Кіраўнік зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Жузэп Бурэль заявіў, што члены ЭЗ дамовіліся аб прыпыненьні дзеяньня пагадненьня аб візах для грамадзян Расеі, якое спрашчае атрыманьне расейцамі турыстычных віз.
Гэтая мера прынятая ў якасьці санкцыі за несправакаванае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.
Рашэньне, абвешчанае Бурэлем, не адпавядае поўнай забароне на выдачу віз, якога дамагаліся некаторыя краіны 31 жніўня, на другі дзень сустрэчы міністраў замежных спраў ЭЗ у сталіцы Чэхіі.
У канцы лютага дзеяньне візавай дамовы 2007 году, якая палягчае ўезд у ЭЗ для расейцаў, было часткова прыпыненае. Але тое рашэньне не закранула так званых «простых расейцаў», дазволіўшы ім працягваць карыстацца перавагамі спрошчанага візавага рэжыму з Эўразьвязам, такімі як скарачэньне часу чаканьня і выдаткаў, а таксама неабходнасьць прадстаўленьня меншай колькасьці дакумэнтаў пры падачы заявы.
Краіны Балтыі, Польшча і Фінляндыя ўзначалілі рух за больш строгія забароны на выдачу віз расейскім турыстам. Паколькі ЭЗ забараняе паветраныя зносіны на рэйсах з Расеі, большасьць падарожнікаў выкарыстоўваюць свае сухапутныя межы для паездак у іншыя краіны Эўразьвязу, дзе правілы не такія строгія. Пасьля атрыманьня візы ў краіну ЭЗ уладальнік дакумэнта можа свабодна падарожнічаць па Шэнгенскай зоне Эўразьвязу.
Нямеччына і Францыя ўзначалілі іншы бок у дыскусіі, заявіўшы, што абмежаваньне віз для расейцаў было б контрпрадуктыўным, паколькі Эўразьвяз спрабуе змагацца за «сэрцы і розумы» тых расейцаў, якія не падтрымліваюць агрэсію Масквы супраць Украіны.
Кіеў заклікаў блёк забараніць выдачу віз усім расейцам, акрамя палітычных дысыдэнтаў. Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў у інтэрвію Азаттыку 30 жніўня, што «называць гэтую вайну праблемай Пуціна», а не праблемай расейскага грамадзтва, якое ў асноўным падтрымлівае свайго прэзыдэнта, — гэта самападман".
Усе 27 членаў ЭЗ павінны былі пагадзіцца на любую прынятую меру, якая абмяжоўвае выдачу віз.