быў, адразу ж узяў водпуск і зьехаў да сваякоў у Тальяці.

— На якія допыты цябе вадзілі пасьля вяртаньня ў Расею?

— Нас дапытвалі вайсковая пракуратура, вайсковая паліцыя, вауйскова-сьледчы аддзел. Палонныя, якія вярнуліся, з усімі структурамі маюць зносіны ў Маскве. Вайсковая паліцыя супрацоўнічае з Чырвоным Крыжом, таму яна больш па сутнасьці пыталася: як кармілі, у якіх умовах трымалі. У вайскова-сьледчага аддзела пытаньні пра прымяненьне зброі, наймітаў. А ФСБ пыталася і тое, і другое — увогуле, пра ўсё запар. Правярала, ці падпісвалі мы нейкія паперы, таму што тых, хто сядзеў у «Спартзалі», прымушалі падпісваць дамову аб супрацоўніцтве з СБУ. А я толькі пратаколы падпісваў па абвінавачаньні па частцы 2 артыкула 110 КК Украіны («Замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны» — рэд.). Гэта звычайны артыкул, пасьля якога цябе прызнаюць ваеннапалонным. Пакуль у цябе няма статусу ваеннапалоннага, з табой могуць рабіць усё, што заўгодна. А пасьля таго як прызналі, ужо працуе канвэнцыя аб ваеннапалонных.

— Ці разьлічваў ты вярнуцца з палону?

— Натуральна. Пэсымістычных настрояў і думак, што я не жыхар, не было. Толькі што да статуту ваеннапалоннага, калі ўкраінцы казалі, што мне могуць даць па артыкуле ад 7 да 10 гадоў. Я тады прыкінуў і вырашыў, што ў 33 гады выйсьці — гэта яшчэ нармальна. Ды і рабілі б яны мне апэрацыю, калі б хацелі забіць?!

У пачатку сакавіка на канале Нежынскай гарадзкой акругі Ўкраіны выйшаў сюжэт, адным з герояў якога быў палонны Андрэй. У гэтым сюжэце і ён, і іншыя расейскія вайскоўцы прызнаюць, што Пуцін выкарыстаў іх як гарматнае мяса. «Нас выкарыстоўвалі, не казалі праўду, не казалі канчатковыя мэты, якія нас чакаюць, што мы павінны былі рабіць. Я не хачу гэтай вайны. Я нікога не забіваў. Ды і ня трэба ваяваць наогул, ня трэба ісьці ва Ўкраіну ваяваць», — сказаў Андрэй у гэтым кароткім інтэрвію.

— Гэта ўсё праўда, таму што я толькі 26-га чысла ўбачыў, што мы ў Чарнігаўскай вобласьці. Мы ехалі ў кузаве і ня ведалі, дзе знаходзімся. Асабіста ў мяне не было інфармацыі. Можа, хтосьці з вайскоўцаў званьнем вышэй ведаў, але сапраўды не звычайныя салдаты, — тлумачыць ён Север.Реалии. — Што тычыцца мэтаў гэтай «спэцапэрацыі» — мы ж ня бачылі гэтага звароту. Я ніколі ня лез у палітыку, ведаў пра 2014 год і Данбас, але ў падрабязнасьці не ўдаваўся, бо гэта проста па-за маімі інтарэсамі. Я заўсёды лічыў сябе апалітычным.

— Як ты лічыш, гэтая вайна патрэбная Расеі?

— У любым канфлікце гінуць людзі, што з аднаго, што з другога боку. Я ніколі не задумваўся і ня ведаю, ці патрэбна гэта глябальна. Мяркую, гэта трэба камусьці канкрэтна. Мусіць, людзям з Луганска і Данецка. Паводле менскіх пагадненьняў ня ўся тэхніка была адведзеная, а мірныя жыхары знаходзіліся ў пастаянным страху: сёньня ціха, а заўтра зноў нешта пачнецца.

Андрэй кажа, што ня ведае думкі астатніх украінцаў, паколькі ён размаўляў толькі з мэдыцынскім пэрсаналам.

— Мне там байкі расказвалі — маўляў, у нас за пяць кіло цукру цукру бабку ў падʼезьдзе забілі. Калі я быў у СІЗА, тэлевізар паказваў толькі тры каналы. І ўсе яны паказвалі адно і тое ж. Толькі навіны. У нейкі момант дах пачаў ехаць. Гімн звычайна па тры разы граў, бывала, што і гадзіна ідзе. Калі надакучыла, то мы свой пачыналі сьпяваць. У вольны час мы падбадзёрвалі адзін аднаго, чыталі кнігі, якія нам давалі: Лабкоўскага, «Ні Сы», «Памятаць аб хворым» Ліхтэнштэйна, дэтэктывы Чэйза.

— Ці плянуеш ты служыць далей ці будзеш разрываць кантракт?

— Я не змагу яго разарваць. Я ж кантракт абраў замест тэрміновай службы. Калі разарву, то давядзецца тэрміновую даслужыць. У маім выпадку адзін дзень «тэрміноўкі» роўны двум кантрактным. Калі я разарву кантракт, мне трэба будзе яшчэ амаль восем месяцаў адслужыць. А зараз я падчас службы проста здароўе папраўляю.

Плюс цяпер з нашай часткі ў загадным парадку быццам ва Ўкраіну не адпраўляюць. Нядаўна ў мяне афіцэр пытаўся, ці разьбіраюся я ў кампутарах. Яму патрэбны чалавек, які будзе займацца паперамі для параненых. Калі мяне возьмуць, дык гэта было б крута. Пасьля таго як мне сьпіцу выцягнуць, я на тры тыдні скручуся ў санаторый, а там відаць будзе.

— Чым ты плянуеш займацца пасьля таго, як скончыцца кантракт?

— У мяне шмат хто пытаецца, але я пакуль ня ведаю. Раней я працаваў з каровамі. На фэрму да іх я ўжо не вярнуся, бо там увесь час трэба быць на нагах, ды і можа ад якой-небудзь шалёнай капытом прыляцець, зноў у бальніцу давядзецца вяртацца. А ад працы ў клініцы я не атрымліваю задавальненьня, значыць, зараз ісьці вэтэрынарам няма сэнсу. Можа, у асьпірантуру пайду. Тым больш у мяне будуць ільготы як ва ўдзельніка баявых дзеяньняў, яшчэ чакаю дакумэнты на статус вэтэрана.

— Ці ведаеш ты, як расейскія вайскоўцы звычайна ставяцца да ўкраінскіх ваеннапалонных?

— Калі нас мянялі, з 50 чалавек толькі дзясятак быў у расейскай форме ваеннай. Астатнія — хто ў чым. Нямытыя, нястрыжаныя. Насустрач нам ішлі ўкраінскія — усе былі чыстыя, паголеныя. Зразумелая справа, што гэта маглі зрабіць паказушна, але чаму тады з намі гэтай паказухі не было?

— Як ты прывыкаў да мірнага жыцьця?

— Калі я ляжаў у Падольску, мне часта здавалася, што чую сырэну, як пры паветранай трывозе. У пальцах калола. Мне лекары казалі, што гэта нэрвовае. Мы з адным хлопцам там ад бессані пакутавалі. Бахнулі заспакаяльнага ў тры разы больш за норму, так-сяк нас вырубіла.

Яшчэ памятаю, што на 9 траўня было горача ў хаце, я адкрыў фортачку і пачуў салют — тады мне таксама не па сабе стала, «маторчык» забіўся. Нават калі зачыніў вакно, усё роўна ў галаве праносіліся карцінкі зь лякарні, таму што ў тыя дні я чуў, як наш самалёт бамбаваў горад.

— Як чалавек, які пабыў на фронце, ты можаш сказаць нешта пра вайскоўцаў Украіны і Расеі? Ты ж напэўна ў курсе, што цяпер з абодвух бакоў дэманізуецца выява байца суперніка.

— Да мяне добра ставіліся, з прамой агрэсіяй ад украінцаў я не сутыкаўся.

Арыгінал артыкула на сайце «Север.Реалии».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG